Суббота, 16 мая 2026

Актуальнае інтэрв’ю: у якіх санаторыях Беларусі могуць бясплатна падлячыцца і аздаравіцца дзеці-інваліды

378

Сёлета, як і раней, аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі ва ўзросце да 18 гадоў праводзіцца згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №542 ад 28 жніўня 2006 г. Дадзенае права рэалізуецца ў санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацыях краіны па пераліку, які зацвярджаецца Урадам.

Інфармацыяй пра тое, у якіх здраўніцах і на якіх умовах могуць праходзіць бясплатнае лячэнне і аздараўленне дзеці-інваліды, падзялілася вядучы спецыяліст прадстаўніцтва Брэсцкага абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Пружанскага раёна Ірына Несцярчук.

— Ірына Піліпаўна, выдача пуцёвак на санаторна-курортнае лячэнне за кошт сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання і рэспубліканскага бюджэту — гэта чыя зона адказнасці?

— Арганізацыя санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення насельніцтва забяспечваецца Рэспубліканскім цэнтрам па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва і яго структурнымі падраздзяленнямі (прадстаўніцтвамі абласных упраўленняў па аздараўленні) ва ўзаемадзеянні з рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, іншымі арганізацыямі.

Пуцёўкі для грамадзян на санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне набываюцца нашым цэнтрам на тэндарнай аснове.

— На бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне ці аздараўленне найперш могуць прэтэндаваць дзеці-інваліды…

— Так, дзеці з абмежаванымі магчымасцямі ва ўзросце да 18 гадоў маюць першачарговае права на атрыманне пуцёўкі, што прадугледжана п. 6 Указа №542 «Аб санаторна-курортным лячэнні і аздараўленні насельніцтва».

Асобы, якія суправаджаюць дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў у санаторна-курортныя ці аздараўленчыя арганізацыі, забяспечваюцца пуцёўкамі на санаторна-курортнае лячэнне ці аздараўленне бясплатна (без лячэння) пры ўмове, што неабходнасць у такім суправаджэнні пацвярджаецца заключэннем урачэбна-кансультатыўнай камісіі. Такое заключэнне выдаецца дзяржаўнымі арганізацыямі аховы здароўя.

— Пуцёўкі ў якія здраўніцы прапануе цэнтр?

— У ліку санаторыяў, у якіх ёсць дзіцячыя аддзяленні з лячэннем без суправаджэння дарослым, — «Акадэмія здароўя» (г.п. Радашковічы, Мінская вобласць), дзе можна падлячыць хваробы органаў зроку, органаў дыхання, апорна-рухальнага апарату, а таксама санаторый «Случ» (в.Кірава, Мінская вобласць), куды накіроўваюцца дзеці з хваробамі сардэчна-сасудзістай сістэмы, органаў стрававання, органаў дыхання, апорна-рухальнага апарату.

У асобным спісе санаторыі, у якіх ёсць аддзяленне дарослага і дзіцяці і лячэнне праводзіцца ў суправаджэнні.

У Брэсцкай вобласці: санаторый «Алеся» (хваробы сардэчна-сасудзістай сістэмы, органаў дыхання, апорна-рухальнага апарату, нервовай сістэмы); санаторый «Чабарок» (хваробы сістэмы кровазвароту, органаў дыхання, апорна-рухальнага апарату, нервовай сістэмы); санаторый «Надзея» (хваробы сардэчна-сасудзістай сістэмы, органаў дыхання, апорна-рухальнага апарату, нервовай сістэмы).

У Віцебскай вобласці: санаторый «Жамчужына» (хваробы сістэмы кровазвароту, органаў дыхання, касцёва-мышачнай сістэмы); «Лепельскі ваенны санаторый» (хваробы эндакрыннай сістэмы, сардэчна-сасудзістай сістэмы, органаў стрававання, органаў дыхання, апорна-рухальнага апарату, абмену рэчываў, нервовай сістэмы, жаночых палавых органаў).

У Гомельскай вобласці: санаторый «Залатыя пяскі» (хваробы сістэмы кровазвароту, органаў стрававання, органаў дыхання, апорна-рухальнага апарату, нервовай сістэмы).

У Гродзенскай вобласці: санаторый «Парэчча» (хваробы органаў стрававання, органаў дыхання, абмену рэчываў, касцёва-мышачнай сістэмы, эндакрыннай сістэмы).

У Мінскай вобласці: санаторый «Надзея» (хваробы апорна-рухальнага апарату, органаў дыхання, органаў стрававання, сістэмы кровазвароту); санаторый «Беларусачка» (хваробы органаў стрававання, органаў дыхання, эндакрыннай сістэмы).

У Магілёўскай вобласці: санаторый «Сосны» (хваробы органаў стрававання, органаў дыхання, касцёва-мышачнай сістэмы).

Калі вы жадаеце набыць бясплатную пуцёўку ў аздараўленчую ўстанову для дзіцяці-інваліда, калі ласка, звяртайцеся ў наша прадстаўніцтва ў Пружанах па тэлефоне 4-10-20.

Гутарыла Вольга Басак. Фота Кацярыны Масік