Аграрыям чатырох сельгаставарыстваў Пружаншчыны патрэбна ўбраць цукровыя буракі на плошчы ў 1300 га. Першымі да ўборкі прыступілі ў ААТ «Велікасельскае Агра». За ім буракаўборачныя камбайны выйшлі на палеткі ў ААТ «Шані-аграпрадукт», «Агра-Калядзічы» і «Мурава».
Абы была галава і рукі, тады і работа любая будзе спорыцца, і вынік не прымусіць сябе чакаць. З гонарам адзначым, што беларусам ні розуму, ні працавітасці не займаць. Кожны дзень памнажае дабрабыт нашай краіны, робіць яе квітнеючай і непаўторнай. І, канечне, у гэтым велізарная заслуга нашых сельскіх працаўнікоў, якія, па сутнасці, на працягу года спачыну не маюць. Вось і цяпер шчыруюць на ўборцы салодкіх караняплодаў.
Урочышча з прыгожай назвай Кулікі, землі якога ўваходзяць у склад ААТ «Агра-Калядзічы». Свеціць сонейка, дзьме прыемны ветрык, вакол залацістыя дрэвы. Але няма калі аграрыям гаспадаркі любавацца ўсім гэтым, бо трэба своечасова ўбраць цукровыя буракі, якія размешчаны на 350 га.
Пакуль што дадзеная работа толькі набірае абароты, і за дзень удаецца ўбраць гектараў 10. Але калі ў сельгаставарыстве выйдуць на поўную магутнасць, тады і 15 га будзе пад сілу. Канечне, людзі ў гаспадарцы самыя што ні на ёсць працавітыя, узяць хаця б механізатара Аляксандра Басака, які задзейнічаны на ўборцы салодкіх караняплодаў, — малады, перспектыўны. А тэхніка? Ды з буракаўборачным камбайнам «ROPA» і не такія гектары можна даваць. Тэхніка высокавытворчая, магутная сістэма выгрузкі бункера на 43 метры кубічныя, камфортная кабіна з сэнсарным тэрміналам і шматлікімі аўтаматычнымі праграмамі забяспечвае камфорт для вадзіцеля і найлепшыя рэзультаты збору ўраджаю.
І ўраджайнасць, па словах выконваючага абавязкі галоўнага агранома Сяргея Усіка, нядрэнная, на ўзроўні мінулага года — 500 ц/га. Гэта нягледзячы на сёлетнія пагодныя ўмовы. У сельгаставарыстве спадзяюцца, што, калі пачнуць убіраць цукровыя буракі ў нізкіх месцах, змогуць яе павысіць. У дадзеным выпадку нельга, канечне, скідаць з рахунку і выбар сартоў. Кожны год у ААТ «Агра-Калядзічы» закладваюцца вопыты па іх прадукцыйнасці. І робяцца вывады, якія з сартоў найбольш прыдатныя да мясцовай зямлі. У выніку пакуль спыніліся на гібрыдах «брава», «чарльстан», «лімузін» і «смарт квс». Што праверана, тое і не падводзіць.
А цукру ў бураках хапае? Усё тут добра, цукрыстасць — 16,27 %, што вышэй за базісную норму. Забруджанасць (утрыманне ў караняплодах прымесяў арганічнага і мінеральнага паходжання, зялёнай масы) складае 6,8%, таксама добры паказчык.
Убраць — адна справа, а яшчэ ж трэба адгрузіць дзяржаўны заказ у 14 тысяч тон. Усе цукровыя буракі, у тым ліку і заказ, сваім транспартам забярэ Жабінкаўскі цукровы завод. Дадзеная акалічнасць на руку сельгаставарыству, бо не трэба адрываць ад работы сваю тэхніку.
Ніколі не трэба баяцца працы, нават самай цяжкай. У любым выпадку яна прынясе толькі задавальненне. Калі не верыце, спытайце ў працаўнікоў ААТ «Агра-Калядзічы».
Вадзім Раўнейка.
Фота Кацярыны Масік