Добрыя справы робяць краіну лепшай! Гэта дэвіз, які аб’яднаў усіх удзельнікаў рэспубліканскага суботніка ў Пружанскім раёне. Ён стаў сапраўдным прыкладам грамадскай салідарнасці, адказнасці і любові да роднай зямлі.
Раніца 12 красавіка ў Пружанах пачалася незвычайна. На вуліцы выйшлі не толькі работнікі камунальных службаў, але і супрацоўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, настаўнікі, медыкі, навучэнцы і школьнікі. Усе яны ведалі: іх чакае сапраўдная магчымасць змяніць аблічча роднага горада ў лепшы бок.

План работ быў распрацаваны дасканала — ад пасадкі новых дрэў да прывядзення ў парадак грамадскіх месцаў: зачысткі і афарбоўкі лавачак, агароджаў, экспанатаў ваеннай тэхнікі, парэнчаў аўтама-більных і пешаходных мастоў, высечкі і вывазу старых дрэў, хмызняку — усяго не пералічыць. Кожны ведаў, дзе менавіта яго дапамога будзе больш карыснай. Але важна не толькі тое, што рабілі людзі, але і як яны гэта рабілі — з энтузіязмам, натхненнем і ўзнёслым настроем. Нават надвор’е ў гэты дзень змянілася, і ласкавае сонейка грэла сапраўды па-вясноваму.

Усе добра разумелі, што рэальныя перамены пачынаюцца не з вялікіх праектаў, а з маленькіх крокаў і простай гатоўнасці кожнага з нас зрабіць свой горад лепшым.
Кіраўніцтва раёна, як заўжды, было на перадавой. Падтрымліваючы і натхняючы гараджан, разам са старшынёй райвыканкама Міхаілам Грышкевічам, старшынёй раённага Савета дэпутатаў Мікалаем Кудраўцом на суботнік выйшлі прадстаўнікі мясцовых улад, дэпутацкага корпуса, пракуратуры, міліцыі і іншыя. Такі прыклад лідарства — найлепшая матывацыя для ўсяго грамадскага калектыву.
— Усе разам мы можам зрабіць наш горад яшчэ прыгажэйшым. Сёння кожны куточак у цэнтры ўвагі. Нават маленькія дэталі ў агульным кантэксце маюць значэнне. Сапраўды, няма такіх задач, якія б нельга вырашыць. Калі ў нас ёсць агульныя мэты, мы дасягнём любых вышынь. Бо няма такіх спраў, якія нам не пад сілу, калі дзейнічаць адзіным фронтам. І калі мы робім акцэнт на добраўпарадкаванне, то гаворым не толькі пра чысціню вуліц, але і пра нашы адносіны да роднай зямлі, — адзначыў Міхаіл Міхайлавіч. — Гэта наш уклад у будучыню, менавіта ў тую Беларусь, якую мы любім, якой даражым і якую пакінем нашым дзецям.

2025 год — асаблівы для ўсёй краіны. Але калі на дзяржаўным узроўні распрацоўваюцца буйныя праграмы, то на месцах усё залежыць ад людзей. І ў суботу нашы людзі паказалі, што гатовы да змен толькі ў лепшы бок.
Мы пацікавіліся меркаваннямі тых, хто працаваў на суботніку
Намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Гук:
— Кожны год мы з задавальненнем выходзім на суботнік. Сёння работнікі райвыканкама чысцяць стары меліярацыйны канал паміж вуліцамі Якубоўскага і Ціхай для аднаўлення водаабмену. Спачатку высякаем зараснікі ўручную, а потым падыдзе тэхніка і ачысціць бераг і рэчышча. Прыемна бачыць, як гэты адрэзак зменьваецца на вачах, ды і людзі будуць спакойныя, што ў перыяд ліўняў іх участкі не будуць падтоплены.
Старшыня РГА «Белая Русь» Таццяна Кашкан:
— У мяне самае патрыятычнае стаўленне да падобных мерапрыемстваў. Я лічу сябе нашчадкам ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Міхаіла Раманавіча Кашкана, камандзіра партызанскага атрада, які свята шанаваў гісторыю нашай краіны, гісторыю Перамогі. І пазіцыя нашага Кіраўніка дзяржавы мне вельмі блізкая — нельга забываць пра подзвіг народа, пра воінаў-вызваліцеляў. Наш абавязак — нізка кланяцца гэтым людзям, наводзіць парадак у месцах іх пахаванняў.
Намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Віктар Шаўчэня:
— Дзякуючы нашай сумеснай рабоце, горад становіцца яшчэ больш утульным і радуе вока. У такой прыгажосці прыемна пражываць, асабліва, калі самі наводзім парадак і ведаем цану гэтай працы. А калі збіраемся ўсе разам, за выключэннем, зразумела, тых медыкаў, якія знаходзяцца на дзяжурстве, гэта яшчэ больш згуртоўвае калектыў. І як работнікам аховы здароўя ўдвая прыемна, што пасаджаныя намі дрэвы зробяць паветра больш чыстым і карысным.
Бухгалтар УА «Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж» Юлія Перапяляк:
— Ужо 10 гадоў запар я прымаю ўдзел у суботніку. Гэта высакародная справа, калі мы ўсім калектывам паказваем прыклад нашай моладзі: чысцім, фарбуем, мыем аб’екты на тэрыторыі сквера імя Гудзімава. Зусім хутка юбілейная дата Вялікай Перамогі і мы ўносім свой уклад у захаванне гістарычнай памяці нашага раёна.
Кантралёр КУВП «Камунальнік» Таццяна Снегур:
— Я трэці год працую ў «Камунальніку» і адпаведна столькі выходжу з калегамі на рэспубліканскі суботнік. Але фактычна суботнікаў рознага кшталту ў нас бывае значна больш, чым у іншых, бо прадпрыемства непасрэдна займаецца добраўпарадкаваннем. Мы заўсёды дружна і арганізавана падтрымліваем ініцыятывы нашага Прэзідэнта, які асабістым прыкладам паказвае, як трэба працаваць і любіць сваю краіну і той куточак, дзе нарадзіўся і вырас.
У гэтым і ёсць наша сіла — прызнавацца ў любові да Радзімы не проста на словах, а сапраўднымі ўчынкамі, не ў грандыёзных заявах, а штодзённай працай. Таму ніякія перашкоды не будуць нам страшны. Бо толькі адзінствам і працай мы ствараем тую Беларусь, у якой будзем спакойна жыць.
Ірына ВЕЛЯСЕВІЧ. Фота аўтара