Вторник, 17 ноября 2026

Адказнай і сумленнай работніцай называюць на “Пружанскім ільнозаводзе” начальніка лабараторыі Святлану Севасцьянчык

548

Нездарма кажуць, што чалавеку столькі гадоў, на колькі ён сам сябе адчувае. Калі душа маладая, хоча спяваць, калі кожны дзень сустракаеш з пазітывам, значыць, ты яшчэ поўны сіл і энергіі, каб прыносіць карысць як свайму роднаму прадпрыемству, так і роднай краіне ў цэлым. Бо ў Беларусі, як нідзе, цэняцца людзі працавітыя, ініцыятыўныя, якія хочуць і робяць усё, каб наша дзяржава была заўсёды квітнеючай. Вось і на Пружанскім ільнозаводзе начальніка лабараторыі Святлану Севасцьянчык называюць адказнай, сумленнай работніцай.

І жанчына заслужыла гэтыя прыемныя словы. Па-першае, Святлана Севасцьянчык аддала льнозаводу больш за 35 гадоў свайго жыцця. І не проста хадзіла на працу, а да сваіх абавязкаў заўсёды адносіцца з усёй сур’ёзнасцю і прынцыповасцю. Інакш на яе пасадзе і нельга, бо лабараторыя на прадпрыемстве займаецца кантролем якасці льносыравіны сартоў ільну-даўгунцу, распрацоўкай, узгадненнем і зацвярджэннем нарматыўных і метадычных дакументаў на льнопрадукцыю, распрацоўкай новых элементаў тэхналогій прыгатавання льнотрасты. І за ўсёй работай аддзела патрэбен кантроль, бо ў выніку гэта прэстыж усяго прадпрыемства, якое пастаўляе сваю прадукцыю не толькі па Беларусі, але і за яе межы і з’яўляецца лепшым сярод падобных у рэспубліцы.

Адна справа, калі ты на высокім узроўні выконваеш працоўныя абавязкі, і другая — калі цябе бачаць, цэняць, проста не забываюць. Помняць на льнозаводзе пра дзень нараджэння Святланы Мікалаеўны. З гэтай нагоды на мінулым тыдні адбылося віншаванне юбіляркі. З прыгожым букетам кветак і Ганаровай граматай за шматгадовую добрасумленную працу, асабісты ўклад у развіццё прадпрыемства і высокі прафесіяналізм завітала на льнозавод і старшыня Пружанскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Вольга Зубкова.

Чаго пажадала Вольга Васільеўна? Простага чалавечага шчасця, здароўя, дабрабыту ў сям’і, каб у жыцці Святланы Мікалаеўны не знікалі мэты, якіх хацелася б дасягаць, каб потым ставіць усё новыя і новыя. Да слоў Вольгі Зубковай таксама далучыліся прадстаўнікі льнозавода — галоўны бухгалтар Вольга Ляўчук і старшыня прафсаюзнага камітэта Мікалай Клімашэвіч — і дадалі, каб шчасце, сапраўднае, жаноцкае, не пакідала Святлану Севасцьянчык ні на адзін дзень.

Як адзначыць прыгожую дату імянінніца? У сямейным коле, сярод родных і блізкіх, тых, каго яна любіць і хто яе паважае і шануе.

Застаецца толькі дадаць: няхай у Вас, паважаная Святлана Мікалаеўна, усё складваецца на вышэйшым узроўні!

Вадзім Раўнейка. Фота Алега Сідарэнкі