Суббота, 12 октября 2024

Аб’ядналі вера, малітва і свята: у Ружанах адбыліся святкаванні з нагоды 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі (+многа фота)

323

У мінулую суботу ў Ружанах, здавалася, перапляліся мінулае і сучаснасць і ў літаральным сэнсе ажыла гісторыя. З гарадскога пасёлка, аднаго з культурных і рэлігійных цэнтраў Пружаншчыны, было вырашана распачаць святкаванне 100-годдзя Пінскай рымска-каталіцкай дыяцэзіі. Каб разам памаліцца, падзякаваць Богу за Яго дары, дакрануцца да святыняў, з’ехаліся каталікі і вернікі іншых канфесій не толькі з Пружанскага раёна, але і з розных куткоў Беларусі і нават з іншых краін.

Старт юбілею — з Ружан


Гісторыя Пінскай дыяцэзіі бярэ свой пачатак у 1925 годзе. Менавіта тады заснаваў яе Папа Рымскі Пій XI. Сёння ў склад дыяцэзіі ўваходзяць касцёлы Брэсцкай і Гомельскай абласцей — усяго 90 парафій, у тым ліку ў Пружанах, Вялікім Сяле, Ружанах, Шарашэве, Перадзельску.

Юбілейную дату вырашылі адзначаць маштабна, таму соты для дыяцэзіі год яе Біскуп Антоні Дзям’янка аб’явіў годам падзякі Міласэрнаму Богу за ўсе Яго ласкі. На працягу 2024—2025-га святкаванні будуць праходзіць у значных для Пінскай дыяцэзіі месцах. Распачаць іх у Ружанах вырашылі невыпадкова. Па-першае, мястэчка славіцца сваёй гісторыяй, вядома як рэзідэнцыя роду Сапегаў, тут пабывалі многія знакавыя гістарычныя персоны. Па-другое, Ружаншчына ў цэлым і гарадскі пасёлак у прыватнасці вядомы шматлікімі рэлігійнымі аб’ектамі, якія і сёння з’яўляюцца цэнтрам прыцягнення шматлікіх вернікаў і не толькі. Па-трэцяе, мабыць, так распарадзіўся сам Бог, і ў Ружанах акурат да свята адрэстаўравалі старажытную капліцу Святога Казіміра і зноў загучаў старажытны барочны арган, які маўчаў амаль стагоддзе.

Святыня будзе жыць!


Менавіта з капліцы Святога Казіміра і распачаліся святкаванні. Два гады таму дзякуючы падтрымцы аднаго з мецэнатаў пачалася рэстаўрацыя капліцы. Наколькі маштабныя работы былі праведзены, разумееш, калі глядзіш на фота «да» і бачыш капліцу зараз.

Імя святога Казіміра рэлігійны аб’ект носіць невыпадкова. Менавіта Казімір быў патронам роду Сапегаў. Таму сімвалічна, што падчас Святой Імшы, узначаліў якую Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, былі асвечаны не толькі адноўлены будынак капліцы і яе алтар, але і яшчэ адзін твор мастацтва, толькі ўжо не архітэктурнага, а ювелірнага. Гаворка пра ікону святога Казіміра. Яе аўтарам з’яўляецца знакаміты беларускі мастак-ювелір, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Мікалай Кузьміч.

Абраз — адна з 12-ці ікон-сясцёр, выкананых у адзіным стылі адным майстрам. Гэта ўжо трэцяя ікона, якая знаходзіцца ў каталіцкіх храмах Пружаншчыны. Першая з іх — ікона святой Барбары — перададзена ружанскаму касцёлу Святой Тройцы зімой, другая — ікона «Маці Божая Апякунка лясоў» — касцёлу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пружанах вясной 2021-га. Дарэчы, як і тады, Мікалай Кузьміч і яго сын Пётр прысутнічалі падчас агульнай малітвы і святкаванняў і зараз.

Таксама ў святочны дзень у капліцу прыбылі мошчы (рэліквіі) святога Казіміра. Безумоўна, усе гэтыя падзеі — знакавыя для пасёлка і краіны ў цэлым. Але, як трапна заўважыў падчас пропаведзі дапаможны Біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска, жывымі святыні робяць менавіта людзі. «Толькі мы, вернікі, здольныя напоўніць храм душою і малітвай. Калі тут не будзе людзей, то гэта будзе не святыня Божая, а музей. Толькі мы разам можам будаваць і аднаўляць як асобна ўзяты касцёл, так і Касцёл у сэнсе глабальным», — слушна адзначыў святар. І чамусьці верыцца, што ружанская капліца будзе жывой і малітва тут будзе гучаць доўгія-доўгія гады.

Калі гісторыя становіцца сучаснасцю


Святую Імшу ў капліцы Святога Казіміра завяршылі ўрачысты спеў і біскупскае бласлаўленне. Пасля ж пачалася, бадай, самая відовішчная частка святкаванняў — урачыстая працэсія. Яе маршрут пралягаў ад капліцы ў Ружанскі палацавы комплекс роду Сапегаў.

Само ж дзейства было гістарычнай рэканструкцыяй. Усё таму, што паўтарыла падзеі 1655 года, калі ў Ружаны з Вільні Казімір Леон Сапега даставіў мошчы святога Казіміра і казну ВКЛ.

Яшчэ падчас Святой Імшы з замка насустрач конніцы рушыла пяхота. Рэканструктары ўвасобілі сабой гарнізон ружанскага палаца. Коннікі ў сярэднявечных аблачэннях, іх скакуны і велічныя харугвы ўражвалі. Аўтэнтычнасці дадавалі і воіны з сабакамі. Асаблівае ж захапленне ў гасцей свята выклікалі дамы.

Адразу за коннай працэсіяй ехала карэта, на ёй ксяндзы везлі ікону і мошчы Святога Казіміра. Яшчэ адна брычка сімвалізавала воз, на якім у XVII cтагоддзі ў аналагічнай працэсіі ў Ружаны везлі казну ВКЛ.

Месцам сустрэчы коннікаў і пяхоты стаў касцёл святой Тройцы, ад якога ўсе разам працягнулі рух у замак. Там працэсію вітала артылерыя. Пад гучныя воклічы «Езус! Марыя! Казімір!» ікону і мошчы Святога Казіміра перанеслі на палявы алтар. Іх ахову даручылі каталіцкім скаўтам — своеасаблівым валанцёрам. Да самага вечара пакланіцца святыням мог любы жадаючы.

Тут жа, на тэрыторыі палаца, быў усталяваны вялікі экран. На ім, як і на яшчэ адным экране побач з касцёлам, а таксама ў інтэрнэце, можна было сачыць за прамой трансляцыяй падзей. Такім чынам арганізатары паклапаціліся пра тых, хто хацеў далучыцца да святкаванняў, але не змог прыехаць у Ружаны асабіста.

Унікальныя выданні і велічны арган


Тым часам госці свята збіраліся ў касцёле Святой Тройцы. Унікальнасць храма, узведзенага напачатку XVII стагоддзя, у тым, што ён ніколі не зачыняўся. А яшчэ, безумоўна, сапраўднае яго ўпрыгожванне — велічны барочны арган. У гэты дзень для ўсіх прысутных сыграла заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ксенія Пагарэлая.

Але папярэднічалі канцэрту яшчэ некалькі падзей. Напачатку з прывітальным словам звярнуўся Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Ён падзякаваў усім, хто вырашыў раздзяліць радасную падзею, і назваў гарады, у якіх на працягу года плануюцца святочныя мерапрыемствы. Раскрыем некаторыя падрабязнасці: ужо 19 кастрычніка святкаванні адбудуцца ў Баранавічах. Пасля месцамі сустрэчы вернікаў стануць Пінск, Брэст, Мазыр і Гомель.

Таксама ў касцёле адбылася прэзентацыя двух энцыклапедычных выданняў. Першае з іх — «Даведнік Пінскай дыяцэзіі», а вось другое — «Каталіцкія святыні. Пінская дыяцэзія. Пружанскі дэканат. Пружанскі раён» — па-сапраўднаму важнае для кожнага каталіка раёна. У ім упершыню сабрана інфармацыя пра рымска-каталіцкія святыні, якія існавалі калісьці і дзейнічаюць зараз на Пружаншчыне. Аўтар кнігі Аляксей Яроменка збіраў матэрыялы ў бібліятэках і архівах Беларусі, Літвы і Польшчы, наведаў усе мясціны, пра якія расказвае ў выданні. Цікава, што ўзгадваюцца ў ім нават тыя, пра існаванне якіх быў знойдзены хаця б радок у гістарычных крыніцах. Калі раптам не паспелі набыць кнігу ў Ружанах, зрабіць гэта можна будзе ў сувенірнай лаўцы ў «Белых лаўках» райцэнтра.

Яшчэ адной часткай мерапрыемстваў стаў гістарычны экскурс пра ружанскі музычны інструмент і яго рэстаўрацыю. І, безумоўна, асвячэнне аргана. У гэты момант на вачах у многіх вернікаў былі слёзы: яны сталі сведкамі па-сапраўднаму гістарычнай падзеі. Дарэчы, пачуць арганныя канцэрты ў ружанскім касцёле можна яшчэ 5, 6, 12 і 13 кастрычніка. Пачатак у 13 гадзін.

Для душы і для настрою

Адначасова з касцёлам шматлюдна было і на тэрыторыі палаца. Тут працавалі рады рамеснікаў, палатка з выданнямі пра Пружанскі раён і шматлікімі сувенірамі. Побач разгарнуўся выязны гандаль з пачастункамі ад ААТ «Ружаны-Агра» і райспажыўтаварыства.

А яшчэ не маглі пакінуць гасцей без добрай музыкі. Канцэртную праграму адкрыла сталічная хрысціянская група Verbum Dei, якая сваімі спевамі ад душы праслаўляла Бога.

Змяніў іх яшчэ адзін калектыў — маладзёжны каталіцкі гурт RYBY, які госці святкаванняў віталі асабліва цёпла. Усё таму, што ў яго складзе ў тым ліку моладзь з Пружанскага раёна — Юрый і Паўліна Гардзіенкі, а таксама Уладзіслаў і Ганна Фасевічы з Пружан і Віталь Грышкевіч з Шарашэва. RYBY — гэта неверагоднае спалучэнне цудоўнай музыкі і такіх жа велічных і поўных славы Божай кампазіцый.

Святкаванні ў Ружанах напоўнілі душу цеплынёй і радасцю, падарылі мноства прыемных сустрэч, але галоўнае — адбыліся з Божай дапамогай. Дык няхай Бог аберагае Пінскую дыяцэзію і Пружаншчыну, і няхай падобныя святы і агульная малітва яшчэ не раз збірае ўсіх на пружанскай зямлі.

Уладзіслаў Шпарла.

Фота Кацярыны Масік

Многа фота са святкаванняў: https://vk.com/album-23306785_304315096 і https://ok.ru/budni/album/983736638344