Моладзь — гэта наша ўсё, будучыня, развіццё далейшае краіны, яе незалежнасць і працвітанне. Ім, хлопцам і дзяўчатам, падымаць яшчэ на больш высокі ўзровень прэстыж роднай Беларусі, адстойваць інтарэсы свайго народа. Але для гэтага трэба быць выхаваным чалавекам, чым павінны займацца, у першую чаргу, бацькі, і школа не застаецца ўбаку. Без адукацыі таксама далёка не паедзеш. Значыць, выбіраем справу па душы. Наступае той момант, калі ты ўжо паўнапраўны член працоўнага калектыву. І тут вельмі важна, як цябе прымуць, каб не лічыць дні, калі можна збегчы і забыць назаўсёды першыя крокі ў прафесію. А наадварот, набрацца ўпэўненасці ў сваіх сілах, што можаш многае, нават, здавалася б, немагчымае. Ці ёсць такія арганізацыі і прадпрыемствы ў нашым раёне?
Канечне, да прыкладу, эталонам гасціннасці і добразычлівасці можна смела назваць ААТ «Жураўлінае». Гэта не прыдумана, а сцвярджаецца хлопцамі і дзяўчатамі, якія папаўняюць слаўны калектыў сельгаставарыства. Менавіта яны і расказваюць, што тут працуецца лёгка, ініцыятыва не наказваецца, а заахвочваецца. Кіраўніцтва гаспадаркі ва ўсім падтрымлівае, дае шанец адчуць сябе ў прафесіі, а не пакідае самнасам з праблемамі і задачамі. Нават калі прыйшоў на адпрацоўку, усё роўна адносіны да цябе самыя што ні на ёсць непадробныя, і настаўніка выдзеляць, і жыллё з падвозам дадуць, і фінансава не пакрыўдзяць. Як у выпадку з чатырма дзяўчатамі, што не так даўно прыйшлі ў сельгаставарыства пасля сканчэння сярэдніх спецыяльных і вышэйшых устаноў.

Усюды павінны быць чысціня і парадак, як у душы, так і вакол сябе. Таму адкінула варыянты з праграмістам, бухгалтарам і паступіла ва УА «Навагрудскі дзяржаўны каледж тэхналогій і бяспекі». Цяпер вось Ніка Карунас з в. Мокрае — дыпламаваны тэхнік па ахове навакольнага асяроддзя. А калі выбрала сама прафесію, значыць, і не шкадуе ні аб чым. І сама праца цікавая: трэба сачыць за захаваннем экалагічных стандартаў і нарматываў у гаспадарцы, кантраляваць выкананне прыродаахоўнага заканадаўства, а яшчэ вітаецца ініцыятыва па распрацоўцы і ўкараненні мер па зніжэнні негатыўнага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. А той, хто любіць прыроду, хварэе за яе душой, заўсёды чалавек прыветны, душэўны, адкрыты, як вось Ніка. Канечне, і кабінетнай работы не пазбегнуць, трэба ж падрыхтаваць справаздачу, калі трэба, выпісаць прадпісанні. Клопату хапае, але ён прыемны, бо хочацца працаваць, маладой энергіі хапае.

Звыкліся ўжо, што гайкі з балтамі можа круціць толькі мужчына. А гэты стэрэатып вазьмі і паруш жыхарка горада Пружаны Святлана Ісаева. Узяла ды і скончыла Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж па спецыяльнасці «Тэхнік-механік». Дарэчы, ні ў сваёй, ні ў паралельных групах больш дзяўчынак не было. Як расказвае сама Святлана, да гэтага яе падштурхнулі сябры, якія круцілі матацыклы, адтуль і любоў да тэхнікі. Дарэчы, да працы на механізаваны двор «Клепачы» Святлана дабіраецца на сваім аўтамабілі. Вось так, не толькі ездзіць умее, але і адрамантаваць аўто! Глядзіш на гэтую далікатную дзяўчыну і здзіўляешся: адкуль толькі сілы бяруцца? На дадзены момант займае пасаду механіка. Усё ідзе належным чынам. Так як Святлана — вельмі камунікабельны чалавек, то і праблемы са зносінамі адразу адпадаюць, слесары, токары, зваршчыкі пад пільным наглядам. Калі моцна хочацца, то абавязкова ўсё атрымаецца, як у выпадку з маладым механікам з ААТ «Жураўлінае».

Вельмі ўдзячна сваёй матулі Галіне Міхайлаўне і ветэрынарны фельчар з МТК «Ляжайка 2» Карына Пішч з Ляхавіч, што ў свой час параіла дачцэ выбраць дадзеную гаспадарку. Бо сама родам з в. Бакуны Ліноўскага сельсавета і пэўна ведала аб трывалым становішчы сельгаставарыства. Ды і якая маці параіць дрэннае роднаму дзіцяці? Таму і практыкі праходзіла Карына тут, і на адпрацоўку з радасцю адправілася. Мара спраўдзілася, і малады ветфельчар з запалам прыступіла да работы, лечыць кароў і цялятак, займаецца прафілактыкай хвароб, вакцынацыяй, вядзе дакументацыю. Дзяўчына і не спадзявалася, што адразу ўсё атрымаецца, будзе проста, гэта ж адказны ўчастак работы ў сельскай гаспадарцы. Але вельмі стараецца ўсё спасцігнуць, прыслухоўваецца да парад свайго настаўніка ветфельчара Аляксандра Марчука і паціху-памалу асвойваецца. Карына Пішч не з баязлівага дзясятка, таму верым, што ў яе ўсё атрымаецца на выдатна.

жо паўгода шчыруе ў сельгаставарыстве аграном Кацярына Шчаўкова, якая перад гэтым скончыла УА «Беларуская дзяржаўная ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчая акадэмія» ў г. Горкі. Трапіла жыхарка Слабудкі ў ААТ «Жураўлінае» па размеркаванні, і ўсё складваецца не проста добра, а выдатна! У такім выпадку гавораць: чалавек на сваім месцы. Чаго толькі каштуюць прыгожыя палеткі, ласкавае сонейка, шчырыя людзі! Калі Кацярына расказвала пра свае працоўныя абавязкі (пасяўную кампанію, відавыя праполкі, уборку ўраджаю і г.д.), у вачах адлюстроўвалася сапраўдная цікавасць да работы. Вось жа ёсць сярод моладзі адданыя роднай зямлі людзі, якія не баяцца цяжкай працы, а бачаць у ёй сэнс жыцця. Так і Кацярына, яна не ўяўляе сябе ў іншай прафесіі, хоча папоўніць рады слаўных працаўнікоў у сельскай гаспадарцы. Не можа не атрымацца гэтага ў такой прыветнай і ўсмешлівай дзяўчыны!
Не, не парастуць пустазеллем нашы палеткі, не сціхне гул тэхнікі на іх, не перавядуцца на паліцах магазінаў малако і масла, не абяднее наша непаўторная прырода, пакуль працуюць дзеля агульнага дабрабыту такія шчырыя дзяўчаты.
Вадзім Раўнейка
Фота Руслана Басака
