Среда, 20 мая 2026

ААТ «Агра-Калядзічы» на вышыні

616

Прайшлі чарговыя абласныя дажынкі, якія сёлета святкавалі нашы хлебаробы ў г. Мікашэвічы. Вельмі прыемна, што падчас ушанавання працаўнікоў вёскі быў адзначаны наш раён, двойчы апладысменты гучалі ў адрас ААТ «Агра-Калядзічы».

У мінулую суботу дырэктар сельгаставарыства Сяргей Субота прымаў з рук Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі Падзяку Прэзідэнта калектыву работнікаў ААТ «Агра-Калядзічы» за значны ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў і сертыфікат на новы трактар «Беларус 1221.3». Як адзначыў Сяргей Сяргеевіч, гэта вялікі гонар для гаспадаркі быць прызнанай у рэспубліцы, прымаць віншаванні ад самога Прэзідэнта. Нельга не заўважыць, што гэтая ўзнагарода для сельгаставарыства ўжо трэцяя па ліку. У 2018 годзе разам з падзякай атрымалі айчынны аўтамабіль «Джылі Атлас», у 2021-м — трактар «Беларус». Хоць і мае гаспадарка, па словах інжынера па эксплуатацыі машынна-трактарнага парка Міхаіла Гамолы, на сёння больш за 70 трактароў і кожны год абнаўляецца тэхніка — у мінулым годзе закупілі 6 «Беларусаў», у гэтым набылі «Джон Дзір», але падарунак ад Прэзідэнта абавязкова знойдзе прымяненне.

Якія ж паказчыкі патрэбна мець, каб быць лепшым у краіне, на што арыентавацца ў рабоце? За мінулы год тэмп роста валавой прадукцыі ў супастаўных цэнах да папярэдняга года ў ААТ «Агра-Калядзічы» склаў 103,2 %. Не падвяла малочная галіна. Валавы надой малака склаў 28233 тоны (+284 тоны да ўзроўню 2022 года), пры сярэднім надоі ад 1 каровы 8491 кг (+38 кг). Амаль усё (99,5 %) было прададзена гатункам «экстра». Атрымана прадукцыі вырошчвання буйной рагатай жывёлы 1373 тоны (тэмп росту да 2022 года 104,5 %) пры сярэднясутачнай прывазе 772 грамы (+12 грам). Агульная выручка ад рэалізацыі прадукцыі за 2023 год склала 48470 тысяч рублёў (тэмп росту да 2022 года 112,4 %). Не падвяло і раслінаводства. Атрымалі збожжавых і зернебабовых (без кукурузы) у бункернай вазе 13167 тон, ураджайнасць была 65,5 ц/га. На адну ўмоўную галаву БРЖ нарыхтавалі ў 2023 годзе 54,7 ц.к.адз. (101,7 % да 2022 года). Людзей таксама не крыўдзілі ні ў плане сацыяльнай абароны, ні ў грошах. Сярэднямесячная заработная плата склала 2087 рублёў пры тэмпе росту 129% да 2022 года. Згадзіцеся, вельмі годныя грошы нават для раёна ў цэлым. Можна жыць, не задумваючыся, ці хопіць рублёў на заўтрашні дзень. Здаецца, сухія лічбы, але менавіта яны ў сукупнасці і прывялі да чарговай, вельмі важнай працоўнай перамогі.

У вобласці таксама заўважылі нашых сельскіх працаўнікоў. Вось жа ўмеюць працаваць на Пружаншчыне — не на паказуху, а для сябе, родных, сваёй краіны. Першае месца і дыплом Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта прысуджаны таксама ААТ «Агра-Калядзічы», якое забяспечыла самыя высокія паказчыкі тэмпаў росту валавога збору зерня (без уліку кукурузы на зерне) да сярэдняга ўзроўню трох гадоў, якія папярэднічаюць справаздачнаму, па групе з плошчай сельскагаспадарчых угоддзяў (на 1 студзеня 2024 года) больш за 5 тыс. га. І што рабіць з 200 БВ у гаспадарцы таксама ведаюць. Грошы ўкладуць у справу і, няма сумнення, атрымаюць годную аддачу. Напомнім, што і асобныя працаўнікі сельгаставарыства таксама былі адзначаны ў вобласці.

Можна многае ўмець, а нічога не рабіць, чакаць ля мора пагоды, што цябе заўважаць і дадуць многа грошай. У ААТ «Агра-Калядзічы» ўсё наадварот. Тут кожны шчыра стараецца свае ўменні прымяніць на практыцы, верыць у сябе, свой калектыў, можна сказаць, жыве працай. Адсюль і заслужаныя перамогі, якіх, вельмі спадзяёмся, будзе яшчэ шмат.

Вадзім Раўнейка. Фота Віктара ІЛЬЮШЧАНКІ і Кацярыны Масік