Четверг, 13 февраля 2025

А каб так усім жылося!

463

Часам тэмы для матэрыялу прыходзяць на розум самі па сабе, а бывае, што іх падказваюць людзі ці падзеі. У дадзеным выпадку нагодай для разважання стала падрыхтоўка беларусаў да любімага Новага года.

Здаецца, пра што тут можна гаварыць? Па сутнасці, кожны год адно і тое ж. Усе мы ў чаканні свята, каб у будучым нам ва ўсім шчасціла, жылі добра і спакойна. Яшчэ, канечне, нас хвалюе фінансавы бок, каб заўжды хапала грошай калі не на чырвоную ікру, то ўжо на сервелат адназначна. Дарэчы, пра каўбасу, у кожнай сям’і стараюцца ў гэты дзень накрыць шыкоўны стол, з разнастайнымі закускамі і прысмакамі. І бакал крыштальны традыцыйнага шампанскага таксама падымаем за ўсё добрае ў новым годзе. І вось адсюль пытанне…

У апошнія снежаньскія дзянькі, асабліва ў горадзе, рух пачынаецца, як у Маскве, мала без чаго пробкі не ствараюцца. Няма нічога дзіўнага, бо кожны хоча і мандарынаў купіць, і апельсінаў, нехта любіць алівы ці яшчэ нейкія далікатэсы, а едуць жа з усёй Пружаншчыны. Дый хочацца пабалаваць сябе любімага і родных падчас такога цудоўнага свята! Таму і ў крамах аўрал, чэргі з пакупнікоў змяёй загінаюцца, паліцы імгненна пусцеюць, людзі бяруць усяго пакрысе не на адзін дзень: вяндліна, цукеркі, нарэзка, усё раскупляецца. За гэтыя гадзіны ў магазінах пакідаюцца значныя сумы грошай, якіх у буднія дні хапіла б на тыдзень-другі. Ні ў якім разе не падумайце, што тут сваю ролю адыгрывае зайздрасць. Ешце на здароўе, як кажуць, папраўляйцеся, значыць, можам сабе дазволіць.

Справа ў іншым. Раз-пораз даводзіцца чуць, што ў Беларусі жыць вельмі складана, усё дорага, нічога не купіць, хоць ты на працу не хадзі, бо няма чаго апрануць. А бензін, у пару ўжо аўтамабіль выганяць раз на тыдзень з гаража, каб праветрыць і палюбавацца. Усё, на большае не хопіць!

І адразу хочацца гэта абвергнуць. Сярэднямесячная зарплата ў нашай краіне складае больш за 2000 рублёў. Канечне, цэны растуць, гэта заканамерна, дык жа і ў кашальку ад гэтага рублёў не меншае, бо і тут рост назіраецца. Выбар у магазінах вельмі вялікі, проста багаты, ёсць што паесці і ў што апрануцца. Факт. Пагаворым і пра транспарт. Амаль кожная сям’я мае свой сродак перасоўвання, некаторыя і не адзін. Відаць, на апошнія грошы купілі, цяпер на вадзе з хлебам сядзяць. І гэта мана! Бо кожны перад пакупкай аўто аналізуе сваё матэрыяльнае становішча, ці пацягнем? Вернемся на хвілінку ў родныя Пружаны. Паглядзіце, калі ласка, колькі легкавікоў ужо з салонаў з’явілася на вуліцах, значыць, абсалютна новых. І тут вочы не закрыеш, усё навідавоку. Прыгожа жыць не забароніш, што з здавальненнем робяць беларусы. А што з бензінам? Ну, прабачце, калі хапіла фінансаў на аўтамабіль, то ўжо заправіцца цяжкасцей не складае. На гэтым быццам бы і ўсё.

Але ж не. Хочацца крышку ў большым ракурсе паказаць жыццё ў Беларусі. Бывае, гучаць зайздросныя словы і наконт жыллёвага пытання. Маўляў, дзяржава абавязана забяспечыць квадратнымі метрамі кожнага. Не пагаджуся, бо і так у нас робіцца многае, каб людзі жылі на сваёй жыллёвай плошчы. Штогод будуюцца дамы ў вёсках, уладкоўвайся ў любое сельгаставарыства і атрымлівай магчымасць жыць і працаваць. Там цяжка працаваць, падавай нам горад. Дык прыкладаць намаганні патрэбна ўсюды, грошай ніхто проста так не дасць. Што да тых Пружан, то ж узводзяцца шматпавярхоўкі, станавіся на чаргу, прымай удзел у будаўніцтве, ёсць і арэнднае жыллё. Канечне, трэба і пачакаць, бо немагчыма задаволіць усіх і адразу. Як варыянт, крэдыт ад банкаў. Трэба будзе па ім плаціць штомесяц, але як іначай? Нават калі ў суседа пазычаеш грошы, усё роўна вяртаеш? Яшчэ трэба памятаць: перш чым ганіць сваё, пільна прыглядзіся, як жывуць людзі з намі па суседстве, на тым Захадзе, ці так усё добра ў іх, можа, за вонкавай прыгажосцю і глянцам хаваецца нешта не вельмі прыгляднае? Хто яго ведае.

Мы — незабіты народ, які не мае свайго «я». Мы пэўна ведаем, чаго хочам і куды ідзём. Усё ў нас навідавоку. Ужо які год па бязвізе прыязджаюць у госці да беларусаў людзі з розных краін. Яны бачаць, як уладкавана жыццё наша, радуюцца за бульбашоў, здзіўляюцца гасціннасці Беларусі. Ніводзін чалавек, гэта пэўна, не паедзе туды, дзе разлад і разруха, дзе кожны дзень трэба думаць аб сваёй бяспецы. Закон самазахавання, справядліва. І наадварот, калі сустракаюць з хлебам-соллю, ёсць што паглядзець і паспрабаваць, чаму ж не наведацца і не ўпэўніцца, што Беларусь — краіна для сапраўднага, а не ўмоўнага жыцця.

Можна і яшчэ прыводзіць довады таго, што жывуць беларусы, нягледзячы на злыя языкі, вельмі добра, нам ёсць чым ганарыцца, што захоўваць. Маем сваю родную і непаўторную старонку, якую нізашто і нікому не аддамо. Гэтым і славімся, гэта дае нам права людзьмі звацца. Так будзе заўжды.

Вадзім Раўнейка