Што ні народ — то нацыянальныя стравы. Якіх толькі не існуе! Кіслыя, салодкія, горкія, з гарчынкай. Смажаныя і вараныя, параныя і сырыя. Сапраўдны рай для гурманаў. Здаецца, жыцця не хопіць, каб усё паспрабаваць і аддаць перавагу нечаму аднаму, што будзе прыносіць гастранамічную асалоду. А з другога боку, навошта выбіраць, калі мы, беларусы, і так ведаем, якія стравы самыя смачныя ў свеце. Несумненна, гэта прыгатаваныя з бульбы!

І ў чарговы раз карэспандэнты «раёнкі» задаліся пытаннем: ці дастаткова будзе ў нас другога хлеба? Каб спатоліць сваю цікавасць, мы і напрасіліся ў госці ў Брэсцкую абласную сельскагаспадарчую доследную станцыю НАН Беларусі. Між іншым, напомнім, што ў нашым раёне вырошчваннем бульбы, акрамя згаданага прадпрыемства, займаюцца яшчэ ААТ «Ружаны-Агра» і «Айчына-Агра». Агульная плошча складае 132 га, з якіх 37 належаць доследнай станцыі.
Дык вось, сустрэча з загадчыкам аддзела бульбаводства Анатоліем Карпешам адбылася недалёка ад Пружан, дзе якраз і праводзілася ўборка клубняў. У гэтым годзе высадзілі 8 гатункаў беларускай селекцыі і 5 замежнай. Пакуль што ўраджайнасць трымаецца на ўзроўні 317 ц/га. Надвор’е да таго ж спрыяе рабоце, калі на вуліцы камфортная тэмпература, то і працаваць удвая ахвотней. За дзень трактарыст-машыніст Алег Варыцкі на трактары «Беларус» у счэпцы з камбайнам убірае прыблізна 1,5 га ад агульнай плошчы. Яму ў дапамогу прыкамандзіраваны тры чалавекі, задача якіх — ачыстка бульбы ад камянёў і іншага смецця, каб клубні дастаўляліся ў сховішча ачышчаныя. А дастаўкай туды займаюцца два аўтамабілі.

загадчыца сховішча Святлана Русіновіч.
А на самім бульбасховішчы ідзе зладжаная работа па сартаванні другога хлеба на харчовы, насенны і дробны, гатункі не змешваюцца. І затарванне яго ў драўляныя скрыні па тоне ў кожную. Пасля чаго бульба адпраўляецца на захоўванне ў камеры.
Ужо цяпер поўным ходам ідзе рэалізацыя клубняў. Нават самы прыдзірлівы пакупнік можа задаволіць свае патрэбы, выбраўшы бульбу па форме, смакавых якасцях. Доследная станцыя пакідае сабе 140 тон насеннага матэрыялу (на панядзелак бягучага года накапалі ўжо 730 тон). Набыць бульбу ў дробнай фасоўцы можна каля адміністрацыйнага будынка доследнай станцыі. Калі маеце жаданне затарыцца па поўнай, тады, калі ласка, прыязджайце на сховішча. Таксама будзе весціся продаж і гаспадаркам вобласці і рэспублікі. Не праміне прадпрыемства і раённы восеньскі кірмаш, які будзе сёлета праводзіцца ў суботу, 10 кастрычніка. Так што праблем з рэалізацыяй не будзе. Не той для нас прадукт, каб ён залежваўся на паліцах.
Такім чынам, падвядзём вынік. Хвалявацца, аказваецца, няма прычыны. Будзем есці дранікі з бабкай у прыкуску з салам ці смятанай.
І шчыра дзякаваць людзям, якія стараюцца для сваіх суайчыннікаў, клапоцяцца пра іх дастатак і робяць жыццё смачным.
Вадзім Раўнейка
Фота Кацярыны Масік
