Четверг, 13 февраля 2025

«А ў нас сёння сход Каляд, збірайцеся ўсе ў рад»

518

На самым экватары зімы Пружаны гасцінна адчынілі дзверы другому міжрэгіянальнаму фестывалю-конкурсу беларускіх традыцый і абрадаў «Прыйшла Каляда» — 2025 у рамках рэспубліканскай навагодняй дабрачыннай акцыі «Ад усёй душы».

Фестываль-конкурс праводзіцца ў рамках мерапрыемстваў па рэалізацыі Нацыянальнай стратэгіі Рэспублікі Беларусь «Актыўнае даўгалецце — 2030». Арганізатарамі выступілі ДУ «Пружанскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» сумесна з ДУК «Пружанскі раённы цэнтр культуры».

— У даўніну нашы продкі 6 студзеня са з’яўленнем першай зоркі на небе ставілі на стол 12 страў і гатавалі куццю: так звалася посная вячэра, асновай якой была каша — абрадавая збожжавая страва з салодкай падліўкай, якую традыцыйна падаюць хрысціяне, каб усе 12 месяцаў у годзе ў доме панавалі дабрабыт і дастатак. Сёння ў многіх вёсках захаваліся гэтыя традыцыі, і вельмі прыемна, што яны жывуць у народзе, іх з цікавасцю падхоплівае моладзь і перадае адзін аднаму, — адзначыла на адкрыцці фестывалю дырэктар ТЦСАН Нэлі Педчанка.

Тры каманды «Бярозаўскія зорачкі», «Вечарніца» з г. Кобрына і наша мясцовая «Зорачка» сышліся на адной сцэне не як сапернікі, а як добрыя знаёмыя, каб павіншаваць усіх з навагоднімі святамі, пажартаваць, абмяняцца вопытам і прадэманстраваць культурныя традыцыі і абрады свайго раёна.

Праграма фестывалю складалася з дзвюх частак. У першай «Прыйшла Каляда — адкрывай вароты» каманды паказалі фрагмент святочнага абраду з выкарыстаннем фальклорнага матэрыялу (віншаванні, вершы, песні, танцы і г.д.). Удзельнікі стараліся ўкласціся ў выдзелены час, на кожную пастаноўку было дадзена ўсяго 13 мінут. Але гэтага аказалася дастаткова, каб кожны па-свойму змог раскрыць паўнату славянскай душы ў прыказках, прымаўках і калядных песнях, адзначыць сапраўдную самабытнасць і каларыт беларусаў. На іх цікава было глядзець і прыемна слухаць:

На Каляды ўсім гасцям рады.
Мы з гуртом знайшлі хвілінку
Ды зайшлі для адпачынку.
У першых словах прывітання
Пажадаць мы вам хацелі,
Каб ад нашага спаткання
Трошкі вы памаладзелі.

З такім юнацкім запалам на пружанскай сцэне ўпершыню выступілі кабрынчане. Як паведаміла кіраўнік гурта аматараў народных спеваў «Вечарніца» пры ТЦСАН Юзэфа Алейнік, падрыхтоўка да фестывалю была доўгай і карпатлівай:

— Мы з вялікім задавальненнем прынялі запрашэнне прыняць удзел у такім сапраўды народным свяце. Для нас такі выхад у свет мае вялікае значэнне, бо ўсе артысты жадаюць выступаць на публіку, каб прадставіць сябе і сваю творчасць. І, безумоўна, паглядзець на іншыя калектывы, каб нешта ўзяць на заметку. А выезд у другі раён — гэта ўвогуле цікавае падарожжа, таму мы вельмі задаволены і мяркуем працягваць гэтую добрую традыцыю.

Другая частка конкурсу — абрад «Куцця», на прадстаўленне якога было адведзена 3 мінуты. Раней лічылася, каму прынеслі куццю, абавязаны аддзячыць дзеткам прысмакамі, грашыма, падарункамі. Паважанаму журы фестывалю таксама пашанцавала, у іх была магчымасць не толькі ацаніць абрад, але і паспрабаваць калядныя стравы, а таксама падзякаваць удзельнікам шчырымі словамі. Выбраць лепшую, на самай справе, аказалася вельмі складана, бо на другім этапе ўсе тры каманды аднолькава «смачна» прадставілі свае пачастункі. Пакуль журы падводзіла вынікі, музычную праграму прадоўжылі мясцовыя народныя калектывы.Фестывальны дзень аказаўся яркім і насычаным. Разнастайныя нумары ўдзельнікаў, прыгожыя народныя касцюмы, розныя сцэнічныя прылады, самабытнае музычнае суправаджэнне задавалі асаблівы настрой, які перадаваўся ўсім гледачам. Каманды, безумоўна, хваляваліся, але гэта больш нагадвала сустрэчу даўніх сяброў, якія вырашылі разам адзначыць свята і падарыць радасць іншым.

— Наш калектыў «Зорачка» прымае ўдзел у фестывалі другі раз, таму ёсць ужо пэўны вопыт такіх сустрэч. Мы вельмі старанна рыхтаваліся, дасканала вывучалі калядныя абрады, каб годна выступіць і не падвесці наш тэрытарыяльны цэнтр. Думаю, у нас атрымалася і здзівіць журы, і атрымаць асалоду ад выступлення, — расказала ўдзельніца аддзялення дзённага знаходжання ТЦСАН Лідзія Лявонава.

У намінацыі «Самая арганізаваная» перамогу атрымала каманда «Зорачка» Пружанскага ТЦСАН. У намінацыі «Самая завадная» — каманда «Вечарніца» Кобрынскага ТЦСАН. І «Самай дружнай» аказаліся «Бярозаўскія зорачкі».

На абшарах фестывалю беларускіх абрадаў і традыцый, які стаў ужо народным, няма пераможцаў. Ёсць тыя, хто ўклаў сэрца і душу ў свае выступленні, паказаў бліскучыя веды па культурнай спадчыне нашага краю, аб’яднаў людзей розных пакаленняў. Гэта яшчэ адзін цудоўны дзень нашай гісторыі, якую мы пішам самі, сваімі справамі, марамі і сваёй творчасцю.

Ірына Велясевіч. Фота Кацярыны Масік