15 студзеня 2025 года Пружанскаму раёну споўнілася 85 гадоў. За мінулы час на пружанскай зямлі адбылося нямала падзей, якія істотна змянілі аблічча рэгіёна, жыццё людзей. Працягваем успамінаць самыя значныя з іх.
Мінула ўсяго 5 гадоў з тых «чорных» дзён сярэдзіны 90-х. Нават у жыцці чалавека такі тэрмін з’яўляецца нязначным, не гаворачы ўжо ў маштабе краіны. Між тым, і за гэты кароткі перыяд адбыліся вельмі маштабныя змены. Кардынальныя і, галоўнае, да лепшага.
1995-2000 гады:
65 факт. Аднаўляецца прамысловасць і сельская гаспадарка раёна. У прыватнасці, 9 з 13 прадпрыемстваў выйшлі на ўзровень паказчыкаў за 1990 год. Паступова справы наладжваюцца і ў сельскай гаспадарцы, хоць там было яшчэ далёка да аднаўлення. Сярэднія надоі — 4500 кг малака ад каровы за год, ураджайнасць збожжавых — 22 ц/га, бульбы — 168 ц/га, цукровых буракоў — 223 ц/га. Аднак, як бачым сёння, АПК Пружаншчыны толькі пачаў «разгон».
66 факт. З новага стагоддзя пачынаецца духоўнае адраджэнне пружанскага краю. З 2000-га года сталі аднаўляць былыя і будаваць новыя храмы. І «першай ластаўкай» у гэты год стала адрэстаўраваная Свята-Петрапаўлаўская царква ў в. Мокрае.
67 факт. Апошні год 20 стагоддзя (або першы 21-га, як паглядзець) вызначыўся стварэннем многіх карысных творчых ці грамадскіх аб’яднанняў, а таксама адкрыццём аб’ектаў з розных галін эканомікі і сацыяльна-культурнага жыцця рэгіёна. Напрыклад, у 1996 годзе быў створаны маладзёжны атрад дружыннікаў «Беркут», выхаванцы якога і зараз служаць у праваахоўных органах, на граніцы Беларусі і іншых сілавых падраздзяленнях краіны. Таксама адбылося першае выступленне ансамбля танца «Ойра» (2000). Пасля працяглай рэстаўрацыі адчыніў свае дзверы музей-сядзіба «Пружанскі палацык». А ў прыхільнікаў футбола з’явілася магчымасць пабалець за сваіх — ФК «Пружаны».
68 факт. У 1999 годзе Пружанам быў вернуты старажытны герб, які і зараз адлюстраваны на сцягу нашага райцэнтра.