Понедельник, 18 мая 2026

85 фактаў з жыцця раёна

425

15 студзеня 2025 года Пружанскаму раёну споўнілася 85 гадоў.
За мінулы час на пружанскай зямлі адбылося нямала падзей, якія істотна змянілі аблічча рэгіёна, жыццё людзей. Працягваем успамінаць самыя значныя з іх.

Усё часцей гучаць меркаванні адносна таго, што «перабудова ідзе складана». Амаль штогод адзначаецца недахоп па многіх накірунках: будаўнічых матэрыялаў, паліва, тавараў народнага спажывання. Нават на друк раённай газеты былі ўведзены «папяровыя ліміты». Да 1990 года ўзмацніліся заклікі «за абнаўленне», рэзультатаў якога ў той перыяд пружанцы яшчэ не ведалі…

1985-1990 гады:
55 факт.
Задумана газіфікацыя райцэнтра: з боку вёскі Шані да Пружан набліжалася нітка з прыродным газам. Але гэта не ўсе дасягненні ў абнаўленні выгляду раёна. У гэты ж перыяд пачалося ўзвядзенне раённага Дома культуры (яно цягнулася да 2003 года) і СШ №5. А таксама адкрыўся піянерскі лагер «Дубок». Нарэшце з’явілася ўласная стаматалагічная паліклініка. А ў Ружанах, Шарашэве, Лыскаве, Клепачах, Лінове і Сухопалі адкрыты калгасныя рынкі. Адзначаны «папаўненні» і ў сферы культуры: першы канцэрт даў гурт «Бабіна лета» (1989) і пачало прымаць навучэнцаў харэаграфічнае аддзяленне (1986) Пружанскай музычнай школы.
56 факт. У рамках ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС арганізавана перасяленне людзей з забруджаных тэрыторый Гомельскай і Магілёўскай абласцей. Пружанскаму раёну пастаўлена задача прыняць і рассяліць 113 сем’яў. Найбольш актыўную дапамогу перасяленцам аказалі калгасы «60 год БССР», «Рассвет», «Дружба», імя Леніна, імя Калініна, «Шлях Леніна», «Іскра» і саўгас «Савецкі».
57 факт. У раёне створаны клуб даярак-чатырохтысячніц (старшыня — даярка саўгаса-тэхнікума Галіна Барсук). Спачатку ён аб’ядноўваў 14 чалавек, а ў 1990 годзе — 130. Напэўна, зараз варта было б арганізаваць клуб даярак-васьмітысячніц?
58 факт. Падрыхтавана да друку кніга «Памяць» Пружанскага раёна (выйшла ў свет у 1993 годзе), работа над падрыхтоўкай якой заняла амаль 3 гады.
59 факт. 1990 год стаў апошнім для раённай газеты пад назвай «Зара камунізму». Першы выпуск 1991 года выйшаў ужо як «Раённыя будні».