15 студзеня 2025 года Пружанскаму раёну споўніцца 85 гадоў.
За мінулы час на пружанскай зямлі адбылося нямала падзей, якія істотна змянілі аблічча рэгіёна, жыццё людзей. Успомнім самыя значныя з іх.
Чарговы юбілей Пружанскага раёна адбыўся ў коле новых дасягненняў, перамог і даволі знакавых падзей.
1960 год:
19 факт. Сваё 20-годдзе Пружанскі раён сустрэў у абноўленым выглядзе, набыўшы на геаграфічнай карце больш пашыраныя адміністрацыйныя межы. 17 снежня 1956 года ў склад Пружаншчыны была ўключана ўся тэрыторыя Шарашоўскага раёна (8 сельсаветаў). А 14 красавіка 1960 года з Пружанскага ў Бярозаўскі раён перададзены землі Малецкага і Падкрайчоўскага сельсаветаў.
20 факт. Працягваецца пашырэнне межаў райцэнтра і добраўпарадкаванне яго вуліц. Напрыклад, да чарговага юбілею ў Пружанах з’явілася вуліца Прамысловая. А цэнтральныя — Савецкая, Камуністычная, Чырвонаармейская і Кастрычніцкая — былі заасфальтаваны.
21 факт. Пашыраецца гандлёвая сетка, новыя магазіны з’явіліся на ўскраінных вуліцах горада, а таксама ў вёсках Куплін і Сухопаль.
22 факт. Калгасы сталі пераходзіць з сонечнай сушкі збожжа пад адкрытым небам на механізаваны спосаб. Папулярнай стала пнеўмагазавая сушылка ПГЗС-8 (8 тон у гадзіну).
23 факт. Упершыню складзены Генеральны план забудовы горада, у які ўключаны будаўніцтва яшчэ адной сярэдняй школы на 520 месцаў, аўтастанцыі, дзіцячага садка на 90 месцаў, другога кінатэатра і жылых дамоў на 76 кватэр. Таксама ў планах узвядзенне кансервавага завода (1961 г.), гасцініцы, лазні, інтэрната для навучэнцаў тэхнікума, пракладка водаправода і ўладкаванне гарадской водапомпавай станцыі.