Роўна 80 гадоў таму ў лістападзе 1944 года для маленькіх ружанцаў расчыніў свае дзверы дзіцячы садок. Тады наведвала дашкольную ўстанову ўсяго шэсць дзяцей ва ўзросце ад 3 да 7 гадоў, а ўвесь калектыў складаўся з трох чалавек. Ішоў час, установа пашырала свае магчымасці і стала ў сістэме дашкольнага выхавання буйной арганізацыяй, без якой зараз маладыя матулі ўжо не ўяўляюць сваё жыццё.
Ля вытокаў Ружанскага дзіцячага сада стаялі першая загадчыца Валянціна Іосіфаўна Мулярчык і першая выхавальніца Зінаіда Іосіфаўна Гулевіч. Размяшчалася тады дашкольная ўстанова ў маленькім цагляным будынку. У мірны час жыццё паступова ўваходзіла ў сваё рэчышча, і праз тры гады ўжо адкрыліся яслі, а праз пяць у садку выхоўвалася ўжо 15 дзяцей.
— Наш дзіцячы садок прайшоў доўгі шлях станаўлення і развіцця. У саракавыя гады краіна была ў руінах і наладжваць любую новую справу было няпроста, — распавядае загадчыца Ружанскага дзіцячага сада Ніна Капыркіна. — Толькі ў пачатку 50-х адкрылася другая група і сад наведвала ўжо 45 дзяцей. Праз 20 гадоў яслі і дзіцячы сад аб’ядналіся ў адну ўстанову — яслі-сад. У 1967 годзе было ўжо пяць груп, а калектыў складаўся з 23 чалавек. Месца катастрафічна не хапала, групы размяшчаліся ў пяці прыстасаваных памяшканнях. І толькі ў 1973 годзе яслі-сад перасяліўся ў цяперашні вялікі будынак, а дзетак тады было больш за 150.
Сучасная дашкольная ўстанова размешчана ў ціхай, маляўнічай частцы пасёлка, акружанай вялікай колькасцю дрэў і кустоў. Дваровая тэрыторыя нагадвае цудоўны батанічны сад, у якім расце больш за 30 відаў розных дэкаратыўных раслін. Азеляненне робіць яе прыгожай, утульнай і арыгінальнай, а таксама карыснай для рознабаковага развіцця дзяцей, выхоўвае ў дашкалят пачуццё прыгожага, любоў да прыроды, роднага пасёлка, да свайго краю.
Добраўпарадкаваннем калектыў займаецца самастойна, хоць гэта няпроста, патрабуе шмат сіл і цярпення, фантазіі і крэатыўнага мыслення. Дзеці праводзяць шмат часу на прагулках, аздараўленчых занятках, адпачываюць, гуляюць. На дзіцячых пляцоўках устаноўлена развіваючае абсталяванне: гульнявы транспарт, альтанкі, драўляныя лодкі, пясочніцы… Пад ценявымі навесамі знаходзяцца столікі для гульняў і малявання, лічыльнікі і шматлікія іншыя гульнявыя элементы, дзе кожнае дзіця знаходзіць для сябе занятак па душы. І ва ўсім гэтым заслуга ў тым ліку Ніны Яўгенаўны, якая 27 гадоў таму прыйшла працаваць ва ўстанову, з іх 15 гадоў на пасадзе загадчыцы.
Як высветлілася, гэта яе першае і адзінае месца працы, дзе яна рэалізавала сябе як душэўны чалавек, цудоўны выхавальнік і выдатны кіраўнік.
— Ва ўстанове створаны комплекс матэрыяльна-тэхнічных, санітарна-гігіенічных, эстэтычных, псіхолага-педагагічных умоў, якія забяспечваюць якасную арганізацыю жыцця дзяцей, што з’яўляецца галоўнай умовай развіцця малых. Гэта дапамагае ім у поўным аб’ёме знаёміцца з навакольным светам, вучыць размаўляць з аднагодкамі і дарослымі, стымулюе ўяўленне і фантазію, — падкрэслівае Ніна Яўгенаўна. — У нас таксама абноўлены музычна-спартыўная зала, медыцынскі блок, кабінеты педагога-псіхолага і настаўніка-дэфектолага і ўсе неабходныя вытворчыя памяшканні (харчаблок і пральня), увогуле, ёсць чым пахваліцца.
Сёння Ружанскі дзіцячы садок — цёплы ўтульны дом для 83 непаўторных дзяўчынак і хлапчукоў. Цяпер тут функцыянуе 5 груп, у тым ліку 1 група для дзяцей ранняга ўзросту. Самых маленькіх выхаванцаў 16, з іх 5 — да 2 гадоў. Асаблівасць дашкольнай установы — наяўнасць групы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. У ёй займаецца 10 дзяцей, а для аднаго арганізавана навучанне дома. У дзіцячым садку спецыяльна абсталяваны кабінет настаўніка-дэфектолага Ірыны Русак і медыцынскі блок, дзе пра здароўе дзяцей клапоціцца медыцынская сястра Пружанскай ЦРБ Наталля Грыцук.
Для дзетак старэйшага і сярэдняга ўзросту арганізаваны дадатковыя заняткі па мастацкім профілі — «Харэаграфічная творчасць» і «Музычная творчасць», а таксама аб’яднанні па інтарэсах — «Вясёлы абцас» і «Эстрадны вакал». Укараняюцца ў практыку новыя формы дашкольнай адукацыі для дзяцей, якія не наведваюць на пастаяннай аснове садок: «Матчына школа», «Гульнявая пляцоўка», «Падрыхтоўка да школы».
Дзеці з радасцю прыходзяць у знаёмае месца, бо кожны дзень тут іх сустракае любімы выхавальнік, бярэ за руку і вядзе ў свет новага, цікавага, захапляльнага. Педагогі імкнуцца, каб іх выхаванцы сталі асобамі, выраслі сумленнымі, добрымі, адкрытымі і клапатлівымі людзьмі.
Ірына Рокка і Людміла Кадзешка працуюць ва ўстанове доўгі час і вырасцілі не адно пакаленне дастойных грамадзян нашай краіны. Сёння яны перадаюць назапашаны вопыт маладым захопленым педагогам Вользе Стасюкевіч і Але Цыкуновай, якія ўражваюць масай нестандартных рашэнняў і свежых ідэй.
Стараннямі Марыны Рабцавай, намесніка загадчыка па асноўнай дзейнасці, установа забяспечана ўсім неабходным для адукацыйнага працэсу. У яе заўсёды ёсць правільны і вычарпальны адказ на любое пытанне, а сакрэтам яе паспяховай дзейнасці з’яўляецца любоў да дзяцей і да любімай прафесіі на працягу больш за 35 гадоў.
Зайдзіце ў любую групу, паглядзіце навокал — чысціня і парадак, усё знаходзіцца на сваім месцы. Гэта вялізная заслуга памочнікаў выхавацеляў. Гэта Алена Сацкевіч, Валянціна Юрэня, Ганна Давідзенка, Наталля Густыр, Алена Каненя і Алена Шостак. Усе музычныя і фізкультурныя мерапрыемствы пад кіраўніцтвам музычнага кіраўніка Алены Кузьмінскай і кіраўніка фізвыхавання Таццяны Матусевіч праходзяць на высокім узроўні і карыстаюцца нязменным поспехам у бацькоў і малых.
На харчаблоку смачную і карысную ежу: супы, катлеткі, запяканкі, кампоты — рыхтуюць Алена Сухадольская і Наталля Давідзенка, а дапамагае ім у кулінарнай справе Ларыса Сарока. Першы памочнік загадчыка па гаспадарцы Святлана Мозаль, як асоба матэрыяльна адказная, ва ўсім любіць парадак і кантралюе выкананне ўсіх правіл, норм, патрабаванняў аховы працы і пажарнай бяспекі. Чыстая бялізна і ручнік, мяккая і ўтульная пасцель — гэта справа рук «феі чысціні», так ласкава яе называюць калегі, Таццяны Чаканавай.
— Калектыў нашага дзіцячага садка — гэта садружнасць таварышаў і аднадумцаў, усе ўдзельнікі якога ўзаемна дапаўняюць адзін аднаго. Нашы блізкія сябры — бацькі выхаванцаў, якія заўсёды прыйдуць на дапамогу, падтрымаюць, падкажуць, за што ім вялікі дзякуй. Гэта вялікая праца ў адной звязцы, і мы бачым яе вынік. Бо ўсе разам мы робім будучыню не толькі нашых сем’яў, але і ўсяго пасёлка і цэлай краіны, — падкрэслівае загадчыца Ніна Капыркіна. — Яшчэ раз усіх з юбілеем! Міру, здароўя і росквіту кожнаму з вас і нашаму дарагому дзіцячаму садку!
Ірына Велясевіч
Фота Кацярыны Масік