Воскресенье, 17 мая 2026
253

Урбановіч Іосіф Паўлавіч (1907−1944)

Нарадзіўся 3 красавіка 1907 года ў вёсцы Шэйпічы Пружанскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці). Сям’я Урбановічаў пры нашэсці Германіі, як і большасць насельніцтва заходніх абласцей Беларусі, эвакуіравалася ўглыб Расіі, у Сімбірскую губерню, на станцыю Майны, дзе і жыла да 1921 года.

 У бурныя гады Грамадзянскай вайны старэйшы брат Іосіфа, Іван Урбановіч, член партыі бальшавікоў з 1917 года, узначальваў адзін з партызанскіх атрадаў, які змагаўся з войскам Калчака. Ужо ў 12–13 гадоў Іосіф (Юзiк) з’яўляецца сувязным гэтага атрада. У 1921 годзе сям’я Урбановічаў вяртаецца ў родную вёску Шэйпічы, якая апынулася ў складзе Польшчы. Старэйшыя браты Іосіфа, Андрэй і Іван, засталіся ў Савецкай Расіі.

Шаснаццацігадовым юнаком Іосіф Урбановіч уступае ў рады Камуністычнага Саюза Моладзі Заходняй Беларусі. Будучы ўжо актывістам камсамола, малады падпольшчык у 1924 годзе паступае ў беларускую гімназію ў Вільнюсе і хутка становіцца важаком моладзі, кіраўніком усіх рэвалюцыйных мерапрыемстваў. Ён быў арганізатарам і ўдзельнікам калектыву мастацкай самадзейнасці, які са сваімі спектаклямі і песнямі на рэвалюцыйныя тэмы выступаў перад моладдзю Вільнюса, бліжэйшых пасёлкаў і вёсак. За ўдзел у рэвалюцыйным руху выключаны з гімназіі ў верасні 1928 года.

У 1929 годзе Іосіф Урбановіч быў прызваны ў Польскае войска, накіраваны ў 76-ы пяхотны полк у Гродне, але неўзабаве дэмабілізаваны па стане здароўя (хварэў на сухоты). З 1930 года — сакратар Баранавіцкага, Брэсцкага акруговых камітэтаў КПЗБ.

7 мая 1931 года за рэвалюцыйную дзейнасць арыштаваны. 21 кастрычніка 1931 года Брэсцкім акруговым судом Іосіф Урбановіч прыгавораны да 6 гадоў зняволення, накіраваны ў Сядлецкую турму строгага рэжыму. У маі 1932 года яго перавялі ў яшчэ больш строгую турму Уронкі, дзе стан здароўя значна пагоршыўся. 2 чэрвеня 1934 года пракурор Пінскага акруговага суда як безнадзейна хвораму даў яму адтэрміноўку, 13 ліпеня ён быў вызвалены пад залог. Прайшоў курс лячэння; пры спробе перайсці мяжу ў СССР быў схоплены і пасаджаны ў турму. У 1936 годзе І. П. Урбановіч трапіў пад амністыю. Працаваў у Отвацку пад Варшавай рабочым, удзельнічаў у прафсаюзным руху, у рабоце беларускага зямляцтва.

Ажаніўся з Басяй Давыдаўнай Кнубавец, якая таксама была ўдзельнікам рэвалюцыйнага руху: член КСМЗБ з 1924 года, у 1930-я гады ўваходзіла ў склад ЦК КСМЗБ, адначасова кіравала Гродзенскім акруговым камітэтам КСМЗБ; за палітычную дзейнасць была арыштавана і заключана ў Пінскую турму; пасля Вялікай Айчыннай вайны жыла ў Гродне. Іосіф Паўлавіч з’яўляўся стрыечным братам знакамітага беларускага спевака Міхася Іванавіча Забэйды-Суміцкага (1900–1981), ураджэнца Шэйпічаў. Падчас бамбардзіроўкі гітлераўцамі Варшавы ў верасні 1939 года М. І. Забэйда-Суміцкі быў кантужаны. І. П. Урбановіч з таварышам прабраўся ў Варшаву і спрабаваў вывесці брата з горада, але той быў настолькі хворы, што не здолеў ісці з імі.

Пасля вызвалення Заходняй Беларусі (1939) Іосіф Урбановіч стаў старшынёй Ружанскага гарпасялковага Савета, дэпутатам Брэсцкага абласнога і Ружанскага раённага Саветаў.

У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны І. П. Урбановіч дзейнічае рашуча — замяшчае ваенкама, займаецца прызывам у Чырвоную армію, эвакуацыяй дакументаў. У жніўні 1941 года знаходзіўся ў Гомелі. Быў накіраваны за лінію фронту ў Ружанскі раён для арганізацыі партызанскага руху, у канцы жніўня прыбыў на Ружаншчыну. Адзін з арганізатараў раённых антыфашысцкіх арганізацый (падпольны псеўданім Максім), сакратар Ружанскага раённага антыфашысцкага камітэта. З 1942 года — сакратар Брэсцкага міжраённага Камітэта барацьбы з нямецкімі акупантамі, які ў 1943 годзе рэарганізаваны ў Брэсцкі абласны антыфашысцкі камітэт.

У чэрвені – ліпені 1943 года І. П. Урбановіч — камандзір партызанскай брыгады імя П. К. Панамарэнкі, якая дзейнічала на тэрыторыі Бярозаўскага, Косаўскага, Пружанскага, Ружанскага і Слонімскага раёнаў. Адзін з арганізатараў разгрому гарнізона ў Косаве 3 жніўня 1942 года. Узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

І. П. Урбановіч загінуў за некалькі дзён да вызвалення роднай Пружаншчыны — 10 ліпеня 1944 года. У в. Варанілавічы спыніў рабаванне царквы i святара, за што адзін з бандытаў выстраліў яму ў галаву. Пахаваны ва ўрочышчы Гута-Міхалін, за 13 км ад в. Верашкі Івацэвіцкага раёна на брацкіх могілках партызан і савецкіх воінаў. Імем І. П. Урбановіча названы вуліцы ў Косава, Пружанах, Ружанах, в. Варанілавічы Пружанскага раёна. У 1967 годзе на будынку Ружанскага выканкама пасялковага Савета ўстаноўлена мемарыяльная дошка. 15 снежня 1968 года ў скверы па вул. Савецкай г. п. Ружаны яму ўрачыста адкрыты помнік (скульптар Аркадзь Сурскі).