
Свяргун Аляксандр Рыгоравіч (1903−1971)
Нарадзіўся 30 снежня 1903 г. у в. Гічыцы Слонімскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у беднай сялянскай сям’і. Вучыўся ў мясцовай царкоўна-прыхадской школе. Падчас Першай сусветнай вайны сям’я падалася ў бенжанства у глыб Расіі. Аляксандр працаваў рабочым на Маскоўска-Казанскай чыгунцы.
У 1918 г. разам з бацькамі пераяздзжае ў Сібір, у Алтайскі край. Працаваў рабочым на маслазаводзе (1920–1923). На радзіму, якая ў 1920 г. апынулася пад польскай уладай, сям’я вяртаецца толькі ў 1923 г. За гады адсутнасці ўся маёмасць была знішчана. Пасяліліся ў чужой паўразбуранай хаце. Аляксандр Свяргун уладкаваўся на працу рабочым вузкакалейкі на станцыі Івацэвічы.
У Заходняй Беларусі, якая была захоплена Польшчай ў час Польска-савецкай вайны (1919–1921), польскай адміністрацыяй быў устаноўлены жорсткі акупацыйны рэжым, адноўлена ўлада памешчыкаў і капіталістаў. Багацці Беларусі рабаваліся і перапраўляліся ў Польшчу. Дзяржаўнай мовай была аб’яўлена польская. З устаноў звальняліся асобы беларускага паходжання і праваслаўнага веравызнання. Праводзіліся масавыя арышты праціўнікаў польскага рэжыму і дзеячоў беларускага нацыянальнага руху.
Аляксандр Свяргун адразу стаў праводзіць прапагандысцкую работу сярод насельніцтва. З 1923 г. – арганізатар і сакратар партячэйкі ў в. Гічыцы, з 1925 г. член Косаўскага раённага камітэта КПЗБ. Адзін з арганізатараў выступлення працоўных г. Косава ў абарону Беларускай сялянска-рабочай грамады. 3 лютага 1927 г. на дэманстрацыю пратэсту сабралася больш за 1500 сялян. Атрады самаабароны прагналі паліцыю, якая спрабавала разагнаць мітынг. Калі пасля мітынгу дэманстранты рушылі па вуліцах мястэчка, паліцыя пачала страляць у іх. Былі забіты 6 чалавек і некалькі дзясяткаў паранены.
У 1927 г. Аляксандр Свяргун быў арыштаваны польскімі ўладамі і пасаджаны ў турму. Удзельнік працэсу над 75-цю членамі КПЗБ у Гродне (9–21 чэрвеня 1929 г.). Пры яго актыўным удзеле на судзе былі арганізаваныя дэманстрацыі пратэсту.
У сакавіку 1935 г. выпушчаны з турмы, прыехаў у родную вёску. 31 жніўня 1935 г. па даносу правакатора А. Р. Свяргун зноў быў схоплены паліцыяй, асуджаны на шэсць гадоў турмы. Адбываў пакаранне ў Пружанскай, а потым у Драгобыцкай (Заходняя Украіна) турмах. У 1938 г. да палітзняволеных дайшла звестка аб роспуску КПЗБ.
Пасля пачатку Другой сусветнай вайны, Аляксандр Свяргун выйшаў з турмы 4 верасня 1939 г., адразу паехаў у Гічыцы. Дайшлі звесткі аб вызваленчым паходзе Чырвонай арміі. Аляксандр Свяргун быў адным з ініцыятараў арганізацыі ўзброенага атрада (каля 80 чалавек), які раззброіў польскі гарнізон, і які стварыў часовы рэвалюцыйны камітэт у Івацэвічах. 20 верасня ў Івацэвічы прыйшлі першыя савецкія воіны. Неўзабаве Аляксандр Свяргун быў абраны дэпутатам Народнага сходу Заходняй Беларусі, на якім было прынята гістарычнае рашэнне аб уз’яднанні Заходняй Беларусі з БССР.
З пачатку Айчыннай вайны Аляксандр Свяргун знаходзіўся ў Чырвонай арміі. З 1943 г. удзельнік партызанскага руху на тэрыторыі Брэсцкай вобласці. За самаадданую працу па забеспячэнні партызан грузамі А. Р. Свяргун узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
Пасля вызвалення Беларусі быў на савецкай рабоце ў Брэсце, потым працаваў на пасадзе старшыні Пружанскага гарвыканкама (1951–1955). Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 1-га склікання (1940–1947). Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», медалямі. Аўтар успамінаў аб рэвалюцыйным руху ў Заходняй Беларусі «Незабыўныя дні», выдадзеных у калектыўным зборніку «У суровыя гады падполля» (1958).
А. Р. Свяргун памёр 31 жніўня 1971 г. Яго імем названа вуліца ў Пружанах.
