Воскресенье, 16 августа 2026

645 лет городскому посёлку Шерешево

718

Такі юбілей у мінулую суботу адзначыў г.п. Шарашэва. І прайшоў ён
з маладым задорам, нягледзячы на такі салідны ўзрост.

Сабрала свята вялікую колькасць гледачоў — жыхароў пасёлка і гасцей. І для ўсіх вельмі яркую атмасферу стварыла даволі вялікая каманда арганізатараў. Што было бачна яшчэ да пад’езду да галоўнай для Шарашэва плошчы Фіміна, дзе разгарнулася ўся дзея. Святочная пляцоўка была поўнасцю занята палаткамі з прысмакамі ад райспажыўтаварыства і прыватных гандляроў, а ўсе набытыя стравы можна было адразу паспытаць тут жа, у летнім кафэ. Каля якога сапраўдную салдацкую кухню з юшкай і іншай «баявой» гатоўкай разгарнулі вайскоўцы з пагранзаставы. З іншага боку размясціліся шматлікія прылаўкі з цацкамі, сувенірамі. А для дзяцей прапаноўваліся вясёлыя атракцыёны і інтэрактыўныя гульні, якія наладзілі работнікі МНС.

Аднак асноўная ўвага ўсіх удзельнікаў мерапрыемства была прыцягнута да святочнай сцэны, на якой праходзіла галоўная ўрачыстасць юбілею. Першым з віншавальнымі словамі да жыхароў пасёлка звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч, які зачытаў адрас ад старшыні райвыканкама Міхаіла Грышкевіча, а потым уручыў яго выконваючаму абавязкі старшыні Шарашэўскага сельвыканкама Генадзю Фасевічу. Акрамя таго, Руслан Васільевіч ад імя раённай улады адзначыў лепшых працаўнікоў і актыўных дзеячаў пасёлка ганаровымі граматамі. Сярод узнагароджаных — начальнік участка Шарашэва КУВП «Камунальнік» Андрэй Янушкевіч, галоўны заатэхнік ААТ «Пружанскі райаграсервіс» Наталія Данько, а таксама трактарыст-машыніст гэтага сельгаспрадпрыемства Андрэй Карповіч. Заслужаную адзнаку атрымалі настаяцель храма Мікалая Цудатворцы Мікалай Пашкевіч і настаўніца мясцовай школы Ванда Хвісюк.

З пажаданнямі на будучы росквіт да сваіх прыхаджан звярнуліся і святары — праваслаўны Мікалай Пашкевіч і каталіцкі Яцэк Дубіцкі, якія заклікалі захоўваць унікальнае адзінства, якое склалася сярод жыхароў Шарашэва як у працы, так і ў веры.

Аднак на гэтым прыемныя ўзнагароджанні не закончыліся і эстафету пераняў кіраўнік мясцовай улады Генадзь Фасевіч, які адзіны з прадстаўнікоў пружанскіх сельвыканкамаў прымаў удзел у VII Усебеларускім народным сходзе. Генадзь Мікалаевіч адзначыў, многае, што па сілах народаўладдзю, выконваецца ў Шарашэве, прыводзячы канкрэтныя прыклады. А таксама падзяліўся планамі на перспектыву. І пры гэтым імкнуўся пераканаць усіх прысутных на свяце, што рэалізаваць задумкі можна толькі сумеснай працай. А мясцовай уладзе ёсць на каго абаперціся. Старшыня сельвыканкама пацвердзіў гэта граматамі, якія атрымалі актыўныя шарашоўцы, як па-асобку, так і сямейнымі саюзамі, якія са сваіх сядзіб стварылі сапраўдную казку, якая прыцягвае позіркі і суседзяў, і гасцей пасёлка. Адначасова юбілейныя караваі героям урачыстасці ўручалі прадстаўніцы мясцовай суполкі «Беларускага саюза жанчын», якія прыгатавалі іх уласнаручна. Ад сябе зазначу, што атрымаліся яны вельмі смачныя!

Сапраўды, 645 гадоў — немалы тэрмін, Шарашэва па ўзросце старэй нават за Пружаны. Вось толькі пасёлак нельга назваць «старым», на яго вуліцах яшчэ «бруіцца маладая кроў». У пацвярджэнне чаго на святочную сцэну былі запрошаны маладыя бацькі разам з тымі, хто толькі сёлета пабачыў свет, але ў будучым зробіць так, што імя Шарашэва стане гучаць гучней. І хаця немаўлят не так і многа, як хацелася б, але загадчыца мясцовага садка Таццяна Півень выказала надзею, што колькасць іх абавязкова павялічыцца. З чым маладыя бацькі таксама пагадзіліся.

Безумоўна, усе ўдзельнікі ўрачыстасці атрымлівалі памятныя падарункі, якія падрыхтавала кіраўніцтва ААТ «Пружанскі райаграсервіс». У чым быў даволі прагматычны падыход, таму што бацькі ў пераважнай большасці — работнікі гэтага сельгаставарыства, а іх дзеці — будучыя кадры. Як і першакласнікі, якія сёлета 1 верасня ўпершыню сядуць за парты Шарашэўскай сярэдняй школы імя Хацімскага. І колькасць будучых вучняў амаль што рэкордная для пасёлка — 20 чалавек!

Перакананы, што ўся юбілейная цырымонія абавязкова запомніцца яе гледачам. А аўдыторыя сабралася даволі патрабавальная, таму што ў імправізаванай зале было нямала людзей сталага ўзросту. Яны ж пабачылі нямала падобных свят і могуць аб’ектыўна параўноўваць. Дык вось менавіта яны гучней за ўсіх пляскалі ў далоні. І тым шлюбам, якія ў 2025 годзе святкуюць сярэбраныя і залатыя вяселлі, і сваім равеснікам, таму што падчас урачыстасці былі адзначаны тыя, хто сёлета святкаваў свой асабісты юбілей. А самыя гучныя апладысменты прагучалі ў бок дзвюх старажылак пасёлка — Гелена Антонаўна Матыцкая і Праскоўя Барысаўна Клімашэўская ў бягучым годзе адзначылі 100-гадовы юбілей!

Дарэчы, сярод атрымальнікаў падарункаў быў і… сам пасёлак: уласнаручную карціну роднаму Шарашэву падарыў патомны будаўнік Мікалай Маслаў. Творца пераканаў усіх землякоў, што занатаваў на палатне не толькі мясцовыя краявіды, але і ўсіх шарашоўцаў!

Урачыстымі момантамі святкаванне не скончылася, потым прайшла латарэя сярод гледачоў з каштоўнымі падарункамі ад сельвыканкама. Не менш відовішчны канцэрт гледачам падарылі найлепшыя прадстаўнікі пружанскай самадзейнасці, якія выконвалі песенныя і танцавальныя нумары. А потым была арганізавана зорная дыскатэка, падчас якой з надыходам цемры неба над пасёлкам расквецілі 107 (!) залпаў феерверка.


Прызнаюся, што ад’язджаў са свята з адной думкай: а чым здзівіць Шарашэва ўжо на свой 650-гадовы юбілей?


Алег Сідарэнка
Фота аўтара