Суббота, 12 октября 2024

У 100 гадоў піша вершы і цытуе класікаў Вера Антонаўна Болбат з аграгарадка Клепачы

441

Дзякую жыццю, за маладосць, за ласку,
За то, што падарыла сівізну.
Дзякую за дні і непагоду,
Дзякую, што я яшчэ жыву.

Гэтыя вершы напісала Вера Антонаўна Болбат, чулая і сціплая бабуля з вёскі Клепачы. У 100 гадоў яна чытае на памяць знаёмыя радкі, цытуе класікаў і з падзякай чакае кожны новы дзень.

Сустрэчу з гэтай дзіўнай жанчынай напярэдадні Дня пажылых людзей для нас арганізаваў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Па дарозе ў Клепачы карэспандэнты яшчэ не ведалі, што наперадзе нас чакае незабыўнае знаёмства. Дочкі гераіні Галіна і Людміла сустрэлі ля дзвярэй дома і гасцінна запрасілі прайсці. Вера Антонаўна сядзела на канапе ў вялікім пакоі ў прыгожай квяцістай хустцы. Па прычыне свайго шаноўнага ўзросту вочы яе не бачаць, але яна ўсё чуе і разумее.

Родныя карані

Дочкі самі расказалі нам пра жыццё матулі, бо гаварыць ёй не проста. Калі закранулі тэму радзімы, успаміны дзяцінства, юнацтва, пра жахі выйны, Вера Антонаўна толькі слухала, выціраючы нямыя слёзы кончыкам хустачкі. Часам яна ківала галавой: маўляў, усё правільна, і нічога не прапусцілі.

— Жыццё маму не песціла. Яна нарадзілася ў шматдзетнай сям’і Дацкевічаў, у вёсцы Ціхаволя Свіслацкага раёна. Паколькі была старэйшай, даводзілася наглядаць за пяццю малодшымі, пакуль яе маці працавала ў полі і вяла гаспадарку, — расказвае Галіна. — Але ўсё роўна змагла скончыць тры класы польскай школы. Потым пачалася вайна. Неўзабаве ў сяло прыйшлі немцы: каго забілі, хто збег, астатніх вывезлі і падпалілі хаты, моладзь адправілі ў Германію. Вось і маці апынулася сярод вязняў.

Дарога дадому з нямецкага палону

Змірыцца з такім паваротам лёсу ў юным узросце было няпроста. У нямецкім палоне прыйшлося хутка пасталець і, каб выжыць, цяжка і ўпарта працаваць. Вера патрапіла да багатага пана, які меў шмат зямлі, ферму і стайню. Пад вечар ногі гудзелі, спіна не разгіналася, а рукі, разадраныя да крыві, балелі ўсю ноч і не давалі спакою. Але нават у самыя цяжкія часы маладая дзяўчына працягвала верыць, што аднойчы вернецца дадому, знойдзе сям’ю і абдыме родных.

Калі Чырвоная Армія ўвайшла ў Германію, той пан, на якога гарбаціліся палонныя збег, кінуў дом і усё сваё багацце. Сабраўшы сціплыя пажыткі, моладзь стала вяртацца на радзіму. Дарога дадому была доўгай і страшнай, дзе-нідзе недабітыя немцы былі яшчэ ўзброены і стралялі ва ўпор без разбору. Вера з сябрамі дабіралася, як магла, начавала дзе папала, харчавалася рэшткамі ежы, узятымі з сабой у дарогу. Праз два тыдні вызваленыя апынуліся ў Польшчы. Вера папрасілася ў цягнік, каб хутчэй дабрацца да беларускай мяжы. Па дарозе пачалася аблава, шукалі дыверсанта, тады машыніст схаваў Веру пад лаўку і накрыў мешкавінаю, так яна і выратавалася.

Сярод сваякоў

Вярнуўшыся на радзіму, дзяўчына знайшла сваю сям’ю. Гаспадар дома, дзе жылі Дацкевічы ў весцы Гаркаўшчына пераехаў у Польшчу, а хата так і засталася бацькам. Праз некаторы час раны вайны пачалі гоіцца і жыццё вярталася ў звычайнае рэчышча. Зусім хутка прыехалі сваты, і ў гэты дзень Вера ўпершыню сустрэла свайго будучага мужа Міхаіла. Яны адразу спадабаліся адзін аднаму і неўзабаве пажаніліся. Міхась аказаўся цудоўным чалавекам, любячым, клапатлівым мужам і бацькам. У новай сям’і Болбатаў адна за адной нарадзіліся тры дачкі: Марыя, Галіна і Людміла. І ў такім складзе яны пераехалі ў новы дом, пабудаваны ў родным сяле Ціхаволя, куды Вера заўсёды марыла вярнуцца. Разам з мужам яны пасадзілі вялікі сад, завялі хатнюю гаспадарку і радаваліся падрастаючым дочкам. Сямейнае шчасце Болбатаў працягнулася 35 гадоў: жыццё Міхася абарвала цяжкая хвароба. Дзеці выраслі, стварылі свае сем’і, і Вера Антонаўна засталася зусім адна ў вялікай хаце.

— Старэйшая сястра Марыя выйшла замуж ва Украіну і цяпер жыве ў Вінніцкай вобласці, а мы з Галінай апынуліся тут, у Клепачах, — распавядае Людміла. — А калі бацькі не стала, мама зусім засумавала, і мы вырашылі ўзяць яе да сябе, так і мы побач, і ёй стала спакайней. Вось і жыве яна ў Клепачах амаль 40 гадоў. Калі былі сілы, мама заўсёды дапамагала па гаспадарцы, даглядала ўнукаў, ткала, вышывала, вязала, пякла пірагі. У яе нават заказвалі вясельныя караваі і іншыя стравы. Ад цяжкай працы рукі агрубелі, але натхненне ствараць прыгажосць засталося. А якія карціны яна малявала, проста заглядзішся. Часам мы самі здзіўляліся, адкуль у яе столькі талентаў.

Юбілейная дата

Летась, 26 лістапада, сярод самых блізкіх і родных людзей Вера Антонаўна адзначыла свой стагадовы юбілей. Да гэтай знамянальнай даты Галіна і Людміла сабралі ўсе яе сачыненні і зрабілі хатні зборнік вершаў. Да агульнага здзіўлення, талент Веры Антонаўны раскрыўся, калі ёй было ўжо за 80. У радкі клаліся яе перажыванні, пра якія проста так не раскажаш.

Вера Антонаўна і зараз жыве ў любові і пяшчоце, акружаная ласкай і клопатам з боку самых блізкіх людзей. У яе багатая спадчына: шасцёра ўнукаў і восем праўнукаў, якія ўвесь час наведваюць любімую бабульку, віншуюць з усімі святамі, і па адным толькі поглядзе сініх вачэй адгадваюць усе яе жаданні.

Ірына Велясевіч

Фота Кацярыны Масік