На сайце нашай газеты чытачы распачалі сапраўдную дыскусію наконт законнасці выбару месца пад будаўніцтва аздараўленчага цэнтра з аптэкай ТАА «Бальзам», якое зараз вядзецца на вуліцы Інтэрнацыянальнай. У асноўным супраць выступаюць жыльцы дома №31, згодна з меркаваннямі якіх, ніхто не спытаў іх дазволу на правядзенне такіх работ у непасрэднай блізкасці ад жылога дома. Уладальнікі кватэр першых двух паверхаў заклапочаны тым, што новы аб’ект увогуле схавае сонца і поўнасцю сапсуе агульны архітэктурны выгляд мікрараёна.
Разважаць на гэту тэму можна доўга і безвынікова. На маю думку, мы жывём усё-такі ў адным агульным інтэрнаце пад назвай «горад», таму трэба ўлічваць думкі адзін аднаго і прыходзіць да адзінства.
Як сцвярджае галоўны архітэктар раёна А.Г. Глушко, грамадскія абмеркаванні плана гарадской забудовы па вуліцы Інтэрнацыянальнай праводзіліся, і яшчэ ў 2008 годзе на гэтым месцы была запланавана пабудова, хаця тады яшчэ і не ведалі, канкрэтна якая. Аднак гэтым не абмежаваліся, былі праведзены абмеркаванні з жыльцамі навакольных дамоў. Магчыма, нехта і сцвярджае, што яго думку не спыталі, але подпісы прадстаўнікоў жылых кааператываў, у тым ліку і на Інтэрнацыянальнай, 31, ёсць у праведзенай архітэктурнай экспертызе. Не думаю, што нехта браў на сябе смеласць фальсіфікаваць подпісы.
Дарэчы, мы звязаліся з галоўным інжынерам праектнай арганізацыі «Гептастыль» Н.С.Хала, якая ўваходзіла ў камісію, што займалася распрацоўкай праектна-каштарыснай дакументацыі.
— Падчас складання плана,— як паведамляе Наталля Сяргееўна,— мы кіраваліся наступнымі асноўнымі нарматыўнымі прававымі актамі:
— генеральны план забудовы г.Пружаны з прылеглымі тэрыторыямі ў межах перспектыўнай гарадской рысы;
— нарматывы ТКП 45-3.01-116-2008 «Горадабудаўніцтва. Населеныя пункты. Нормы планіроўкі і забудовы» (з улікам змен, прадугледжаных загадам Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь ад 7 верасня 2011 г. №306).
Калі першы прымаецца з улікам меркавання розных бакоў, у тым ліку і грамадскасці, то іншыя будаўнічыя нормы маюць канкрэтныя абмежаванні. І вось што мы там знайшлі. Напрыклад, у паняцці забудовы жылой зоны ёсць дазвол на будаўніцтва аптэк для абслугоўвання мясцовага насельніцтва. Але, як правільна зазначыў адзін з чытачоў, канкрэтна пра адлегласць да іх не гаворыцца. Ды гэтага і не трэба, бо ў пункце 6.2.7 вызначана мінімальная адлегласці ад вокнаў жылых дамоў для розных (акрамя прамысловых) аб’ектаў:
— для заняткаў фізкультурай — не менш 10 метраў;
— для гаспадарчых мэт (куды можна аднесці і аптэкі) — не менш 20;
— для выгульвання сабак — не менш 40 метраў.
Пункт 6.3.2 забараняе ў непасрэднай блізкасці ствараць аб’екты пажарнай, хімічнай і іншых пагроз жыццю і здароўю насельніцтва, а таксама іх маёмасці. Натуральна, да аптэкі нельга падводзіць чыгунку, а таксама пад’язджаць больш паўсотні грузавых аўтамабіляў у суткі.
Пункт 6.3.5 агаворвае супрацьпажарныя разрывы паміж збудаваннямі, якія ў залежнасці ад катэгорыі складаюць ад 6 да 18 метраў.
Па словах галоўнага інжынера, былі ўлічаны і параметры інсаляцыі і асветленасці, што рэгулюецца патрабаваннямі СТБ 2.04.05, згодна з якімі ніякіх парушэнняў таксама не назіраецца.
Алег Сідарэнка.
