
На мінулым тыдні ўдзельнікі аргкамітэта штогадовага раённага агляду-конкурсу на лепшае навагодняе афармленне будынкаў і прылеглых да іх тэрыторый праехалі па аб’ектах, якія заяўлены былі да ўдзелу.
Каб належным чынам даць ацэнку ўбранню, выехалі, калі пачаліся прыцемкі. Аб’езд стартаваў з Ружан. Першы аб’ект — адміністрацыйны будынак ААТ «Ружаны-Агра». Скажу словамі аднаго з членаў аргкамітэта — начальніка аддзела культуры райвыканкама Канстанціна Панімаша: «Багата». На ўпрыгожаным участку было столькі агеньчыкаў, што здавалася наступіў дзень. На кожным квадратным метры была свая фота-зона, дзе можна было зрабіць не адзін удалы здымак. Старт агляду быў дадзены значны.
З густам было падабрана навагодняе ўпрыгожанне каля Ружанскага сельвыканкама. Тут не было нічога лішняга.
Тэрыторыя санаторыя «Ружанскі» ўся ззяла навагодняй ілюмінацыяй. Не ведаю, хто ў гэтай установе быў дызайнерам, але скажу, што ўпрыгожанні былі падабраны ў тэму, у каляровай гаме, з толкам. Адным з самых прыгожых і, не пабаюся гэтага слова, цэнтральных святочных месцаў не толькі санаторыя, але і рэгіёна стаў «Дом Снягуркі». Тут размясціўся сапраўдны музей снежнай унучкі, яе прыёмная, гасцёўня, трон, скрыня з пажаданнямі. Гэтае казачнае месца карыстаецца вялікай папулярнасцю ў адпачываючых і шматлікіх гасцей санаторыя.
Крэатыўна падышлі да афармлення плошчы ў аграгарадку Клепачы. Трэба аддаць належнае кіраўніцтву ААТ «Жураўлінае», работнікам Дома культуры. Падсветка сямейства зуброў, фотазоны, ёлка зіхацелі рознакаляровымі агнямі. Падчас нашага візіту на плошчы было даволі людна. Гэта сведчыць аб тым, што любяць сюды прыходзіць мясцовыя жыхары і госці аграгарадка.
Цікавую і яркую навагоднюю пляцоўку арганізавалі ў аграгарадку Шані. Тут добра пастараліся супрацоўнікі ААТ «Шані-аграпрадукт» і Шаняўскога сельвыканкама.
Цікавая сюжэтная лінія прасочвалася ў навагодняй кампазіцыі на пляцоўцы ААТ «Пружанскі льнозавод». У кузаве прыгожага трактара «Беларус» важна сядзела змяя — сімвал 2025 года. Перад кабінай размясціўся дракон — сімвал 2024 года, які стараўся збегчы. Былі і іншыя цікавыя малыя формы, якія ззялі рознакаляровымі агеньчыкамі.

Багата і грандыёзна выглядаў амаль увесь перыметр ААТ «Пружанскі малочны камбінат». Тут было ўсё па-дызайнерску выверана, ніводнай лішняй дэталі, кожная кампазіцыя — да месца. Ведаеце, бывае так, што вельмі шмат упрыгожанняў, якія зусім не адпавядаюць зместу, ідэі, сюжэту. Гэта не пра наш малочны камбінат. Здорава!
Калі ў вышэй пералічаных арганізацыях давялося бываць не адзін раз, то каля канторы ААТ «Аранчыцкая птушкафабрыка» быў упершыню. Аказваецца, што раней гэтае прадпрыемства не падавала заяўкі для ўдзелу ў конкурсе. Малайцы, пастараліся на славу!
Цікавымі былі ўпрыгожанні прыдамавых тэрыторый. Тут ужо разгарнуліся на поўную сілу фантазіі гаспадароў.
Не зусім проста было членам аргкамітэта падводзіць вынікі ўбачанага. Але давялося. Расказваем аб прызёрах.

Рашэннем райвыканкама прызнаны пераможцамі ў раённым аглядзе-конкурсе на лепшае навагодняе афармленне будынкаў і прылягаючых да іх тэрыторый у 2024 годзе: у намінацыі «Лепшая арганізацыя сельскагаспадарчай галіны»: ААТ «Жураўлінае» — першае месца; ААТ «Ружаны-Агра» — другое месца; ААТ «Аранчыцкая птушкафабрыка» — трэцяе месца.
У намінацыі «Лепшае аддзяленне банка, лепшая арганізацыя прамысловасці, будаўніцтва, транспарту, сувязі, энергетыкі, гандлю і сферы паслуг, лясной і жыллёва-камунальнай гаспадаркі»: першае месца прысуджана ААТ «Санаторый «Ружанскі», другое — ААТ «Пружанскі льнозавод», трэцяе — ААТ «Пружанскі малочны камбінат».
У намінацыі «Лепшая ўстанова сацыяльнай сферы, лепшы дзяржаўны орган» прызнаны пераможцам Шаняўскі сельвыканкам, на другім месцы — Ружанскі сельвыканкам і трэцім — дзіцячы сад № 5 г. Пружаны.
У намінацыі «Лепшы аб’ект індывідуальнага прадпрымальніцтва» прызнаны пераможцам Яўген Валюкевіч і яго магазін «Гномік» у г. Пружаны.
У намінацыі «Лепшая прыдамавая тэрыторыя аднакватэрнага (блакаванага) жылога дома (жылога памяшкання ў блакаванным жылым доме)» першае месца прысуджана Алене Велясюк (аг. Клепачы), другое — Раману Бармуце (г. Пружаны), трэцяе Віталію Мікуліку ( в. Сланімцы).
Пераможцаў і прызёраў засталося толькі павіншаваць, а астатнім пажадаць актыўней прымаць удзел у конкурсе, а, калі быць дакладным, у час падаваць заяўку на ўдзел. Ведаеце, падчас ваяжу камісіі мы бачылі даволі шмат аб’ектаў, упрыгожаных з густам і нават грандыёзнасцю. Таму – наперад, да новых перамог!
Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара