Четверг, 17 апреля 2025

«Зялёны канвеер» набірае абароты: у гаспадарках раёна ідзе першы ўкос

470

Сёлетняя капрызная вясна часам уносіць кардынальныя карэктывы ў планы аграрыяў. Але гаспадаркі раёна выкарыстоўваюць кожны пагодлівы дзень. Цяпер на першы план выходзіць актыўная нарыхтоўка кармоў для грамадскага пагалоўя буйной рагатай жывёлы.

Як паведамляе дыспетчарская служба ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, па стане на 27 мая травы першым укосам скошаны на плошчы ў 3061 гектар, што да плана складае 10,9% (нагадаем, гаспадаркам трэба работы па першаму ўкосу выканаць на плошчы 28000 га). Першынство ў касавіцы трымаюць працаўнікі ААТ «Ружаны-Агра» (825 га пры плане — 4620), другія — ААТ «Велікасельскае Агра» (адпаведна 656 і 2060), за імі ідуць ААТ «Жураўлінае» (407 і 5120), ААТ «Агра-Калядзічы» (272 і 1800). Замыкаюць пяцёрку лідараў працаўнікі ААТ «Ліноўскае» (242 і 1710 га).

На новым «КВК-800» у ААТ «Ліноўскае» працуе механізатар Віктар Кукла.

Большасць сельгаспрадпрыемстваў працуюць на закладцы сянажных траншэй. Усяго гэтага каштоўнага корма ў раёне закладзена 15844 тоны, пры плане — 278800 тон. І зноў у лідарах тут працаўнікі ААТ «Ружаны-Агра» (8140 тон пры плане 69000 тон). У разліку на адну ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы нарыхтавана 0,65 цэнтнераў кармавых адзінак.


Старт першаму ўкосу ў сераду быў дадзены і ў аддаленым ад райцэнтра філіяле «Аграэнерга Зеляневічы» РУП «Брэстэнерга». У гэты дзень на палеткі выйшла два камбайны – «Ягуар» і «КВК». Тэхніка новая, а за рулём — вопытныя спецыялісты. У дапамогу камбайнам — касілкі, граблі. А яшчэ ажно дзесяць адзінак тэхнікі на адвозцы — МАЗы і трактары. Такі «сімбіёз», упэўнены ў Зеляневічах, будзе садзейнічаць хуткаму і якаснаму тэмпу работ.

Корманарыхтоўка на палетках філіяла «Аграэнерга Зеляневічы» РУП «Брэстэнерга».

Што да плана, то пад першы ўкос тут адведзена 1050 га. Каб пагалоўе было забяспечана якаснымі кармамі, зараз ідзе нарыхтоўка сенажу са злакава-бабовых траў. На раніцу 27 мая скошана 198 га і нарыхтавана 919 т сенажу. Усяго ж за летні перыяд у філіяле «Аграэнерга Зеляневічы» плануюць нарыхтаваць 14 тысяч тон сенажу і 20 тысяч тон кукурузнага сіласу.

Паскорыць тэмпы нарыхтоўкі кармоў перашкаджаюць дажджлівыя ўмовы надвор’я. Сіноптыкі прагназуюць дажджы да канца мая. Спадзяёмся, што чэрвеньскае надвор‘е паспрыяе корманарыштоўшчыкам.

Падрыхтавалі Віктар Ільюшчанка, Уладзіслаў Шпарла.

Фота Кацярыны Масік і Людмілы Ярашэвіч