Калі мяркуеце па назве гэтага артыкула, што гутарка пойдзе пра квадрацыклы, то поўнасцю памыляецеся. Раскажу вам пра такое дзіўнае вынаходніцтва савецкага аўтапрама, як мадэль СМЗ-С3Д. Невядома гэтая машына? Таму што старэйшаму пакаленню яе больш звыкла называць «інвалідкай».

Некалі падобныя аўтамабілі часцяком можна было сустрэць на пружанскіх дарогах. Сапраўды, мяркуючы па назве, карысталіся ёй у асноўным людзі з абмежаванымі фізічнымі здольнасцямі. І спецыялізаванае аўто размяркоўвалася сацыяльнымі службамі менавіта сярод інвалідаў. Для чаго і была рэалізавана аўтабудаўнікамі гэта ідэя.
У 1958 годзе на змену першай трохколавай мадэлі прыйшла С3А ад машынабудаўнікоў з г. Серпухава, якая аматарам савецкага кіно добра вядома па фільме «Прыгоды Шурыка», дзе ў адной з частак кінаакцёр Маргуноў са словамі «Я інвалід» рукамі паварочваў сваю машыну. Аднак тая «спроба пяра» была прызнана няўдалай і распрацоўка новага варыянта закончылася на пачатку 1970-х гадоў з’яўленнем С3Д. Гэта мотакаляска ўвабрала ў сябе шмат неверагодных на той час распрацовак, якія сталі масава выкарыстоўвацца ў будаўніцтве аўтамадэляў ажно праз 2 дзесяцігоддзі. Напрыклад, паліўны абагравальнік ці вебаста, які лічыцца «заходняй» распрацоўкай. Пералічваць тэхнічныя дзівосы няма сэнсу, варта толькі адзначыць, што аўто атрымалася сапраўдным «усюдыходам»: лёгка спраўлялася з палявымі дарогамі нават у непагадзь, пры жаданні магло праехаць і па глыбокім снезе. Той, каму пашчасціла стаць уладальнікам падобнага транспартнага сродку, заслужана называў яго прагрэсіўным.
Апошнія мадэлі «інвалідак» былі выпушчаны СМЗ у 1991 годзе. Калі ўлічыць, што мотарэсурс у іх быў закладзены працягам у 5 гадоў, то нядзіўна, што зараз іх нябачна на нашых дарогах. Але ў Пружанах ёсць аматар, які не толькі захаваў С3Д, а раз-пораз карыстаецца ёй.
Пазнаёміўся з Мікалаем Жогалам выпадкова, аднак спачатку думаў, што ён мае «інвалідку», якая дасталася яшчэ ў спадчыну, а значыць, проста дагнівае ў хляве. Аказалася, што памыляўся.

Мікалая можна назваць заўзятым аматарам, менавіта так апісаў яго зяць, Мікалай Тарасаў, з якім мы размаўлялі па прычыне адсутнасці гаспадара падчас нашага прыезду. Ён паведаміў, што цесць мэтанакіравана шукаў такія машыны, купляў іх у людзей у вёсках і некалі меў ажно 4 штукі. Зараз засталіся 2 такія аўтамабілі, адзін з якіх трымаецца ў гарадскім гаражы. Менавіта той, што дэманстраваў малады чалавек, лічыцца рарытэтнай рэдкасцю, таму што апошні канвеерны выпуск у 1991 годзе выехаў з завода ў чырвонай афарбоўцы кузава. Дагэтуль звычайна выкарыстоўвалі зялёны колер.
— Не скажу, што машынай актыўна карыстаемся, часцей проста катаемся разам з гасцямі, — патлумачыў субяседнік. — Але аўто «на хаду», пастаянна абслугоўваецца, і хоць зараз можа адправіцца ў дарогу.
Абмежаваная эксплуатацыя, нягледзячы на праходнасць мотакаляскі, тлумачыцца тым, што запчасткі на яе зараз не адшукаць нават на аўтамабільных барахолках. Але ў многім С3Д можа даць фору і цяперашнім брэндам. У прыватнасці, кіраваць ёй можна, маючы катэгорыю «А» (матацыклы). Вага ў машыны такая, што два чалавекі (муж і жонка) лёгка вынясуць яе з каляіны. Ёсць даволі аб’ёмны багажнік. У кіраванні таксама ёсць перавагі. Па-першае, запраўляць можна любым бензінам, нават самаробным, трэба толькі дабаўляць масла ў паліва (двухтактны рухавік). І ніякай электронікі, суцэльная механіка. Для руху прадугледжаны 4 перадачы наперад і столькі ж (!) назад. Па-другое, кіраванне толькі ручное, да якога хутка прывыкаеш, таму што яно значна лягчэй, чым сучасны руль.

Ды і рабілі тады аўто значна якасней, напрыклад, на кузаве гэтай мадэлі, якой ужо 33 гады, нябачна ніводнага «жучка». Родная афарбоўка трымаецца таксама трывала. Прадуманы і ўнутраны камфорт для двух чалавек, якія свабодна размяшчаюцца ў даволі невялікай знешне кабіне.
— Адзінае, пра што ніколі не думалі ў Савецкім Саюзе, гэта эканомія паліва, — расказаў Мікалай Тарасаў. — Як мы ўстанавілі, у поўнай загрузцы С3Д бярэ да 7 літраў на «сотню» пры максімальнай хуткасці ў 55 км/гадзіну.
Алег Сідарэнка
Фота Кацярыны Масік