Адным з аграпрыёмаў павышэння ўраджайнасці сельгаскультур з’яўляецца зяблевая апрацоўка глебы. Восеньскае ворыва праводзіцца для лепшага назапашвання вільгаці, мабілізацыі пажыўных рэчываў, знішчэня пустазелля, шкоднікаў і ўзбуджальнікаў хвароб сельскагаспадарчых культур. Да таго ж, эканоміцца час вясной падчас сяўбы яравых.
Гэта добра ведаюць і ў ААТ «Мурава». Тут узняць зябліва неабходна на плошчы 1,2 тысячы гектараў. Штодзень на палеткі выходзяць некалькі трактараў з плугамі. Праўда, неабходна адзначыць, што сёлета праводзяцца гэтыя работы ў няпростых умовах: спачатку глеба была перасохлай, а апошнім часам, наадварот, пераўвільготненая і нават цяжкапраходная для тэхнікі.
І тым не менш, восеньскае ворыва ў таварыстве набліжаецца да завяршэння. Добра спраўляецца са сваімі абавязкамі малады механізатар Дзяніс Пацапня, які трактарам «Беларус-1221» і чатырохкорпусным абаротным плугам узворвае за светлавы дзень каля 6 гектараў плошчаў.
Усяго ў гаспадарках раёна сёлетняй восенню неабходна ўзняць зябліва на плошчы 26 тысяч гектараў. Самыя значныя аб’ёмы работ — у ААТ «Ружаны-Агра», «Айчына», «Жураўлінае», «Агра-Калядзічы», «Вялікасельскае Агра». Больш за палову да неабходнага праведзена восеньскае ворыва на палетках ААТ «Агра-Калядзічы», «Мурава», «Шані-аграпрадукт», «Аранчыцкая птушкафабрыка».
На здымку: не першы год працуе на ўздыме зябліва механізатар ААТ «Мурава» Д.А.Пацапня.
Мікола АРХУЦІК,
Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)