Четверг, 10 октября 2024

«Звезда кино» Даша, ее хозяева и друзья

1 242

Не так даўно ў маленькай і вельмі маляўнічай пушчанскай вёсачцы Стойлы адбылося сапраўднае вясковае вяселле – са старажытнымі абрадамі, аўтэнтычнымі танцамі, спевамі і… возікам, які цягнула гнядая кабылка па мянушцы Даша. У жаданні даведацца, адкуль родам такая прыгажуня, мы рушылі па яе слядах, якія прывялі ў аграгарадок Шчарчова — на сядзібу Міхаіла і Таццяны Гілінбергаў. А там куры з гусямі па падворку між кветак важна шпацыруюць, у дзесяці вуллях пчолы шчыруюць, кучаравыя белыя козачкі мірна скубуць зялёную траўку, а на варце гэтага жылога куточка стаяць сабакі розных масцей…


— Вы не паверыце, у гэтага месца надзвычай прывабная атмасфера, — запэўніваў журналістаў увішны гаспадар. — Калі мы з жонкай, на той час гарадскія жыхары, сем гадоў таму ў пошуках хаткі пад дачу праехалі амаль па ўсіх раёнах Брэсцкай вобласці, то зразумелі, што лепшай вёскі, чым Шчарчова, і лепшай сядзібы, чым гэтая, не знайсці. Няхай хатка і не новая, аднак, паглядзіце, колькі зеляніны навокал! Непадалёк — дуб стагадовы! Ды і пушча побач, а там – грыбы і ягады… Таму тут і вырашылі застацца. Завялі вялікую гаспадарку, каб свежае малако, яйкі, сыр былі. Потым да нашага «церамка» адзін за адным прыбіліся бяздомныя шчанюкі. За імі на падворак завітала… Даша. Вядома, мы сталі наводзіць даведкі: адкуль, чыя? Не кожны дзень бадзяжныя коні на вуліцы сустракаюцца.
Як аказалася, кабылка родам з вёскі Старуны: былыя гаспадары тэрмінова выехалі ў Германію і не паспелі перадаць жывёліну ў надзейныя рукі. А з «ненадзейных рук» Даша збегла і доўгі час бадзялася па ваколіцах, нават пашкодзіла заднюю нагу. Гілінбергі сазваніліся з гаспадарамі і прытулілі бяглянку, якая, да таго ж, аказалася «зоркай кіно»: у 2010 годзе прымала ўдзел у здымках кінастужкі «Брэсцкая крэпасць».


Што цікава, кабылка сябруе з козачкамі і заўсёды, калі вяртаецца з прагулкі, падыходзіць да рагатых, гучна іржэ і круціць галавой, маўляў, вярнулася. Таксама Даша вельмі любіць дзяцей і з задавальненнем катае іх верхам.
– Больш скажу: як сведчылі яе былыя гаспадары, Даша – спецыяліст па іпатэрапіі: хутка знаходзіць кантакт з дзеткамі, хворымі на ДЦП, выклікаючы ў тых толькі станоўчыя эмоцыі. Яна неяк адчувае, што наезнік хворы і ставіцца да яго адпаведна: рухаецца вельмі павольна і асцярожна.
– Ух, ты! – не магу схаваць здзіўлення цікавым фактам.
– Чырык-чырык, – згаджаецца са мной парачка хвалістых папугаяў: Гоша і Мілка, якіх Гілінбергі набылі для поўнай камплектацыі «масоўкі».
Пазнаёміўшыся з яркімі прадстаўнікамі жывёльнага свету, цікаўлюся ў гаспадароў, дзе іх малая радзіма.
– Дзе, дзе! У Карагандзе! – адказвае Міхаіл. І мяркуючы па тоне, яму ў гэты момант не да жартаў і, ужо сапраўды, не да іроніі. Справа ў тым, што менавіта туды, у далёкі Казахстан, у свой час быў сасланы на 10 год яго бацька-вайсковец, немец па нацыянальнасці. Прычына арышту? Усё проста: нямецкае прозвішча гучала для тагачасных супрацоўнікаў НКУС неяк па-асабліваму варожа.
– Лагерныя ўмовы, вядома, былі невыносныя, аднак бацька выжыў. І пасля ссылкі вырашыў застацца ў тым краі, ажаніўся і выгадаваў нас, дзяцей, – расказвае шчарчоўскі гаспадар, які, дарэчы, у нашых заходнебеларускіх мясцінах апынуўся па «працоўнай лініі».
Міхаіл доўгі час займаўся дальнімі грузавымі перавозкамі. І ў Брэсце дванаццаць гадоў таму сустрэў сваё шчасце па імені Таццяна, якая таксама працавала і працягвае працаваць у гэтай сферы. Апушчу падрабязнасці той лёсавызначальнай сустрэчы і ўладкавання іх сумеснага жыцця, скажу толькі, што ў Міхаіла і Таццяны – чацвёра дарослых дзяцей (трое сыноў і дачка) на дваіх і двое маленькіх унукаў.
– Якія любяць прыязджаць да бабулі з дзядулем, каб паласавацца парным малаком з духмяным мёдам і, вядома, правесці як мага больш часу з прыгажуняй Дашай, – кажа на развітанне Міхаіл і заскоквае на каня, які з веданнем справы спраўна дэфіліруе міма журналіста па шчарчоўскай вуліцы.
Алена Зялевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).