Як жывёлы ставяцца да сямейнай вернасці? Аказваецца, у жывой прыродзе, як і ў людзей, пануюць амаль такія ж норавы…
Найгоршыя жонкі — павучыхі
З’яўляючыся намнога буйнейшай за самца, павучыха з задавальненнем закусіць сваім каханым, як толькі закончыцца іх спарванне.
Самыя здрадлівыя — дзятлы
Пасля непрацяглых заляцанняў самец і самка хуценька ўюць гняздо і ў рэкордна кароткі тэрмін — 10 дзён — выседжваюць птушанят. Ледзь выгадаваўшы малых, расстаюцца назаўсёды. За час вымушанага сумеснага пражывання птушкам так цяжка цярпець адзін аднаго, што калі адзін прылятае ў гняздо, то другі тут жа яго па-кідае.
Сапраўдны рыцар — леапард
Леапард прыступае да трапезы толькі пасля таго, як наесца яго жонка. Вядомы паляўнічы і пісьменнік Джон Хантар апісаў такі выпадак: «Я выставіў атручаную прынаду на самку леапарда, якая знішчала хатнюю жывёлу. Наступнай раніцай, калі пайшоў да прынады, убачыў карціну: побач з мёртвай самкай быў яе сябар — галавой самец ляжаў на яе тулаве, быццам бы лашчыўся. Убачыўшы мяне, ён падскочыў, але далёка не пайшоў і ў выніку загінуў ад голаду побач са сваёй каханай, абараняючы яе да апошняга ўздыху».
Самыя верныя — альбатросы
У альбатросаў заўсёды цяжкі лёс. У вечных бадзяннях над акіянічнымі прасторамі яны праводзяць доўгія месяцы, але нязменна сустракаюцца ва ўмоўленым месцы. Першым да берага прылятае самец і цярпліва чакае сваю сяброўку. Пасля некалькіх дзён любоўных уцех самка адкладвае адно яйка, якое пара напераменку выседжвае аж 80 дзён. Клопат пра маленькае птушаня пароўну дзеляць і самка, і самец. Калі нарэшце дзіця пакідае бацькоў, пара расстаецца, каб праз год сустрэцца ізноў. Адмяніць спатканне можа толькі смерць. Калі альбатрос не дачакаецца ва ўмоўленым месцы каханую, ён ніколі не спрабуе знайсці ёй замену і застаецца да канца сваіх дзён удаўцом, які смуткуе па сваёй палавінцы.
Самы адданы — воўк
Гэты драпежнік неверагодна прывязаны да сям’і, прычым не ў цэлым, а да кожнага з членаў зграі асобна. Дзеля сваіх ён гатовы на ўсё: галадаць, ахвяраваць сабой… Менавіта па гэтай прычыне напа-дзенне ваўкоў можа быць небяспечным: яны помсцяць за забітага суродзіча. Зграю ўзначальваюць воўк і ваўчыца. Астатнія яе члены — іх дзеці ад маленечкіх шчанюкоў да 2-3-гадовых падлеткаў. Звычайна ў воўчай сям’і бывае 6-7, а іншы раз і 15 жывёл.
Самыя палігамныя — ламы
У самцоў ламы шмат жонак. Самкі ж настолькі адданыя свайму самцу, што, калі бачаць яго параненым, спяшаюцца на дапамогу, не звяртаючы ўвагі на стрэлы паляўнічых. Калі падобная сумная доля напаткае адну з самак, самец спакойна ўцякае з іншымі сяброўкамі.