Воскресенье, 19 января 2025

Звароты грамадзян, актуальныя пытанні і сітуацыя з цэнамі. Дэпутат Аляксандр Ляўчук працаваў на тэрыторыі Пружанскай выбарчай акругі №9

329

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Ляўчук правёў працоўны тыдзень на тэрыторыі Пружанскай выбарчай акругі №9.

На гэты раз Аляксандр Георгіевіч наведаў Шаняўскі сельвыканкам. Разам з яго старшынёй Сяргеем Лапукам і старшынёй раённага Савета дэпутатаў Мікалаем Кудраўцом абмеркавалі актуальныя для жыхароў сельсавета пытанні. Гэта — праблема замацавання працоўных кадраў на вёсцы, якаснае водазабеспячэнне аграгарадка Шані, знос старых дамоў і ўцягненне свабодных участкаў у севазварот, утрыманне і абслугоўванне дарог. Як было адзначана, гэтыя пытанні з’яўляюцца вострымі ў і шэрагу іншых населеных пунктаў раёна.

Пабываў дэпутат у ААТ «Шані-аграпрадукт», дзе сустрэўся з намеснікам дырэктара Аляксандрам Станкевічам. Народнага абранніка пазнаёмілі з работай гаспадаркі, паразмаўлялі пра надзённае і дасягненні, акрэслілі шэраг праблем. Таксама Аляксандр Станкевіч адзначыў якасную работу ўсіх, хто быў заняты падчас жніва. Гэта дазволіла якасна і ў тэрміны сабраць ураджай. У той жа час сельгаставарыству патрабуюцца вопытныя работнікі на комплексы па ўтрыманні буйной рагатай жывёлы. Мае патрэбу гаспадарка і ў вадзіцелях і механізатарах.

Усяго за тыдзень з пытаннямі да Аляксандра Леўчука звярнулася сем чалавек. Усе звароты ўзяты на кантроль з мэтай вырашэння праблем.

Таксама па даручэнні Палаты прадстаўнікоў дэпутат правёў маніторынг цэн. Увага надавалася гандлёвым аб’ектам райспажыўтаварыства і буйным сеткам, якія працуюць у раёне. Маніторынг паказаў, што ў магазінах шырока прадстаўлена прадукцыя розных вытворцаў — як айчынных, так і замежных. Ажыятажнага попыту на пэўныя групы тавараў няма. Рост цэн на сацыяльна значныя пазіцыі не выяўлены, што пацвердзілі таксама гутаркі з пакупнікамі і прадаўцамі. У той жа час адзначаны невялікі рост цэн на мяса і мясную прадукцыю, асабліва на мяса птушкі.

У завяршэнне працоўнага тыдня дэпутат Аляксандр Ляўчук сустрэўся са старшынёй Пружанскага райвыканкама Міхаілам Грышкевічам. Падчас сустрэчы абмеркавалі найбольш актуальныя пытанні жыццядзейнасці раёна.

Таццяна Кашкан, памочнік дэпутата.

Аляксандр Ляўчук і Сяргей Лапука падчас наведвання магазіна на тэрыторыі Шаняўскога сельсавета.