Ці ведаеце вы Правілы дарожнага руху? Практычна кожны чалавек на гэтае пытанне адкажа станоўча. Але наколькі дасканалыя гэтыя веды, асабліва ў тых, хто не мае вадзіцельскага пасведчання, не праходзіў курс спецыяльнага навучання? А вось удзельнікі школьных аб’яднанняў юных інспектараў дарожнага руху ведаюць значна больш за сваіх аднагодкаў і нават многіх дарослых пра правільныя паводзіны на дарозе, у тым ліку не толькі як пешаходы, але і веласіпедысты. Што і прадэманстравалі падчас традыцыйных раённых спаборніцтваў ЮІР, якія прайшлі ў мінулую суботу на базе СШ № 5.
Першы этап выпрабаванняў юных інспектараў руху на раённым узроўні прайшоў з новымі рэкордамі.
Па-першае, зноў павялічылася колькасць удзельнікаў. Калі летась арганізатары былі крышачку здзіўлены прысутнасцю 16-ці каманд, то сёлета стала яшчэ на адну каманду больш.
І гэта вельмі добра, таму што разам са школьнымі дысцыплінамі з малых гадоў вельмі важна ведаць і Правілы дарожнага руху. І хаця выпускныя экзамены па гэтым прадмеце не здаюць, «дарожныя іспыты» суправаджаюць кожнага практычна ўсё жыццё.
Школьнікі рыхтаваліся цэлы год, каб за некалькі гадзін прадэманстраваць свой спрыт у ваджэнні і веданне тэорыі. І вось тут выявілася другое адрозненне ад мінулагодніх спаборніцтваў: змена лідараў. У прыватнасці, у конкурсе «Тэарэтычны экзамен на веданне ПДР» безумоўнымі лідарамі сталі «юіраўцы» з Кляпацкай школы. Крыху саступілі ім сапернікі з Шаняўской школы імя Міколы Засіма (2 месца) і Мураўскай СШ (3 месца).
Лепшае фігурнае ваджэнне веласіпеда на спецыяльнай трасе паказалі вучні СШ № 3, другое і трэцяе месца падзялілі паміж сабой іх равеснікі з аграгарадкоў Клепачы і Мурава.
Прыемна здзівіла каманда Ружанскай школы імя Казіміра Марача, якая паказала самы высокі ўзровень ведаў у конкурсе «Аказанне першай дапамогі пацярпелым». Каманды Мураўскай і Кляпацкай школ на гэты раз па-іншаму «падзялілі» паміж сабой прызавыя месцы — 2-е і 3-е адпаведна.
Творчы конкурс, у рамках якога неабходна было прадэманстраваць артыстычныя ўменні разам з прапагандай выканання Правілаў дарожнага руху, застаўся за вучнямі з Кляпацкай школы, на адзінкавыя балы саступілі ім каманды з Лінова і СШ № 5.
У выніку па колькасці набраных ачкоў і з улікам атрыманых папярэдніх прызавых месцаў галоўная перамога была прысуджана «юіраўцам» з Клепачоў, якія ў чарговы раз пацвердзілі сваю выдатную тэарэтычную і практычную падрыхтоўку. Крыху ніжэй на п’едэстале гонару апынуліся мураўскія школьнікі. Трэцюю прыступку спаборніцтва заняла каманда з СШ № 3.
Прызёрам і лепшым удзельнікам ад арганізатараў мерапрыемства — аддзялення ДАІ і аддзела па адукацыі райвыканкама — былі ўручаны каштоўныя падарункі. А вось абсалютных лідараў раённага этапу — юных інспектараў з Кляпацкай школы — чакаюць занальныя спаборніцтвы. І тут трэцяя прыемная навіна бягучага года: конкурсныя сустрэчы з камандамі з іншых раёнаў пройдуць… у Пружанах у самы бліжэйшы час. Будзем «хварэць» за нашых!
Алег Сідарэнка.
Фота Кацярыны Масік
Больш фотаздымкаў глядзіце тут: https://vk.com/album-23306785_302328253 і https://ok.ru/budni/album/977575955080