Жыхар аг.Харава Аляксандр Шаўчэнка не проста званар. Ён — той чалавек, які ўласнаручна стварыў званіцу для мясцовага храма і таму карыстаецца ў вернікаў асаблівай павагай.
Калі праваслаўныя храмы часта параўноўваюць з караблём, то званароў — з боцманамі, якія сочаць за спраўнасцю выратавальных сродкаў. Званары, як гаспадары “верхняй палубы”, трымаюць у сваіх руках “галасы царквы”. Менавіта ад іх пачуцця рытму і дакладнасці рухаў не ў апошнюю чаргу залежыць тое, з якім настроем людзі будуць спяшацца ў храм…

Мы сустрэліся з Аляксандрам Шаўчэнкам не за “штурвалам”, паколькі ў той дзень у храме набажэнства не было, і не ў гарачай кузні, а ў хаце. Але калі я пераступіла яе парог, то адразу зразумела, што перада мной — неардынарная асоба. Акустычная гітара ў руках званара сведчыла, што дабравест і бардаўская музыка, перазвон і перабор — цалкам паняцці сумяшчальныя.
— У вольную хвіліну я бяру гітару ў рукі і такім чынам адпачываю. А працы хапае: званіца не завершана, трэба яшчэ бакавіны прыварыць, — распавядае пра бліжэйшыя планы Аляксандр Станіслававіч.
Сам ён мясцовы, па спецыяльнасці электразваршчык. Шмат гадоў загадваў гаспадаркай у Хараўской школе, а цяпер ён — каваль, які працуе ў сваім стылі, але па-старому: з сапраўдным горнам, молатам і кавадлам. Ён здольны выкаваць абсалютна розныя вырабы, пачынаючы ад вытанчаных дэкаратыўных кветак і заканчваючы такой вось званiцай.
Кавальскай справай і музыкай Аляксандр Шаўчэнка цікавіцца з дзяцінства. Дзядуля, айчым яго маці, быў вядомым на ўсю акругу кавалём, хлопчык часта бегаў у калгасную кузню назіраць за тым, як трывалы метал пачынаў выгінацца ва ўмелых руках старога майстра. Браў з сабой гармонік, які бабуля на дзень нараджэння купіла, потым — баян: іграў тыя мелодыі, што чуў па тэлевізары. Потым назбіраў грошай і купіў першую гітару.
— Так і вырас самавукам-музыкам і самавукам-кавалём. Час сапраўдных майстроў прайшоў… Мне да іх далёка.
— Але ж не кожнаму кавалю дадзена стаць яшчэ і званаром! Адкуль гэты талент? Адкуль вера? — пытаюся ў майстра.
— Ад таты-каталіка і мамы-праваслаўнай, якая кожную ня-дзелю ездзіла ў Лыскава на службу. Яны і прывілі мне паважлівае стаўленне да храма, веры, людзей. Акрамя таго, жонка мая Наталля ў царкоўным хоры спявае і ва ўсім мяне падтрымлівае. Дзецям сваім, дарэчы, Андрэю і Дар’і, якія цяпер вучацца ва ўніверсітэце, мы далі поўную свабоду выбару, каб навучыліся верыць без фанатызму, — прызнаецца Аляксандр Шаўчэнка, які, да слова, з’яўляецца званаром і ў Рудніцкім храме.
— Са званамі ў мяне адмысловае сяброўства. Дзякуючы інтэрнэту, вывучыў на слых некалькі відаў перазвону і “лячуся” то ў Хараве, то ў Рудніках: царкоўны звон, кажуць, валодае гаючай сілай і ачышчае паветра ад вірусаў і бактэрый. Да таго ж, перазвон дадае святочнасці набажэнствам. У Брэсце, напрыклад, людзі чуюць звон кожны дзень і прызвычаіліся да яго. А мы, вясковыя людзі, чакаем нядзелю, як Вялікдзень
Што цікава, маючы добрыя музычныя здольнасці, Аляксандр Станіслававіч у адрозненне ад жонкі ў царкоўным хоры не спявае. Прызнаецца, што спеў адцягвае яго ад царкоўнай службы. Але з радасцю падтрымлівае выступленні вакальнага гурта “Раніца” Рудніцкага сельскага клуба-бібліятэкі, які нядаўна, у прыватнасці, выступаў на мерапрыемстве ў раённай бібліятэцы.
— Спявалі духоўныя песні пад гітару. Магчыма, Вы будзеце здзіўлены, але я слухаю і выконваю музыку розных жанраў: і духоўную, і класіку, і рок, і шансон… Для мяне галоўнае, каб яна была напісана з душой. Бо ўсё, што чалавек робіць з любоўю — куе жалеза, звоніць у званы ці спявае — лічыцца, што робіць з Богам.
Алена Зялевіч. Фота аўтара.