Среда, 15 января 2025

Ветэраны фізкультуры і наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання ТЦСАН зноў даказалі, што ўзрост спорту не перашкода

424

На мінулым тыдні ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе № 1 г. Пружаны праходзіла раённая спартакіяда ветэранаў фізічнай культуры, спорту і турызму сумесна з наведвальнікамі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Сёлета спартыўнае спаборніцтва, арганізатарам якога выступіў РФСК «Мухавец», было прымеркавана да 85-годдзя ўтварэння Пружанскага раёна, што зрабіла дадзеную падзею яшчэ больш значнай.

Мерапрыемства пачалося з прывітальнай прамовы дырэктара РФСК «Мухавец» Вікторыі Шаманавай, намесніка дырэктара ТЦСАН Наталлі Чарэшка і старшыні раённага Савета ветэранаў фізічнай культуры і спорту Васіля Зуя. Асаблівая ўвага прысутных была нададзена Галіне Канстанцінаўне Немцавай, якой у гэтым годзе павінна споўніцца 97 гадоў: як ганароваму ўдзельніку гуртка скандынаўскай хадзьбы ёй уручылі спецыяльны падарунак.

Пасля цырымоніі адкрыцця пачаліся самыя сапраўдныя спартыўныя баталіі.

Па выніках спартакіяды ў дысцыпліне дартс трэцяе месца заняла Ала Байко, на другім радку размясціўся Аляксандр Прымачэнка, а пераможцам стала Валянціна Мажэйка.

У шашках на трэцяй прыступцы п’едэстала размясціўся Уладзімір Чакашоў, серабро дасталося ўсё таму ж Аляксандру Прымачэнку, а лепшым стаў Міхаіл Хмара.

У тройку прызёраў у жаночай стральбе ўвайшлі: трэцяе месца — Тамара Рудая, другое — Ала Байко, чэмпіёнства ў Раісы Ільіной. У мужчын у гэтай жа дысцыпліне замкнуў тройку мацнейшых Міхаіл Хмара, крыху лепшы вынік ва Уладзіміра Чакашова, ну а золата дасталося Мікалаю Купрашу.

У спаборніцтвах па штрафных баскетбольных брасках прызёры і пераможцы вызначыліся як у мужчын, так і ў жанчын. Сярод моцнага полу трэці Мікалай Купраш, другі — Міхаіл Хмара, ну а самым дакладным выканаўцам стаў Аляксандр Жук. У жанчын тройка выглядала наступным чынам: трэцяя — Аліна Клімашэвіч, другая — Наталля Бабрук, першая — Тамара Рудая.

У сумесным спаборніцтве па настольным тэнісе бронзавы медаль дастаўся Аляксандру Жуку, другое месца заняла Вера Шурына, а чэмпіёнам стаў Мікалай Купраш.

Усе прызёры і пераможцы былі ўзнагароджаны медалямі і граматамі, а ветэраны фізічнай культуры, спорту і турызму — каштоўнымі прызамі ад РФСК «Мухавец». Але, як мы ведаем, у такіх спаборніцтвах галоўнае не перамога, а ўдзел. Нашы людзі залатога ўзросту даказалі, што здольныя на многае!

Руслан Басак

Фота Кацярыны Масік

Многа фота: https://vk.com/album-23306785_304943390 і https://ok.ru/budni/album/985266964872