Понедельник, 2 декабря 2024

Зрабіць прыгажосць і… захаваць яе! З нагоды прафесійнага свята жыллёва-камунальнай службы — інтэрв’ю з дырэктарам КУВП «Камунальнік» Сяргеем Бабруком

672

Жыллёва-камунальная служба — гэта аснова таго камфорту, які для нас даўно стаў звыклым. Дзякуючы дзейнасці гэтай арганізацыі мы маем магчымасць карыстацца цэнтралізаваным ацяпленнем і водазабеспячэннем, камфортна жыць у шматпавярховых дамах, ісці на работу або ў школу па чыстых тратуарах, асветленых вуліцах… Пералічваць галіны, за якія адказвае служба ЖКГ, можна доўга, але ў першую чаргу варта ўзгадаць людзей, якія там працуюць. Іх рукамі, намаганнямі, адказным стаўленнем да працы робяцца ўсе гэтыя зручнасці.

Менавіта з гэтага напярэдадні прафесійнага свята работнікаў камунальнай службы мы і пачалі гутарку з дырэктарам КУВП «Камунальнік» Сяргеем Бабруком.

— Кожны год нам даводзіцца выконваць немалы аб’ём работ, і зазначу, што не ўсё бачаць гараджане і жыхары іншых населеных пунктаў, дзе ёсць нашы аб’екты. Тое, што навідавоку — верхняя частка айсберга, а значная доля падбору спецыялістаў, падрыхтоўкі тэхнікі і матэрыялаў, а потым першапачатковыя, так званыя «чарнавыя» мерапрыемствы, застаюцца «за кадрам». І гэта выконваюць работнікі камунальнай службы. Наш калектыў складаецца з 690 чалавек. У агульную структуру ўваходзяць участкі водаправодна-каналізацыйнай, жыллёвай, кацельнай гаспадарак, гасцініцы, добраўпарадкавання, саначысткі, службы галоўнага энергетыка, аўтаспецгаражу, рамонтна-будаўнічы і іншыя. І без сумнення скажу, што працуюць у гэтых падраздзяленнях людзі з прафесійнай падрыхтоўкай, асаблівага майстэрства і высокай адказнасці. Сярод такіх адзначу начальнікаў участкаў Левана Гаргадзе і Андрэя Янушкевіча, майстроў Уладзіміра Бароўскага, Артура Мазюка, Сяргея Друзя і Юрыя Нежывінскага, а таксама сталяра Пятра Токара, машыніста экскаватара Анатоля Старуна.

«Сэрцам» Пружанскага КУВП «Камунальнік» можна назваць дыспетчарскую службу. Тут кругласутачна кантралююцца ўсе сферы дзейнасці камунальнай гаспадаркі: водазабеспячэнне, работа ліфтаў, кацельняў і многае іншае. Сюды ж паступаюць заяўкі грамадзян па тэл.115. Толькі летась іх было больш за 6 тысяч. На дзень нашага наведвання ў арганізацыі дзяжурыў дыспетчар Максім Засім.

— Сяргей Васільевіч, а што ўдалося рэалізаваць летась?
— Галіна ЖКГ існуе і працуе для таго, каб своечасова і якасна забяспечваць спажыўцоў асноўнымі жыллёва-камунальнымі паслугамі ў запатрабаваных аб’ёмах, паляпшаць якасць абслугоўвання насельніцтва, ствараць і падтрымліваць камфортныя ўмовы пражывання і спрыяльнага асяроддзя.

Спынюся на асноўных паказчыках.

Цеплазабеспячэнне. Працягласць сетак сёння роўная амаль 150 км. Больш за 99% іх пракладзена з выкарыстаннем сучасных папярэдне ізаляваных труб. А гэта — менш аварыйных выпадкаў, цепластрат і адпаведна больш рацыянальныя выдаткі, энергетычныя і матэрыяльныя. Пагаджуся, што пакуль мы не на ідэальнай мяжы, але паступова рухаемся да яе. Напрыклад, летась перакладзена 4 км зношаных цеплавых сетак, на што выдаткавана 580 тысяч рублёў з абласнога бюджэту.

У выніку яшчэ панізілі страты цеплавой энергіі да 9,8%, а таксама забяспечылі надзейнае і бесперабойнае цеплазабеспячэнне спажыўцоў у мінулы асенне-зімовы перыяд.

Інжынер-тэхнолаг станцыі абезжалезвання г. Пружаны Вераніка Шопік кантралюе працэс ачысткі вады, сочыць за сеткамі і аб’ёмам пітнога забеспячэння, а інжынер-хімік Таццяна Гуцу адказвае за карыснасць вады, якую мы спажываем. Трэба сказаць, што для ачысткі выкарыстоўваецца спецыяльны крамянёвы фільтр, які адначасова насычае вадкасць карыснымі элементамі.

Водазабеспячэнне і водаадвядзенне. Імі зараз карыстаецца больш за 99% насельніцтва горада і пасёлкаў гарадскога тыпу, амаль 95% аграгарадкоў. Прыкладна такія ж паказчыкі па выкарыстанні каналізацыйных сетак. Штогод рэалізуюцца мерапрыемствы Дзяржаўнай праграмы «Чыстая вада», дзякуючы чаму зараз на Пружаншчыне дзейнічаюць 13 станцый абезжалезвання, дзве з якіх былі пабудаваны летась — у аграгарадку Харава і вёсцы Магілёўцы. На рэалізацыю гэтых планаў накіравана амаль 460 тысяч рублёў бюджэтных сродкаў.

Жыллёвы фонд. Стабільна кожны год ён атрымлівае бягучы і капітальны рамонты. У 2021 годзе на бягучы рамонт жылых дамоў было выдаткавана каля 400 тысяч рублёў, адрамантавана амаль 2 000 квадратных метраў дахаў, больш за тысячу метраў стыкаў сценавых панэляў.

А капітальны прайшоў на амаль 9 тысячах кв.м жылфонду, на што накіравана 620 тысяч рублёў з раённага бюджэту і 588 тысяч рублёў адлічэнняў грамадзян.

Вадзіцель участка саначысткі Юрый Шумскі амаль 15 гадоў адпрацаваў у камунальнай службе. Адказны работнік, у якога і тэхніка заўсёды спраўная.

Саначыстка і вываз смецця. Для гэтай дзейнасці распрацаваны і зацверджаны 47 маршрутных карт для збору камунальных адходаў. І ўсе яны дзейнічаюць, ахопліваючы кожны населены пункт Пружаншчыны. Паслугай карыстаюцца ў горадзе і гарпасёлках — 100% жыхароў, у вёсках — амаль 99%.

Добраўпарадкаванне. Тут нам не трэба пацвярджаць сваю работу лічбамі, усё спажыўцы бачаць на свае вочы. Скажу толькі, што наш горад лічыцца адным з самых зялёных у вобласці, узровень яго азелянення склаў 41%.

У 2021 годзе арганізацыя набыла новую аўтавышку са стралой да 14 метраў. Аўтамабіль выдадзены электрыкам, якім будзе цяпер зручней праводзіць работы на вышыні. Рамонт вулічнага ліхтара вядуць электраманцёры Віктар Баран і Валерый Панасенкаў.

— Безумоўна, хацелася б яшчэ больш зробленай прыгажосці…
— Зразумела, што ўсё залежыць ад фінансавых магчымасцей. Мы толькі ў нязначнай частцы з’яўляемся камерцыйнай арганізацыяй, у асноўным атрымліваем датацыі з бюджэту. Хаця ў плане добраўпарадкавання можна было б, напэўна, зрабіць удвая больш, калі б не «дапамога» вандалаў. Летась у адным з выпускаў газет мы давалі справаздачу, колькі асфальту можна было дадаткова пакласці, колькі метраў тратуараў зрабіць, дэкаратыўных насаджэнняў высадзіць, калі б не даводзілася аднаўляць і рабіць нанава лаўкі, сметніцы, дарожныя знакі, агароджы, дзіцячыя атракцыёны. Сотні рублёў адцягваюцца ад планаў па добраўпарадкаванні, каб змыць брыдкія надпісы, замяніць разбітыя шыльды, вярнуць на месца ўкрадзеныя накрыўкі люкаў… Зазначу, што камунальнікі робяць усё неабходнае, аднаўляюць пашкоджанае. Але ж зноў за грошы падаткаплацельшчыкаў.

Словам, атрымліваецца, што непасрэдна або ўскосна, калі не звяртаюць увагі на хуліганаў, нашы людзі шкодзяць самі сабе. Летась мы звярнуліся з заклікам да гараджан не быць раўнадушнымі, цікавіцца, як іх дзеці паводзяць сябе на вуліцы. Ці пачулі нас? Сёлетнія факты паказваюць, што не.

Круглы год праводзяцца работы па добраўпарадкаванні. А веснавы сезон пачынаецца з пабелкі дрэваў, якую выконваюць Ірына Цабрук, Марына Кацюруба і Наталля Постнік.

— Сяргей Васільевіч, хачу пажадаць Вам і калектыву камунальнай службы сіл, цярпення і энергіі, не адыходзіць ад традыцый, рабіць наш раён самым прыгожым і ўтульным.
— Далучаюся да пажаданняў і са свайго боку зычу калегам і падначаленым здароўя, дабрабыту ў сем’ях. Хочацца, каб тое, што кожны год мы робім, толькі радавала.

Гутарыў Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік


ВІНШУЕМ З УЗНАГАРОДАЙ!

Пружанскі раённы выканаўчы камітэт вырашыў узнагародзіць
за шматгадовую добрасумленную працу і ў сувязі з прафесійным святам Граматай райвыканкама:
Шумскага Юрыя Віктаравіча, вадзіцеля аўтамабіля ўчастка «Саначыстка» Пружанскага КУВП «Камунальнік»,
Падзячным пісьмом райвыканкама:
Гізуна Ігара Рыгоравіча, машыніста кацельні ўчастка кацельнай гаспадаркі Ружаны Пружанскага КУВП «Камунальнік».

Прэзідыум Пружанскага раённага Савета дэпутатаў вырашыў узнагародзіць Ганаровай граматай Пружанскага раённага Савета дэпутатаў:
за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне працоўных абавязкаў, вялікі асабісты ўклад у развіццё жыллёва-камунальнай гаспадаркі Пружанскага раёна і ў сувязі з прафесійным святам
Бугаёва Васілія Васільевіча, цесляра ўчастка ЖЭУ-1 цэха жыллёвай гаспадаркі Пружанскага КУВП «Камунальнік».