Каб убачыць прыгажосць на лёдзе, зачаравацца ёю і атрымаць сапраўдную асалоду, не заўсёды трэба ўключаць нейкія шоу ці спартыўныя каналы. Часам дастаткова проста завітаць у наш Лядовы палац. 7 і 8 кастрычніка спартыўная ўстанова дала магчымасць жыхарам і гасцям Пружан ужывую, а не з экрана гаджэта пабачыць бліскучыя праграмы. Спартсмены ж на арэне прадэманстравалі, што такое патэрн-танец у чатырнаццаць крокаў, зорны вальс, рокер факстрот і не толькі.
За два дні ў Лядовым палацы прайшлі этапы трох рэспубліканскіх спаборніцтваў па фігурным катанні. Адметна, што першы этап Адкрытага першынства Беларусі сярод юнакоў і дзяўчат «Зорачка», як і другі Адкрытага Кубка «Беларускага саюза канькабежцаў» — выключна па танцах на лёдзе. Яны ж, а таксама адзіночныя пракаты, былі прадстаўлены і ў праграме яшчэ адных спаборніцтваў — другога этапу Адкрытага Кубка Беларусі па фігурным катанні.
Можна сказаць з упэўненасцю, што столькі танцаў на лёдзе наша арэна не бачыла даўно! Калі на іншых падобных турнірах выступленні пар пакідалі «на дэсерт», то ў дадзеным выпадку напрыканцы выступалі адзіночнікі. Ну, а каб яшчэ больш прыхільнікаў фігурнага катання змаглі далучыцца да спаборніцтваў, на YouTube-канале «Беларускага саюза канькабежцаў» арганізавалі прамую трансляцыю з Пружан.
Адкрылі праграму танцы на лёдзе ў рамках «Зорачкі». Ужо па назве турніру зразумела, што свае праграмы прадстаўлялі дзеці. У першы дзень спартсмены (а змагаліся ў дадзеным выпадку мінчане) выконвалі зорны вальс і іншыя танцы. У другі парадавалі яшчэ і адвольнай праграмай. Па выніках трох танцавальных пракатаў размеркаваліся месцы на п’едэстале. Такім чынам у другім спартыўным разрадзе чэмпіёнамі «Зорачкі» сталі Арына Грабко і Міхаіл Жукаў. У першым перамогу святкавала пара Варвары Раўгень і Міхаіла Прусянкова.
Змянілі юных зорачак на лёдзе больш дарослыя спартсмены са сталіцы. Кандыдаты ў майстры спорту выконвалі рытм-танец і адвольную праграму ў рамках этапу Кубка «БСК» па танцах на лёдзе. Падкрэслю, што пара Таццяны Хадаркевіч і Яраслава Сыціка, якая заняла другое месца, ужо прыязджала на турнір у Пружаны. Гэтыя ж спартсмены знаходзяцца ў пастаянным рэзервовым складзе зборнай каманды Беларусі па фігурным катанні. Першымі на гэтых спаборніцтвах сталі Караліна Красоўская і Ягор Трацэўскі.
Вышэйшы пілатаж пружанцам прадэманстравалі танцавальныя пары, якія выступілі ў катэгорыі майстроў спорту і таксама трэніруюцца ў Мінску. Гаворка тут пра 2-гі этап Адкрытага Кубка Беларусі па фігурным катанні. Абсалютную перамогу пасля рытмічнага танца і адвольнай праграмы святкавалі, як, дарэчы, і па выніках спаборніцтваў у Пружанах у лютым, Кацярына Андрэева і Дзмітрый Бліноў.
Калі танцавальныя пары выканалі свае нумары і атрымалі адзнакі арбітраў, яны саступілі лёд адзіночнікам. І вось тут пружанцы, і я асабіста, пачалі хвалявацца мацней. Нашу ДЮСШ № 2 на чарговым этапе Кубка Беларусі прадстаўляла Ганна Калінка. У свае 16 яна ўпарта крочыць да мэты, прыязджае на трэніроўкі ў наш горад з абласнога цэнтра і адначасова з’яўляецца навучэнкай школы фігурнага катання расійскага трэнера Аляксандра Волкава. На спаборніцтвах брэстчанку падтрымлівалі бабуля Вольга Іванаўна, сяброўкі па камандзе, трэнеры і многія іншыя. У выніку ў Ганны золата, з чым ад душы віншуем спартсменку і яе трэнераў Вольгу Уважаную і Таццяну Хадаровіч.
Хвалююча было назіраць і за хлопцамі, таму што з пяці спартсменаў, прадстаўленых на турніры, трое рабілі першыя крокі ў фігурным катанні на пружанскай арэне.
Менавіта таму не мог не падысці да Яўгена Пузанава. У 2007-м чатырохгадовы хлопчык прыйшоў у Лядовы і ўжо тады, па сутнасці, вызначыў сваю жыццёвую дарогу. Як бы цяжка ні было, фігурнае катанне не кідаў. Сёння Жэні 20, ён студэнт БДУФК, а ў багажы — перамогі на многіх міжнародных спаборніцтвах. На турнір у родны горад Жэня прыехаў начным поездам з Санкт-Пецярбурга, дзе выступіў па-за конкурсам на Усерасійскіх спаборніцтвах «Мемарыял Паніна-Каломенкіна», паказаў чацвярныя скачкі і ўстанавіў новы асабісты рэкорд у кароткай праграме. Новую адвольную пад музыку «Кармэн» прадставіў на родным лёдзе. Гэта было асабліва адказна яшчэ і таму, што на трыбунах падтрымлівалі галоўныя фанаты — дзядуля Анатоль Уладзіміравіч і бабуля Галіна Рыгораўна, якія верылі ў перамогу ўнука.
— На спаборніцтвы ў Пружаны, — гаворыць Яўген, — заўсёды еду з думкай, што на сваёй арэне яшчэ ні разу не прайграваў. Гэта дадае ўпэўненасці ў сабе. Плюс, канечне, родныя сцены. А гэта заўсёды яркія ўспаміны пра тое, як тут працаваў, як падаў і падымаўся, трэніраваўся. Успаміны накрываюць і калі проста едзеш на арэну, бачыш вуліцы Пружан… На жаль, апрача спаборніцтваў, пабываць у родным горадзе ўдаецца нячаста, што тлумачыцца насычаным трэніровачным працэсам. Яго вяду зараз на Мінск-Арэне пад кіраўніцтвам Сяргея Воранава. Ён сам толькі нядаўна скончыў спартыўную кар’еру, быў прызёрам чэмпіянатаў Еўропы і свету. Трэніравалі яго ў тым ліку Этэры Тутберыдзэ і Аляксей Урманаў, які прыязджаў і ў Пружаны. Трэніравацца даволі складана, але, мабыць, так і павінна быць. Адзін з галоўных стартаў сезона, да якога будзем упэўнена рыхтавацца зараз, чэмпіянат Беларусі, ён пройдзе ў снежні.
І на гэты раз з Пружан у Мінск Жэня павёз залатую ўзнагароду. Яшчэ адзін спартсмен, вядомы чытачам, нядаўні прызёр Гульняў «Дзеці Азіі», які выступаў на турніры ў Пружанах за Брэсцкую вобласць, Васіль Барахоўскі — трэці. Таксама наш рэгіён прадстаўляў і былы выхаванец пружанскай школы фігурнага катання Мікалай Казлоў.
Сезон набірае абароты, таму ўсім спартсменам — плённых трэніровак і толькі поспехаў. І да сустрэчы на турнірах у Пружанах!
Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара і Беларускага саюза канькабежцаў
Фотаальбом глядзіце тут: https://vk.com/album-23306785_297917438