Вторник, 22 апреля 2025

Зорны скульптар

409

Даследаванне касмічнай прасторы было запаветнай марай чалавецтва. Вялікі прарыў у гэтай галіне адбыўся 12 красавіка 1961 года з запускам карабля «Усход» з Байканура. На яго борце быў 27-гадовы савецкі касманаўт Юрый Гагарын — першы чалавек, які пераадолеў зямное прыцягненне. Па рашэнні Генеральнай Асамблеі ААН 12 красавіка пачалі адзначаць на міжнародным узроўні як Міжнародны дзень палёту чалавека ў космас.

А сёлета суверэнная Беларусь у другі раз адзначае гэтае свята ў статусе касмічнай дзяржавы: 6 красавіка 2024 года з арбіты на Зямлю вярнуўся міжнародны экіпаж, у складзе якога была беларуска Марына Васілеўская.

У фондах музея-сядзібы «Пружанскі палацык» беражліва захоўваецца скульптурны партрэт Юрыя Гагарына, створаны рукой таленавітага скульптара, заслужанага дзеяча мастацтваў, народнага мастака Рэспублікі Беларусь, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР Івана Якімавіча Міско. Невыпадкова яго называюць «зорным» скульптарам.

Тэмай космасу мастак «захварэў», калі не стала Юрыя Гагарына, у 1968 годзе. «Увечары прыйшоў дадому і пачуў па радыё: трагічна абарвалася жыццё першага касманаўта. Раніцай пад гукі жалобнай музыкі пачаў ляпіць яго скульптурны партрэт», — успамінаў у адным з інтэрв’ю Іван Міско.

Іван Якімавіч – аўтар цэлай галерэі скульптурных партрэтаў выдатных прадстаўнікоў гэтай прафесіі. Сярод іх — амаль усе касманаўты былога Савецкага Саюза, у тым ліку, беларускія, такія як Уладзімір Кавалёнак, Пётр Клімук і Алег Навіцкі. Івану Міско пазіравалі і многія ўдзельнікі міжнародных экіпажаў.

Цікава, што кожны касманаўт, які адпраўляецца ў палёт, пакідае аўтограф на дзвярах гасцінічнага нумара, у якім начуе перад стартам. Падобную традыцыю завялі і ў майстэрні Івана Міско ў Мінску. На дзвярах майстра больш за сотню подпісаў герояў яго твораў: не толькі заваёўнікаў космасу, але і вядомых навукоўцаў, знакамітых кампазітараў і паэтаў.

Марына Каўтунюк, галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык»