Среда, 19 февраля 2025

«Зорачкі» з усёй краіны ў Пружанах! Лядовы палац прымаў першынство рэспублікі па фігурным катанні

767

17 сакавіка ў Пружанскім Лядовым палацы адбылося адкрыццё першынства Рэспублікі Беларусь па фігурным катанні на каньках «Зорачка», якое доўжылася на працягу чатырох дзён.

Мэта спаборніцтваў — адбор мацнейшых спартсменаў у нацыянальную і зборную каманды Рэспублікі Беларусь для падрыхтоўкі і ўдзелу ў чэмпіянатах і міжнародных спаборніцтвах. Каля двухсот удзельнікаў ва ўзросце ад 4 да 19 гадоў выйшлі на лёд. 13 чалавек прадстаўлялі менавіта пружанскую спартыўную школу.

Адкрыццё прайшло ва ўрачыстай абстаноўцы з удзелам салістак узорнай эстраднай студыі «Меладзін» гарадскога Палаца культуры. Асаблівым момантам стала ўзнагароджанне трэнера па фігурным катанні Вольгі Уважанай Ганаровай граматай упраўлення спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама. Па выніках 2021 года яна стала лепшым трэнерам па фігурным катанні ў Пружанах.

Падчас спаборніцтваў лепшыя вынікі паказалі наступныя нашы спартсмены: Злата Амельянюк заняла першае месца ў 1-м спартыўным разрадзе, Марыя Мардуева стала другой у 2-м спартыўным разрадзе, Крысціна Валасюк перамагла ў 2-м юнацкім разрадзе.

Удзел у гэтых спаборніцтвах дазволіў пружанскім спартсменам не толькі падтрымаць праект «Пружаны — здаровы горад», але і прадэманстраваць сваю фізічную падрыхтоўку, грацыю, прафесіяналізм, паказаць усім, што спорт і здаровы лад жыцця — шлях да прыгажосці і здароўя.

Вольга Вадзяновіч. Фота Кацярыны Масік.

Больш фотаздымкаў: https://vk.com/album-23306785_283189559