І вінаваты ў гэтым не адказныя службы, а самі адпачываючыя. За два папярэднія тыдні, калі фактычна пачаўся купальны сезон, гэтаму было нямала пацвярджэнняў.
Вада ў летнюю спёку вабіць многіх. У вольны час астудзіцца ў прахалодзе азёр і зручна, і карысна. Асабліва вялікія натоўпы адпачываючых назіраліся ў папярэднія выхадныя на ўсіх афіцыйна дазволеных для купання вадаёмах. Сёння і заўтра чакаецца не менш наведвальнікаў. Трэба сказаць, што на ўсіх месцах, вызначаных для купання, адказныя арганізацыі зрабілі многае: кабінкі для пераапранання, грыбкі, лаўкі, пясочніцы, спартыўныя і санітарныя аб’екты. Вось толькі некаторыя адпачываючыя лічаць, што тая інфраструктура на берагах вадаёмаў — рэч аднаразовая, якую можна сапсаваць, засмеціць. У гэтым мы пераканаліся ўвачавідкі, калі наведалі шэраг сажалак падчас рэйда з удзелам прадстаўнікоў раённага таварыства выратавання на водах і праваахоўных органаў.
Работнікі камунальнай службы, якія сочаць за парадкам на гарадскім возеры, пасля выхадных вынеслі з пляжаў некалькі кантэйнераў смецця. Сумленныя грамадзяне, вядома ж, карыстаюцца сметніцамі, але ж пераважная большасць адпачываючых пакідае пасля сябе горы ўпаковак ад марожанага і чыпсаў, пластыкавых і шкляных бутэлек. Некаторыя кампаніі, у чым мы самі пераканаліся, раскідвалі ўсё гэта вакол сябе, не саромеючыся іншых адпачываючых. На заўвагу матроса-выратавальніка, які патрабаваў парадку, некалькі грамадзян адрэагавала настолькі бурна, што ў інцыдэнт давялося ўмешвацца выкліканаму патрулю міліцыі.
— На жаль, некаторыя грамадзяне да адпачынку ля вады ставяцца, як да «дзікіх» выездаў на прыроду: маўляў, мы тут сабраліся і будзем рабіць што заўгодна,— расказвае старшыня раённага таварыства выратавання на водах Ю.М.Амельянчук.— Ужываюць спіртное, брыдка лаюцца на ўсё наваколле, нягледзячы на тое, што побач размясціліся мамы з малымі дзецьмі.
Асобна ўвага надаецца менавіта непаўналетнім: дзецям да 14 гадоў купанне без суправаджэння дарослых забаронена. Такое правіла прыдумана нездарма, абапіраючыся на штогадовую сумную статыстыку. Таму яно дзейнічае на ўсіх вадаёмах, і дзяжурным матросам пастаўлена задача не пускаць да вады кампаніі малалетніх без такога суправаджэння. Але ж усю тэрыторыю пільна кантраляваць немагчыма, і дзеці знаходзяць абходныя шляхі да пляжа. Застаецца толькі спытаць: а ці ведаюць іх бацькі, дзе малыя бавяць свой свабодны час?
Падобныя праблемы характэрны не толькі для гарадскога возера, шмат дзяцей без нагляду бацькоў дабіраецца да вадаёмаў і ў Кабылаўцы, і ў Лінова, і на Паперню. Тое ж самае пацвярджае і матрос-выратавальнік кляпацкага вадаёма С.С. Мартынчук. Толькі там, дзе вадаёмы размешчаны па-за межамі населенага пункта, менш збіраецца дзятвы без суправаджэння старэйшых асоб. Але там узнікаюць праблемы іншага характару: свабода распускае ўжо дарослых. Сажалка каля в.Носкі знаходзіцца ў лясным масіве, нават пляж амаль поўнасцю патанае ў цяні дрэваў. Дабіраюцца сюды адпачываючыя на аўтамабілях, для чаго лясгасам, які адказвае за парадак, непадалёк ад берага вадаёма зроблена аўтастаянка, а праезд загароджаны шлагбаумам. У час нашага прыезду на паркоўцы было нямала свабоднага месца, але ўсё роўна знайшоўся самы «разумны», які праехаў амаль да самай вады. Спачатку ўчастковы інспектар міліцыі А.В. Сарока запатрабаваў адагнаць з пляжа машыну, але потым убачыў стан вадзіцеля і быў вымушаны перагнаць аўто самастойна.
— Акрамя экалагічнай небяспекі, падобныя дзеянні ствараюць непасрэдную пагрозу для адпачываючых,— тлумачыў уладальніку аўто Аляксандр Васільевіч.— Паглядзіце, навокал шмат сем’яў з дзецьмі, а малыя ўлезуць куды заўгодна. А з-за вашага стаўлення да правілаў і да бяды недалёка.
Па словах міліцыянера, яшчэ адной праблемай на пляжах з’яўляецца захаванасць маёмасці. У аграгарадку Клепачы возера размешчана зручна, на ўскрайку населенага пункта. Таму мясцовыя жыхары, а таксама з навакольных вёсак нярэдка з’язджаюцца сюды на веласіпедах. З дзясятка тых, што мы ўбачылі пакінутымі без нагляду, ні адзін двухколавы транспартны сродак не быў замкнёны. «Дык там жа побач выратавальнік»,— зазначыла адна з бабуляў, але ж яна адразу і абвергла сваё выказванне: маўляў, яму трэба сачыць за адпачываючымі, каб своечасова зрэагаваць, калі некаму спатрэбіцца дапамога. Сапраўды, не будзе дзяжурны матрос кантраляваць, хто на чым прыехаў, для яго галоўнае — парадак у вадзе і на пляжы.
Як паказвае практыка падобных рэйдаў у папярэднія гады, прымусіць людзей захоўваць парадак у месцах масавага адпачынку ля вады можна толькі карнымі метадамі — пратаколамі, штрафамі. Для чаго давядзецца за кожным вадаёмам замацаваць не адзін дзясятак міліцыянераў, выратавальнікаў і нават медыкаў для агляду тых, хто вырашыў «расслабіцца». Прычым знаходзіцца там такія брыгады павінны з самага світанку і да заходу сонца.
Ці рэальна гэта? Прасцей проста не смяціць, культурна адпачываць і захоўваць простыя правілы паводзін. Гэтага дастаткова для таго, каб зробленая інфраструктура праслужыла доўга і на карысць не адной кампаніі, а іншым, хто прыйдзе адпачываць да возера ў наступныя дні. Словам, перш увагу трэба звяртаць менавіта на сябе: а ці спадабалася б мне такое суседства?
Алег Сідарэнка, Кацярына Масік (фота).