19 лютага ў Эміліі Васільеўны і Уладзіміра Сяргеевіча Купрашаў з вёскі Бабінец залаты юбілей сумеснага жыцця.
З’ехаўшы з новай аб’язной дарогі на Роўбіцк, здаецца, што дабрацца да Бабінца нескладана: павярнуць па ўказальніку, праехаць тры кіламетры — і вось ты на месцы. Але сёлетняй снежнай зімой знайсці сярод пушчанскіх палеткаў населены пункт, больш падобны на хутар, аказалася не так лёгка: напэўна, нават тэхніка расчышчала снег навобмацак, па прынцыпе «дзе расчышчана, там і дарога».
Большую цікавасць Бабінец выклікае ў людзей, канешне, летам: тут добраахвотнікі аднаўляюць найбуйнейшую ў Беларусі калонію белага бусла, а нядаўна праз вёску працягнулі турыстычны веламаршрут «Шляхам буслоў».
Але зімой, зразумела, нас сюды прыцягнулі зусім не бусліныя гісторыі. Гэтая вёска адметна яшчэ і людзьмі. Сёння тут налічваецца ўсяго тры жыхары, двое з якіх — сямейная пара Купрашаў. Менавіта да іх мы спяшаліся ў госці: неўзабаве Эмілія Васільеўна і Уладзімір Сяргеевіч адзначаць залатое вяселле.
Гасцінныя пенсіянеры, напэўна, дзякуючы пастаяннай увазе з боку турыстаў, не саромеюцца незнаёмых людзей, шчыра дзеляцца сваёй гісторыяй кахання.
Уладзімір Сяргеевіч родам з Прыкалеся, Эмілія Васільеўна — з Вялікага Красніка. Восем кіламетраў адлегласці паміж вёскамі не былі перашкодай для закаханых: наадварот, толькі надавалі рамантычнасці іх пяшчотным адносінам. А сустрэліся яны ўпершыню ў Сухопальскай царкве. Відаць, Бог блаславіў іх на далейшыя адносіны.
— Тады людзі з усяго наваколля сабраліся на Велікодную ўсяночную, — расказвае жанчына. — Адна з дзяўчат-сябровак і звярнула маю ўвагу на Валодзю: сказала, што на мяне ўвесь час паглядвае незнаёмы хлопец.
Не прайшло і месяца, як маладыя людзі ўбачыліся зноў. Мясцовая моладзь ездзіла на заробкі ў Яроміцкае БМУ ў суседні Кобрынскі раён. Там Валодзя з Людай (так блізкія і знаёмыя называюць Эмілію Васільеўну) і пазнаёміліся бліжэй. Гаваркая Эмілія Васільеўна ўспамінае пра той перыяд:
— Я з дзяўчатамі жыла на кватэры. Валодзя быў частым госцем у нашай хаце. Але сапраўды звярнула на яго ўвагу, мабыць, пасля таго, як гаспадыня пацікавілася, навошта так «адкідваю» віднага кавалера.
Кожную суботу маладзёжны працоўны дэсант адпраўляўся дамоў. Дзяўчына не паспявала паесці, як хлопец ужо сядзеў у яе на парозе: толькі прывітаецца з роднымі, як ужо спяшаецца да сяброўкі — летам на веласіпедзе, а снежнай зімой на лыжах.
— Памятаю, як аднойчы на святок моладзь з навакольных вёсак, як звычайна, сабралася ў Сухопалі. Мой кавалер з букецікам прыехаў. Я не стрымалася, каб не зачапіць яго: «Ой, Валодзя, якая ў цябе кветачка прыгожая! Падары мне галінку». На што пачула ў адказ: «Хутка ўся твая будзе».
Калі сезон работ у Яромічах закончыўся, моладзь раз’ехалася па сваіх вёсках. Тады Валодзя папярэдзіў: «Як толькі першае свята будзе — прыйду да цябе сватацца». І па-ранейшаму штодзень, нягледзячы на непагадзь, наведваўся ў Вялікі Краснік. А на Каляды сапраўды з’явіўся на парозе не адзін, а з дзядзькам.
Крыху больш як праз месяц Валодзя з Людмілай узялі шлюб. 19 лютага будзе роўна пяцьдзясят гадоў, як адбылася гэтая знамянальная падзея ў іх жыцці.
Як ладзілі жыццё, як абжываліся ва ўласным доме, як дзяцей гадавалі — усё гэта складае аснову іх агульных сямейных успамінаў.
— Год пражылі ў бацькоў. А калі нарадзілася дачка, зразумелі, што туліцца столькім людзям у адной хаце цесна. Сталі думаць пра свой куточак. Дапамогі чакаць асабліва не было адкуль: мае бацькі небагатыя, свёкар вярнуўся з фронту без нагі. Таму, калі пачулі, што ў Бабінцы нядорага прадаецца хата, вырашылі яе купіць.
Вёска гэтая і тады невялічкая была: усяго дзевяць хат. Эмілія Васільеўна ехала ў Бабінец з упэўненасцю, што пажывуць тут, пакуль не назбіраюць грошай на іншае жыллё. Але так і засталіся назаўсёды.
А пасля ў сям’і Купрашаў нарадзіліся яшчэ дзве дачкі. Бацькам даводзілася працаваць да сёмага поту, каб падняць дзяцей на ногі, вывучыць. У мясцовай гаспадарцы Эмілія Васільеўна шчыравала паляводам, Уладзімір Сяргеевіч — падвозчыкам-пастухом. А дома трымалі вялікую гаспадарку: да трох кароў, па восем свіней, цэлую атару авечак, гусі, індыкі і куры падлічваліся дзясяткамі…
Пенсіянеры і сёння не спяшаюцца цалкам пазбаўляцца ад гаспадаркі: па двары па-ранейшаму ходзяць шматлікія птушкі, у хлеўчуку стаяць дзве свінні, авечкі і конь.
— Проста мы ўжо не ўяўляем, што можна жыць інакш, — гаворыць гаспадар. — Здаецца, без работы паўміраем.
Нельга не заўважыць, што Купрашы і сёння глядзяць адзін на аднаго з цеплынёй і пяшчотай. Ім і самім не верыцца, што столькі гадоў праляцела. Акрамя трох дачок, лёс падарыў ім шасцярых унукаў, а нядаўна дачакаліся яшчэ і праўнучка. І хіба можна знайсці дзе лепшых бабулю з дзядуляй!? Заўсёды агорнуць любоўю і цеплынёй унукаў, хвалююцца і перажываюць, калі хто з іх захварэе, радуюцца іх поспехам, вучаць жыццёвай мудрасці.
— Жыццё цяжкае пражылі, але не дарэмнае, — гаворыць Эмілія Васільеўна. — Дзяцей выгадавалі добрых, талковых, разумных. Канешне, як у любой сям’і, хапала ўсяго. Але галоўнае — умелі своечасова прасіць прабачэння адзін у аднаго, дараваць крыўды. Нават цяпер, калі даводзіцца расставацца на некалькі дзён, сумуем адзін без другога.
А дзеці і ўнукі ў Купрашаў сапраўды клапатлівыя. Старых ніколі не забываюць, дапамагаюць, любяць рабіць неспадзяваныя візіты і сюрпрызы. Вось і зараз прыемна здзівілі бацькоў — заказалі рэстаран, каб усёй сям‘ёй павіншаваць юбіляраў з гадавінай сумеснага жыцця: усё ж да залатога вяселля ў міры і згодзе дажываюць нямногія. Каб праз паўстагоддзя Эмілія Васільеўна і Уладзімір Сяргеевіч Купрашы ўспомнілі, як ім некалі было «Горка!».
Марына Вакульская. Фота аўтара.