Суббота, 19 апреля 2025

«Золотые» планы «золотых» медалистов

1 999

У сераду адзінаццацікласнікі назаўсёды развіталіся са школьным жыццём. Пандэмія ўнесла свае карэктывы і ў правядзенне выпускных: сёлета ўрачыстасці, якія ладзіліся ў школах, праходзілі нешматлюдна, без забаўляльнай часткі.
Атэстаты атрымалі і на Пружаншчыне: 276 выпускнікоў пакінулі свае школы.

У хлопцах і дзяўчатах, апранутых у прыгожыя ўбранні, складана было пазнаць учарашніх школьнікаў. Сказаныя настаўнікамі словы на дарогу, слёзы бацькоў, развітальныя танцы і песні выпускнікоў…

Колькі запамінальных, яскравых падзей адбылося за адзінаццаць гадоў! Цяпер яны ўжо за зачыненымі дзвярыма школы.

Сярод сёлетніх выпускнікоў — дванаццаць медалістаў: мэтанакіраваных, упэўненых, ініцыятыўных, з вялікім багажом ведаў. Адметна, што сярод іх толькі дзяўчаты. Самыя разумныя выпускнікі 2020 года расказалі, якімі намаганнямі ім дасталіся ўзнагароды, любоў да якіх прадметаў ім прывілі настаўнікі і якія ў іх планы на далейшае жыццё.

Юлія Карсак, залатая медалістка, выпускніца гімназіі:
— Медаль, які я атрымала, яшчэ раз даказаў, што проста нічога не даецца: як у той прымаўцы, каб рыбу есці, трэба ў ваду лезці. Тым не менш, час быў і на адпачынак, і на зносіны з сябрамі, і на захапленні (я закончыла харэаграфічнае аддзяленне ДШМ імя Р.Шырмы). Адным словам, асабліва ахвяраваць нічым не давялося.
Любімыя прадметы — матэматыка і фізіка. Але гэта не перашкаджала заваёўваць прызавыя месцы на алімпіядах па іншых прадметах. Летась, напрыклад, прайшла на абласны этап па рускай мове.
Гаварыць, якую прафесію хачу атрымаць, пакуль не хацелася б.

Марта Двараніновіч, залатая медалістка, выпускніца гімназіі:
— Галоўнае — ніколі не даваць сабе слабіну. Перакананасць у гэтым, напэўна, і прывяла мяне да медаля. Іншы раз чалавек павінен прымушаць сябе штосьці зрабіць. Гэта тычыцца і вучобы.
Акрамя поспехаў у вучобе, былі і музычныя. Як скрыпачка прыязджала з узнагародамі з разнастайных конкурсаў, у тым ліку і рэспубліканскіх.
Для вучобы я абрала хіміка-біялагічны профіль: гэта адныя з самых любімых маіх прадметаў. Вырашыла для сябе, што звяжу жыццё з медыцынай. Ну, а атрымаецца ці не — пакажа жыццё.

Ганна Ануфрыенка, залатая медалістка, выпускніца гімназіі:
— Прыемна ўсведамляць, што мяне знайшла такая ўзнагарода за адзінаццацігадовую працу. Шмат гадоў я была выдатніцай, таму было б крыўдна расслабіцца і пусціць усё на самацёк. Так навучылася, калі трэба, сябе прымушаць рабіць тое, што не заўсёды хочацца. Балазе, цяжкасцей з разуменнем школьнай праграмы ніколі не было. Таму ў мяне заўсёды заставаўся вольны час на сяброў, прагулкі. І, вядома, на паглыбленае вывучэнне прадметаў, якія мне падабаюцца, — беларускай і замежнай моў. Паспяхова ўдзельнічала ў алімпіядах па іх: у дзявятым класе ўзяла дыплом трэцяй ступені па беларускай мове на рэспубліканскім этапе, у гэтым годзе — трэцяй ступені па нямецкай мове на абласным. Дарэчы, менавіта з замежнай мовай хачу звязаць сваю прафесійную дзейнасць.

Юлія Усік, залатая медалістка, выпускніца СШ №1 імя ЧБВА:
— Сядзець на месцы, быць адданай адной толькі вучобе — гэта не пра мяне. Я — чалавек, якому патрэбны пастаянны рух. Напэўна, таму я паспяхова змагла сумяшчаць вучобу ў школе і грамадскую дзейнасць, хобі. У прыватнасці, я ўваходжу ў гарадскі дзіцячы парламент, закончыла музычную школу па класе гітары, займаюся вакалам ва ўзорнай эстраднай студыі «Меладзін», гуляю ў валейбол. І, шчыра кажучы, нават не ўяўляю сабе, як гэта сядзець толькі за падручнікамі. Як гэта не дзіўна, але такая актыўнасць дапамагала мне спраўляцца з цяжкасцямі, якія былі ў школе, дазваляла адпачыць. Вядома, з такім тэмпам жыцця было нялёгка: медаль прымусіў ахвяраваць сном, спакоем, нервамі.
Сярод маіх любімых прадметаў — руская мова і літаратура. Але найбольш я ўлюбілася ў хімію. Прычым настолькі, што вырашыла стаць інжынерам-хімікам-тэхнолагам.

Віталія Доўгая, залатая медалістка, выпускніца СШ №3:
— Атрымаць медаль — такой мэты перад сабой не ставіла. Так атрымалася. Таму падману, калі скажу, што паспяховая вучоба прымушала мяне адмаўляцца ад адпачынку і вольнага часу.
Непадробная любоў да матэматыкі падштурхнула мяне да рашэння звязаць з ёй і сваё прафесійнае жыццё: збіраюся паступаць на факультэт праграмавання на спецыяльнасць «Прыкладная матэматыка». Адным з важных школьных прадметаў лічу замежную мову. Мая настаўніца англійскай мовы змагла выклікаць у мяне цікавасць да прадмета, за што я ёй удзячна: разумею, што ў сучасным свеце свабоднае валоданне замежнай мовай можа даць зусім іншыя магчымасці.

Ірына Магер, залатая медалістка, выпускніца СШ №5:
— Не ведаю, як іншым, а мне вучоба ў школе далася вельмі лёгка. Не ўспомню нават, каб нейкі прадмет мне даводзілася зубрыць, каб «дацягнуць» да медаля: зразумела было ўсё і з першага разу. Больш за тое, за ўсе адзінаццаць гадоў вучобы ніколі не даводзілася нічым ахвяраваць: ні вольным часам, ні зносінамі з сябрамі, ні хобі, ні заняткамі спортам… Нават у апошнім, выпускным класе, не кінула плаванне, якім паспяхова займаюся каля пяці гадоў.
Хімія і біялогія неяк адразу сталі ў мяне самымі любімымі прадметамі, якія выклікалі непадробную цікаўнасць. У выніку на іх і зрабіла ўпор: яны мне спатрэбяцца пры паступленні — хачу стаць медыкам.

Ганна Барысюк, залатая медалістка, выпускніца СШ №3:
— Сярэдні бал у школе ў мяне з самага пачатку быў высокі: кожны год атрымлівала падзякі за выдатную вучобу. У старэйшых класах вучыцца стала цяжэй, вось тады ўжо даводзілася іншы раз нават зубрыць. Шчыра кажучы, ведаючы свае магчымасці, расслабіцца і спадзявацца наўдачу — недаравальна, на маю думку. Чаго падманаваць, атрымаць медаль было вельмі прыемна. Праўда, гэта не першы мой залаты медаль: тры заваявала, калі займалася плаваннем. Былі перамогі і на алімпіядах па розных школьных прадметах.
Хаця аднолькава любіла і беларускую мову, і гісторыю, у вучобе больш увагі надавала такім прадметам, як біялогія і хімія. Па гэтым профілі і хачу атрымаць прафесію.

Анастасія Пуцык, залатая медалістка, выпускніца СШ №3:
— Кожная школьная дысцыпліна па-свойму важная. Разуменне гэтага ніколі на працягу вучобы не дазваляла мне дзяліць прадметы на любімыя і нелюбімыя. Магчыма, дзякуючы гэтаму, я і стала медалісткай.
Паралельна з вучобай я заўсёды старалася займацца самаразвіццём, і кола маіх інтарэсаў было вельмі шырокае. У прыватнасці, асвоіла ігру на фартэпіяна і гітары, развівала вакальныя здольнасці, займалася плаваннем, яшчэ раней — фігурным катаннем, а сёння люблю маляваць…
Што да выбару прафесіі, яшчэ ёсць сумненні: вагаюся паміж такімі спецыяльнасцямі, як праграмаванне і архітэктура. Хаця, лічу, куды больш важна стаць проста добрым чалавекам.

Аляксандра Піліпчык, залатая медалістка, выпускніца Варанілавіцкага ВПК д/с-СШ:
— У ліку любімых школьных прадметаў былі не толькі мовы, але і хімія. Падчас вучобы займала прызавыя месцы на алімпіядах па рускай і беларускай мовах. А вось біялогія для мяне аказалася, бадай, самым складаным прадметам: магчыма, таму, што да яе не было асаблівай цікавасці. Чаго не скажаш пра англійскую мову. Больш за тое, з ёй звязаны мае далейшыя планы на жыццё: хачу стаць настаўніцай замежнай мовы.
Сёння, калі школьная вучоба і экзамены засталіся ў мінулым, магу сказаць, што медаль «зарабіць» нялёгка. Асабіста мне давялося ахвяраваць вольным часам, якога ў мяне ў апошні год не было зусім. А яшчэ складана было маральна, асабліва ў перыяд экзаменаў: я разумела, што павінна пацвердзіць ад-знакі, якія атрым-лівала за сваю вучобу.

Аляксандра Валасевіч, залатая медалістка, выпускніца СШ №3:
— Я — хутчэй гуманітарый. Руская мова, англійская, грамадазнаўства — вось гэта мае прадметы. Калі ёсць арганізаванасць, самадысцыпліна, жаданне развівацца, магчыма, як бачыце, усё. Такая ацэнка маіх ведаў толькі паказала, што без намаганняў нічога не даецца. Гэтай жыццёвай ісцінай я і буду карыстацца ў дарослым жыцці. Мае наступныя намаганні накіраваны на атрыманне прафесіі юрыста.

Марына Шклянік, залатая медалістка, выпускніца СШ №4:
— У мяне ніколі не было ўстаноўкі закончыць школу з медалём. Проста хацела добра вучыцца: у адукаванага чалавека, згадзіцеся, большы выбар дарог у жыцці. А ў выніку атрымала не толькі добрыя веды, але і медаль у дадатак. Вядома, у старэйшых класах давялося адмовіцца ад наведвання гурткоў. Але гэта не значыць, што я цалкам займалася толькі вучобай: была членам школьнага самакіравання.
Павінна прызнацца, што не ўсё было лёгка: напрыклад, фізіка давалася мне цяжэй. Аднак махнуць рукой на тое, што не атрымліваецца, — прасцей за ўсё. І так нельга… А ў жыцці ўсё роўна дзе-небудзь ды і спатрэбяцца веды, якія некалі лічыліся непатрэбнымі.
Найлепшае сяброўства ў мяне склалася з біялогіяй і хіміяй. Гэтым, уласна кажучы, і абумоўлены мой намер стаць урачом.

Дар’я Шаўчэнка, залатая медалістка, выпускніца Хараўской СШ:
— Самым любімым прадметам у мяне была беларуская мова. А вось руская давалася значна цяжэй. Хаця школьныя веды ніколі не бываюць лішнімі: калі не спатрэбяцца пры паступленні, дык для агульнага развіцця будуць дарэчы. Так, напрыклад, лічу пра фізіку: у жыцці адназначна давядзецца не раз звяртацца да ведаў па гэтым прадмеце.
Не скажу, што медаль дастаўся мне цяжка. Паспявала прымаць актыўны ўдзел і ў жыцці школы, выступала за школу на спартыўных спаборніцтвах, удзельнічала ў алімпіядным руху, у тым ліку трапляла на яго абласны этап. Быў час і на зносіны з сябрамі.
Кім хачу стаць? Пакуль не хацелася б гаварыць, каб не сурочыць.

Наперадзе ў маладых людзей новае жыццё. Самастойнае, цікавае, поўнае адкрыццяў. Ужо заўтра яны пачнуць пакараць новыя вяршыні.

Будуць і поспехі, якія падштурхнуць да новых перамог, і цяжкасці, якія загартуюць. І не важна, у якой галіне кожны з іх сябе знойдзе, галоўнае — стаць добрымі людзьмі…

Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)