Понедельник, 21 апреля 2025

«Золата» — у кабрынчан, «бронза» — у пружанцаў. Завяршыліся абласныя спаборніцтвы па хакеі «Залатая шайба»

506

Не толькі паказаць увесь свой спрыт, але і забіць яе, запаветную “залатую” шайбу!


Другі этап абласных спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі прымаў у мінулую пятніцу Лядовы палац. Эпідсітуацыя ўнесла карэктывы і ў гэты турнір: сёлета на пружанскім лёдзе сустрэлася ўсяго чатыры каманды.

Каб выявіць лепшага, у Пружаны з’ехаліся хакейныя дружыны з Кобрынскага раёна, г.Пінска і абласнога цэнтра. Гонар нашага раёна абараняла каманда “Мухавец”. Спаборніцтвы праводзіліся ў дывізіёне “А” – сярод хакеістаў 2006 і 2007 г.н., якія трэніруюцца ў райцэнтрах, дзе ёсць крытыя каткі.


Падчас урачыстага адкрыцця турніру да спартсменаў звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Р.В.Супрыновіч. Ён адзначыў, што хакеісты, якія прымаюць удзел у “Залатой шайбе”, – гонар сваіх раёнаў і прыклад для равеснікаў. Начальнік упраўлення спорту і турызму аблвыканкама М.М.Глушэня выказаў спадзяванне, што школьнікі і надалей будуць выкарыстоўваць магчымасці для заняткаў спортам, якія дае дзяржава. Добры настрой спартсменам і балельшчыкам, якіх, на жаль, было не вельмі многа, падарылі фігурысты, а таксама салісты Палаца культуры.


Далей пачалося самае цікавае – хакейныя паядынкі. Першымі на лёд выйшлі хлопцы з Пружанскага і Кобрынскага раёнаў. Госці з суседняга раёна разграмілі гаспадароў турніру з лікам 6:0. Затым адбыўся матч паміж камандамі Пінска і Брэста, яго вынік яшчэ больш уражвае – 15:1 на карысць брэстаўчан.


У гульні за 3-4 месца сустрэліся каманды, якія аказаліся менш моцнымі. Нашай зборнай удалося адыграцца і вырваць перамогу ў пінчукоў – 4:1. Фінальны матч за права называцца чэмпіёнам турніру згулялі зборныя Брэста і Кобрынскага раёна. Зноў кабрынчане аказаліся мацнейшымі і атрымалі перамогу з лікам 3:1.


Адразу пасля заканчэння гульняў адбылося ўрачыстае закрыццё спаборніцтваў. Юныя хакеісты атрымалі ўзнагароды з рук галоўнага спецыяліста райвыканкама па пытаннях спорту і турызму С.Л.Лапыкі і дырэктара Брэсцкага абласнога цэнтра фізічнага выхавання насельніцтва А.В.Комара. Аляксей Віктаравіч падзякаваў арганізатарам за годнае правядзенне турніру. Словы падзякі гучалі і ў адрас каманд, якія здолелі даехаць на спаборніцтвы.


Кубак абсалютнага пераможцы турніру дастаўся камандзе Кобрынскага раёна. Яна прадставіць вобласць на рэспубліканскім этапе “Залатой шайбы”.

Пружанская каманда “Мухавец” на гэты раз забіла “бронзавую” шайбу. Віншуем і вельмі спадзяёмся, што наперадзе – новыя турніры і яскравыя перамогі!
Удзельнікі спаборніцтваў расказалі пра сваё сяброўства з лёдам
і падзяліліся ўражаннямі ад турніру

Захар Кулічык, хакейная дружына Кобрынскага раёна:


— У мяне даволі цікавая гісторыя сяброўства з хакеем. Упершыню ў кобрынскі Лядовы палац я прыйшоў у 10 гадоў, займаўся два гады, а пасля кінуў. У гэты час зацікавіўся футболам і ў будучым бачу сябе менавіта футбалістам. Паганяць з клюшкай таксама люблю, таму праз тры гады вярнуўся ў хакейную каманду. Сумяшчаць спорт з вучобай даволі складана, але кідаць хакей і футбол не планую – гэта не толькі добрае баўленне часу і здароўе, але і сапраўднае сяброўства.

Аляксандр Палінскі, каманда г.Брэста:


— Я трэніруюся на базе Лядовага палаца абласнога цэнтра, а ў хакеі ўжо больш за 5 гадоў. Вядома, не абыходзілася без траўмаў. Пэўны час я быў на рэабілітацыі, але вярнуўся, бо без хакея не магу. Гэта вельмі захапляльны від спорту, у ім многа адрэналіну, а яшчэ, дзякуючы хакею, у мяне з’явіліся новыя сябры.
Пералічваць усе перамогі і турніры няма сэнсу – іх даволі многа, але больш за ўсё запомнілася гульня са зборнай Польшчы. Дарэчы, тады мы выйгралі. У Пружанах мы ўжо трэці ці чацвёрты раз. Ваш лёд даволі часта прыносіць перамогі. Галоўнае – настрой на поспех!

Герман Трапачко, зборная г.Пінска:


— Упэўнены, што хакей развівае фізічныя здольнасці, хуткасць і лагічнае мысленне, таму часам хаджу на “гадзіну хакея” ў нас, у Пінску. У “Залатой шайбе” прымаю ўдзел у другі раз, да гэтага мы выступалі ў Івацэвічах, дзе сталі бронзавымі прызёрамі. Зараз вынік горшы, але гэта не нагода здавацца. Думаю, што перамогі яшчэ абавязкова будуць.

Мікалай Янушкевіч, каманда Пружанскага раёна:


— Секцыю па хакеі пры ДЮСШ №2 я наведваю ўжо тры гады. Люблю гэты від спорту за яго хуткасць і азарт. Трэніруюся пад кіраўніцтвам Аляксандра Юр’евіча Летачэўскага. Гэтая “Залатая шайба” для мяне ўжо другая па ліку. Мяркую і далей займацца хакеем, удзельнічаць у розных спаборніцтвах і абавязкова перамагаць!
Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік.