Суббота, 13 декабря 2025

Знік веласіпед?

348

Лета — самы спрыяльны час для веласіпедных паездак, таму што гэты транспарт падыходзіць для цёплага надвор’я. На вуліцах нашых населеных пунктаў зараз можна ў вялікай колькасці ўбачыць двухколавыя «жалезныя коні». Але веласіпед — гэта не толькі папулярны сродак перасоўвання, а яшчэ і аб’ект увагі зламыснікаў.

Часцей за ўсё крадзяжы двухколавага транспарту адбываюцца ў грамадскіх месцах, у прыватнасці, побач з крамамі, пад’ездамі, з лесвічных пляцовак. Асноўная прычына такіх непрыемнасцей — бестурботнасць уладальнікаў, якія не прымаюць належных мер для абароны сваёй маёмасці.

У выніку ў летні перыяд рэзка павялічваецца колькасць крымінальных спраў, якія звязаны з крадзяжом веласіпедаў. Асаблівую каштоўнасць зараз уяўляюць дзіцячыя мадэлі, цана якіх часцяком значна большая за класічныя дарожныя варыянты.

Супрацоўнікі райаддзела міліцыі аднойчы затрымалі 40-гадовага жыхара Пружан, які ўвечары каціў дзіцячы веласіпед. Мужчына прызнаўся, што праходзячы міма аднаго з двароў, зайшоў у пад’езд, дзе заўважыў пакінутую без нагляду рэч. Да таго ж, веласіпед быў незамкнёны. Вось на яго зламыснік і паквапіўся. У дачыненні да падазронага ўзбуджана крымінальная справа за крадзеж.

Аднак не ўсе падобныя гісторыі заканчваюцца так шчасліва. Справа ў тым, што пераважная колькасць транспартных сродкаў вельмі складана знайсці з-за цяжкасцей з вызначэннем прыналежнасці. Пацярпелыя апісваюць сваю рэч, але пад прыкметы можа падпадаць вялікае кола аналагаў. А вось асабістыя вызначэнні — пашпарт транспартнага сродку, нумар рамы — ёсць у адзінак.

Таму лепш прымаць прафілактычныя меры, чым потым шукаць украдзенае. Каб не патрапіць у падобную сітуацыю, міліцыя раіць не пакідаць веласіпеды без нагляду ў пад’ездах, на лесвічных пляцоўках, у дварах жылых дамоў. Аптымальны варыянт — захоўваць маёмасць у кватэры, доме ці ў іншых замкнёных памяшканнях. Калі неабходна ненадоўга пакінуць недзе транспарт, то яго варта прышчапіць спецыяльным тросам з замком, які каштуе ў дзясяткі разоў менш, чым веласіпед. І рабіць гэта трэба, нават, калі ён будзе знаходзіцца на паркоўцы ці ў зоне камер відэаназірання. Пры пакупцы рэчы важна зафіксаваць асноўныя звесткі пра яго: зрабіць фатаграфію, запісаць дакладную назву фірмы-вытворцы, мадэлі вырабу, завадскі нумар рамы. Таксама рэкамендуецца вырабіць індывідуальныя апазнавальныя знакі — наклейкі, гравіроўкі ці ўнікальныя элементы, якія дапамогуць выявіць менавіта ваш веласіпед у выпадку згубы ці крадзяжу.


Сяргей Панасюк,
намеснік начальніка РАУС