Воскресенье, 19 января 2025

«Маё жыццё — мая работа». Знаёмім з працаўнікамі ААТ «Жураўлінае», адзначанымі высокімі ўзнагародамі

449

ААТ «Жураўлінае» — сельгаставарыства стабільнае, са сваімі традыцыямі і дружным калектывам. Таму штогод скарбонка ўзнагарод гаспадаркі за сумленную працу ўсё павялічваецца.

Жывёлагадоўля, раслінаводства, іншыя галіны сельскай гаспадаркі патрабуюць ад чалавека поўнай аддачы, забіраючы часам нават выхадныя дні. Але людзі на вёсцы разумеюць усю адказнасць даручанай справы, з цеплынёй у голасе расказваюць, як даглядаюць жывёлу, сеюць збожжа, убіраюць травы. І ў нашай краіне на вагу золата такія работнікі, іх бачаць, падтрымліваюць і заахвочваюць да новых працоўных перамог.

Медаль «За працоўныя заслугі» механізатар Аляксандр Баран атрымаў, таму што сумленна працаваў.

Гэта бачна на прыкладзе цягавітых, простых і такіх родных людзей з ААТ «Жураўлінае». Чаго толькі варты механізатар Аляксандр Баран, які аддаў сельскай гаспадарцы амаль сорак гадоў. Нарадзіўся Аляксандр Міхайлавіч у Клепачах, родным стала і сельгаставарыства, куды прыйшоў у 1985 годзе вадзіцелем. Шмат дарог праляцела перад вачыма, многа пабачыў за акном кабіны. А з 2004 года перакваліфікаваўся ў трактарыста-машыніста, стаў займацца нарыхтоўкай кармоў. І па сённяшні дзень з ранняй вясны да позняй восені гэты сціплы і вельмі працавіты чалавек пры справе. Дык чаму б не адзначыць яго працу?!

І заўважылі, і ўшанавалі! Чатыры разы з’яўляўся ўдзельнікам рэспубліканскіх дажынак. У якасці каштоўных падарункаў прымаў тэлевізар, халадзільнік, мяккі куток. У 2010 годзе ў горадзе Ліда Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ўручыў Аляксандру Барану ключы ад аўтамабіля «Саманд». І вось чарговая, самая важная для механізатара падзяка за яго любоў да роднай зямлі — медаль «За працоўныя заслугі». Назаўжды запомніцца той момант, калі на сёлетніх абласных «Дажынках» у Мікашэвічах паціскаў руку Прэзідэнт і дзякаваў земляробу за важную для ўсёй краіны справу — працу ў сельскай гаспадарцы.

Што значыць Падзяка для намесніка дырэктара па раслінаводстве Паўла Чэчкі? Яна пацвярджае, што чалавек не памыліўся, калі выбіраў сваю працоўную дарогу.

Калі малады, ёсць запал у вачах, тады абавязкова ўсё атрымаецца. Як гэта сталася і з намеснікам дырэктара ААТ «Жураўлінае» па раслінаводстве Паўлам Чэчкам, які ўліўся ў слаўныя рады сельскіх працаўнікоў крыху больш за 10 гадоў таму. На дадзеную пасаду ў сельгаставарыства прыйшоў у 2022 годзе і… у бягучым ужо атрымаў Падзяку кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за высокі прафесіяналізм і значны асабісты ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі.

Значыць, ёсць за што, не з паветра ж узялася ўзнагарода. Давайце звернемся да канкрэтыкі — лічбаў па вытворчасці збожжа ў гаспадарцы. Мінулы год па ўраджайнасці збожжавых і зернебабовых культур у 57 ц/га (без кукурузы на зерне) для ААТ «Жураўлінае» стаў рэкордным, такога рэзультату не было за ўсе гады існавання сельгаставарыства, валавы збор склаў 22485 тон. Сёлета пайшлі яшчэ далей: ураджайнасць — 58,2 ц/га і 25499 тон. Пойдзем далей і звернем увагу на азімы рапс. У 2024 годзе намалацілі 5544 тоны (2023 год — 3535 тон), ураджайнасць у бягучым — 50,4 ц/га ў супрацьвагу 32,1 ц/га ў мінулым. Нішто сабе рывок! Два гады — і такое дасягненне. Вось вам і маладосць, якая проста бурліць, не бачыць межаў у сваёй працоўнай дзейнасці, гатовая жыць работай і імкнуцца толькі наперад.

А вось Павел Міхайлавіч лічыць дадзеную ўзнагароду не толькі сваёй заслугай. У першую чаргу, па яго словах, трэба дзякаваць калектыву, працавітаму і згуртаванаму. Кіраўніцтва сельгаставарыства і спецыялісты павінны на гады бачыць перспектыву, рэальна разлічваць свае сілы, думаць пра сваіх працаўнікоў. Ды і добрасумленныя людзі на месцах — вялікая падмога ў дасягненні высокага выніку. Яшчэ культура і тэхналогіі апрацоўкі зямлі, сучасная тэхніка, якаснае насенне.

Па словах дырэктара ААТ «Жураўлінае» Аляксандра Пішча, дыплом з вобласці — гэта прызнанне працавітасці і дбайнасці ўсіх работнікаў гаспадаркі.

Усё вышэйсказанае ёсць у ААТ «Жураўлінае». Як пацвярджэнне, сёлета Брэсцкі абласны выканаўчы камітэт узнагародзіў дадзеную гаспадарку дыпломам ІІ ступені і грашовай прэміяй у 180 базавых велічынь за тое, што забяспечыла самыя высокія паказчыкі тэмпаў росту валавога збору зерня (без уліку кукурузы) да сярэдняга ўзроўню трох гадоў, якія папярэднічаюць справаздачнаму, па групе з плошчай сельскагаспадарчых угоддзяў (на 1 студзеня 2024 года) больш за 5 тыс. га.

Чалавек прыходзіць у гэты свет, каб не быць у баку ад агульных спраў, а прыносіць карысць грамадству, быць адкрытым для ўсяго новага. Але аднаму даволі складана дасягнуць высокіх вяршынь. Іншая справа, калі разам нешта задумаць і здзейсніць. У ААТ «Жураўлінае» гэта атрымліваецца.

Вадзім Раўнейка

Фота Кацярыны Масік