Жніво-2023 з кожным днём набірае абароты, добра што і надвор’е гэтаму спрыяе: стаяць пагодныя сонечныя дні. Папаўняецца жытнёвая скарбніца нашай краіны, на чацвер бягучага тыдня ўжо намалочана 2096,6 млн. тон зерня пры сярэдняй ураджайнасці 34,6 ц/га.
Хлебаробы Пружаншчыны таксама стараюцца ў поўную сілу. Гэта даказваюць і чарговыя перамогі раённага маштабу, якія сведчаць, што нашы землякі — людзі працавітыя і зробяць усё, каб не згубіць ніводнага зярнятка. Бо яно, такое маленькае, у кругазвароце прыроды з’яўляецца сімвалам непераможнасці жыцця, яго пастаяннага адраджэння, дае ўпэўненасць у заўтрашнім дні: будзе хлеб — будзе і да хлеба.

Бягучы тыдзень аказаўся ўдачлівым для сямейнага экіпажа з ААТ «Велікасельскае Агра». Старшы камбайнер Аляксандр Слабада і камбайнер Міхаіл Слабада (бацька і сын) першымі ў раёне намалацілі 1000 тон зерня. Віншавалі лідараў жніва каля вёскі Бакуны-2, дзе яны на новым камбайне «Гомсельмаш GS 2124» былі заняты на ўборцы азімай пшаніцы. Дарэчы, гэтая сельгаскультура ў гаспадарцы радуе сваёй ураджайнасцю — 71,3 ц/га. Разам сямейны падрад працуе на ўборцы ўжо без малога 10 гадоў, таму асаблівых складанасцей у рабоце не ўзнікае, разумеюць адзін аднаго, бацька стараецца перадаць сыну свой вопыт хлебароба. І, хто ведае, можа, праз некаторы час ужо Міхаіл будзе павучаць свайго памочніка, даваць яму слушныя парады з вышыні працоўнага стажу ў якасці старшага камбайнера.

Не здае свае пазіцыі і маладзёжны экіпаж з ААТ «Велікасельскае Агра» ў складзе старшага камбайнера Аляксандра Сямашкі і камбайнера Цімафея Мелеша. Хлопцы працягваюць задаваць жару на камбайне Lexion 750 і паказваюць, што ў нашай краіне маладым усе дарогі адкрыты, толькі б было жаданне працаваць. Аляксандр і Цімафей сталі лідарамі ў раёне па намалоце ў 2000 тон (нагадаем, што яны першыя намалацілі 1000 тон на Брэстчыне).

Пераможцамі раённага ўзроўню можа пахваліцца і ААТ «Ружаны-Агра». Свае лаўры пажыналі на гэтым тыдні машыністы ЗСК-80. Сяргей Левянкоў, Алег Паўловіч, Андрэй Юрэня і Дзмітрый Лазар першымі прасушылі 5000 тон зерня.
Здароўя, імкнення да новых перамог, упэўненасці ў заўтрашнім дні жадалі раённым лідарам дырэктары гаспадарак, старшыня Пружанскай раённай прафарганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Вольга Зубкова і старшыні прафсаюзных пярвічак сельгаставарыстваў. Канечне, хочацца пажадаць, каб паднесеныя падарункі былі не апошнія падчас бягучага жніва і паддалі хлопцам імпэту да новых перамог.
Вадзім Раўнейка. Фота Алега Сідарэнкі