Умець не толькі выслухаць чалавека, але і пачуць яго жаданні, намеры, просьбы — гэта талент. Менавіта так лічыць вадзіцель-паштальён Анатоль Семянчук.
Гэты спецыяліст ужо не адзін раз станавіўся героем газетных публікацый, але амаль кожны год журналісты атрымліваюць чарговую нагоду сустрэцца з гэтым сапраўдным «чалавекам на сваім месцы». На пачатку бягучага года Анатоль Фёдаравіч стаў безумоўным пераможцам конкурсу па падпісцы на «Раённыя будні» практычна па ўсіх намінацыях. Як удалося яму дабіцца такіх вынікаў? Назваць дасведчаным ветэранам гэтага спецыяліста нельга, бо ён працуе ў паштовай сувязі раёна толькі дзявяты год. Хаця справа не ў працягласці працы, таму што і за год можна зрабіць тое, што не атрымалася ў папярэдніка за дзесяцігоддзі. Галоўнае, як лічыць наш герой, не механічна выконваць свае задачы, а ставіцца да іх з душой.
![](http://www.budni.by/wp-content/uploads/2023/04/20230420_IMG_2333_0130.jpg)
— Паштальёны непасрэдна кантактуюць з людзьмі, а ў кожнага свае праблемы, радасць ці гора, якімі яны хочуць падзяліцца, — зазначае Анатоль Фёдаравіч. — А значыць, людзі чакаюць мяне не проста для таго, каб атрымаць газету, а каб і пагаварыць. Атрымліваецца, што праз мяне яны трымаюць сувязь з усім светам, бо паштальён — нібыта прадстаўнік цывілізацыі там, дзе амаль што не бывае іншых гасцей…
Участак абслугоўвання ў вадзіцеля-паштальёна Семенчука даволі вялізны. Штодня ён праязджае на сваёй «мабільнай пошце» больш за 120 кіламетраў. Дарогі праходзяць праз густанаселеныя вёскі, а таксама і праз тыя, дзе засталося нямнога жыхароў. Але ён не падзяляе сваіх кліентаў на нейкія катэгорыі, а шчыра ставіцца да кожнага. Што пацвярджае стараста вёскі Залессе Людміла Ляўчук (на здымку).
— Кожны з нашых старых з нецярпеннем чакае Толю, і не толькі з-за карэспандэнцыі. Ён заўсёды з намі на сувязі, каму трэба — прывязе прадукты, лекі і іншыя гаспадарчыя рэчы. А яшчэ ён умее нас чуць, як родны, з якім хочацца падзяліцца набалелым.
Як расказвае Анатоль Семянчук, маладым таксама патрэбны слухач-суразмоўца, здараецца, што не ў меншай ступені, чым старым людзям. Каму трэба нешта параіць, іншым дапамагчы знайсці вырашэнне пытання, а з трэцімі парадавацца добраму ўраджаю на агародзе або нараджэнню дзіцяці. Нагод для такіх сустрэч — бясконцая чарада, таму і будзе калясіць паштальён-вадзіцель па пружанскіх вёсках.
Безумоўна, падчас такіх паездак «мабільнай пошты» па вёсках увага надаецца і падпісцы. Як зазначае Анатоль Семянчук, дзякуючы камунікабельнасці ўдаецца знайсці аргументы «за».
— У людзей мяняюцца інтарэсы, але пасля асабістай гутаркі мы знаходзім усё-такі кампраміс. Напрыклад, з пачатку бягучага года ў мяне на ўчастку толькі чатыры чалавекі адмовіліся выпісваць «раёнку», і то праз месяц-другі перадумалі.
Пра кожную вёску, дакладней, яе жыхароў Анатоль Фёдаравіч можа расказаць многае, пералічыць па імені-прозвішчы вяскоўцаў. Таму што лічыць, што любой справай нельга займацца «напалову», трэба поўнасцю аддаць сілы і душу, каб у адказ атрымаць павагу.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік