Самая масавая маладзёжная арганізацыя нашай рэспублікі — Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Але даводзілася сутыкацца з самымі рознымі меркаваннямі наконт яго дзейнасці. Нехта лічыць, што падобныя грамадскія аб’яднанні малаэфектыўныя, а іншыя разумеюць, што якасная работа любой арганізацыі залежыць ад яе членаў. Да апошняй катэгорыі людзей адносіцца і наша сённяшняя гераіня.
Ульяна Апаляйчук прызнаецца, што заўсёды была «гіперактыўнай», літаральна не магла ўседзець на месцы. Вучылася яна ў пружанскай СШ № 3 і з першага па 11 клас актыўна ўдзельнічала ва ўсіх мерапрыемствах. Як толькі ёй споўнілася 14 год, адразу напісала заяву на ўступленне ў БРСМ.
— Алімпіяды і даследчыя работы — за шчасце, тэатральныя пастаноўкі — дайце дзве! — жартуе дзяўчына. — У мяне было вельмі насычанае школьнае жыццё. З асаблівай цеплынёй прыгадваю часы падрыхтоўкі да алімпіяд з Галінай Дзмітрыеўнай Зуй і мерапрыемствы, падрыхтаваныя Яўгеніяй Мікалаеўнай Галубоўскай. Не разумею, як яна з намі спраўлялася…
Пасля школы Ульяна паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт на факультэт «Ахова раслін». Сёлета атрымала дыплом па спецыяльнасці «Аграхімія і глебазнаўства». Студэнцтва таксама было багатым на яскравыя падзеі.
— Было сапраўды шмат крутых, шыкоўна арганізаваных мерапрыемстваў: пасвячэнне ў першакурснікі, «Бітва палоў», інтэлектуальныя гульні. І БРСМ, канешне, не заставаўся ўбаку ад іх правядзення. Прыгожым фінальным акордам стаў вялікі «Капуснік», які рыхтавалі мы — выпускнікі на развітанне з універсітэтам, — расказвае Ульяна Апаляйчук.
Новая глава жыцця атрымалася кароценькай, усяго толькі некалькі старонак. Па размеркаванні малады спецыяліст трапіла на адпрацоўку ў абласную праектна-вышукальную станцыю хімізацыі, але… не затрымалася там надоўга. Праз пяць месяцаў ёй прапанавалі зусім іншую пасаду.
Дзяўчына не адмовілася ад прэстыжнай прапановы і з 13 снежня з’яўляецца першым сакратаром раённага камітэта грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі».
— Мяняць месца працы было не цяжка. Прываблівае актыўнае грамадскае жыццё, пастаянны рух. Не будзе магчымасці сесці за стол, давесці да аўтаматызму адно дзеянне і ў такім «рэжыме сурка» бавіць дзень за днём. Гэта праца — штодзённы выклік, і без крэатыўнага падыходу, амбіцыйнасці і захаплення будзе немагчыма дасягнуць поспеху, — разважае Ульяна.
Нягледзячы на кароткі тэрмін на новай пасадзе, дзяўчына ўжо паспела з галавой пагрузіцца ў грамадскую дзейнасць.
— Я пабывала на бізнес-канферэнцыі БРСМ «100 ідэй для Беларусі» ў Мінску. Там трапіла на секцыю «Маладзёжны Stand Up рух у Беларусі. Як рэалізаваць свой праект». Уразілі спікеры, сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, якія дзяліліся з намі сакрэтамі ўласнага поспеху проста ў рэальным часе. Таксама мне выпаў гонар далучыцца да пружанскай дэлегацыі і прыняць удзел у завяршальным этапе рэспубліканскай акцыі «Сімвал адзінства». А яшчэ 22 снежня прайшло афіцыйнае закрыццё трэцяга працоўнага семестра з цырымоніяй ушаноўвання лепшых студатрадаўцаў. Спадзяюся, далей будзе яшчэ больш цікавых сустрэч і знаёмстваў.
Калі казаць пра справы раённыя, то за паўмесяца «брсмаўцы» правялі акцыю па аказанні дапамогі пажылым людзям, разам з таварыствам выратавання на водах зладзілі рэйд на пружанскія вадаёмы ў рамках акцыі «Зімовы патруль». 27 снежня пад эгідай арганізацыі прайшоў Калядны турнір па інтэлектуальных гульнях, у якім прынялі ўдзел усе гарадскія школы.
— Зараз мая галоўная задача: зацікавіць моладзь грамадскай дзейнасцю, прапанаваць цікавыя мерапрыемствы, прыцягнуць да ўдзелу ў рэспубліканскіх падзеях, надаваць увагу патрыятычнаму выхаванню, — кажа Ульяна Апаляйчук.
Яна сур’ёзна настроена на якасную і адданую працу, мае намер паказаць, якія магчымасці дае членства ў аб’яднанні, павялічыць колькасць членаў раённых пярвічак. Таксама ў планах умацаваць сувязі пераемнасці паміж БРПА і БРСМ.
— На жаль, для пэўнай групы людзей наша арганізацыя асацыюецца толькі з членскімі ўзносамі. Давядзецца праводзіць своеасаблівы «лікбез», каб людзі разумелі, што БРСМ — гэта неверагодная пляцоўка для старту.
На дадзеным этапе дзяўчына прадумвае ажыццяўленне розных ініцыятыў, якія будуць праходзіць пад эгідай БРСМ:
— Я буду імкнуцца развіваць творчы патэнцыял нашай моладзі, таму што ведаю: сярод нас сапраўды вельмі шмат неаграненых дыяментаў. Наогул з бязмернай павагай стаўлюся да людзей, якія ўпэўнена ідуць да сваёй мэты, і не разумею тых, хто пры першай цяжкасці апускае рукі. У нас у раёне грунтоўны валанцёрскі рух, і мне гэта вельмі блізка. Я люблю дапамагаць. Пагадзіцеся: цудоўна разумець што, дзякуючы вашай неабыякавасці камусьці стала крышачку лепш.
На погляд Ульяны, маладому чалавеку у наш час трэба навучыцца дакладна вызначаць прынцыпы і арыенціры, любіць і паважаць краіну, у якой ён жыве, ганарыцца дасягненнямі суайчыннікаў.
— Напярэдадні Новага года жадаю маладым людзям, каб яны адкінулі ўсе страхі, ішлі ўпэўнена да сваіх мэт, прымалі цвёрдыя рашэнні і ведалі, што ўсё абавязкова здзейсніцца. Марце па-буйнаму! — пажадала Ульяна Апаляйчук.
Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік