Четверг, 16 января 2025

Знаёмцеся: маладыя спецыялісты пружанскай ДШМ — харэограф Ілья Кандратовіч і канцэртмайстар Самуіл Бурчык

435

У гэтым годзе калектыў дзіцячай школы мастацтваў папоўніўся двума маладымі спецыялістамі.

Самуіл Бурчык і Ілья Кандратовіч.

Харэограф Ілья Кандратовіч сам родам з Ганцавіч. Цяпер ён вучыць пружанскіх дзетак танцам у гісторыка-бытавым, народным і сучасным стылі. Настаўнік па ігры на фартэпіяна і канцэртмайстар Самуіл Бурчык — з Харавы, у свой час наведваў школу мастацтваў імя Р. Р. Шырмы, а зараз працуе ў адным калектыве са сваімі былымі педагогамі.

Ілья ў дзяцінстве сумяшчаў заняткі танцамі з вольнай барацьбой. Спартыўныя трэнеры не разумелі прыхільнасці хлопчыка да танцаў, казалі, што яна не дапаможа чагосьці дабіцца ў жыцці. Але любоў юнака да мастацтва была мацнейшай за розныя стэрэатыпы, і Ілья ўпарта працягваў хадзіць у танцавальную залу.

Самуіл, у сваю чаргу, не вельмі імкнуўся займацца музыкай: спачатку на гэтым настаялі бацькі. Але з цягам часу хлопец у поўнай ступені адкрыў для сябе прыгажосць мастацтва і нават звязаў далейшае жыццё з культурай.

Ілья па-ранейшаму не развітваецца са спартзалай, у вольны час займаецца спортам і Самуіл, а яшчэ абодвух, як сапраўдных мужчын, цікавяць машыны. На пытанне: «Што для вас танец і музыка?» — маладыя спецыялісты адказалі лаканічна: «Танец — гэта жыццё. Музыка — гэта душа».

Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік