Па добрай традыцыі немаўляты, якія з’явіліся на свет 21 верасня — у Міжнародны дзень міру, атрымліваюць статус «Дзіця міру». Сёлета на Пружаншчыне гэтае ганаровае сімвалічнае званне атрымаў хлопчык, які нарадзіўся ў сям’і Раманенка.

Шчаслівыя бацькі Марына і Аляксей назвалі сына Львом. «Шчыра кажучы, спынілася на гэтым варыянце імені яшчэ незадоўга да родаў, — расказвае маладая мама. — А калі ў раддоме ўрач пацікавілася, як назаву сына, заўважыла, што імя Леў яму адпавядае з першых секунд жыцця. Справа ў тым, што хлопчык наш з’явіўся на свет не дробненькім немаўляткам: ростам 55 сантыметраў і вагой 4250 грамаў. А першымі яго гукамі быў не плач: ён закрактаў — быццам зароў, як леў».
Між іншым, Леў — другое дзіця ў сям’і Раманенка: старэйшаму Даніілу ўжо шэсць, ён — першакласнік.
Як прызнаецца мама Марына, з’яўлення хлопчыка на свет чакалі на некалькі дзён раней. Пра тое, што ён з’яўляецца «Дзіцем міру», маладой жанчыне сказала свякроў, якая пачула ў сродках масавай інфармацыі пра акцыю, якую ГА «Беларускі фонд міру», да слова, праводзіць вось ужо трынаццаты раз. Праз некалькі дзён Раманенкі паверылі ў гэта, калі ім патэлефанавалі з адпаведнай навіной з раённай арганізацыі гэтага грамадскага аб’яднання.
Сертыфікат, які пацвярджае, што Леў Раманенка — «Дзіця міру», і каштоўны падарунак былі ўручаны бацькам на днях. «Ваша дзіця стала веснікам міру. Гэтая акцыя з’яўляецца свайго роду прапагандай каштоўнасцяў міру і ўзаемаразумення ў грамадстве, — зазначыў у сваім віншаванні старшыня РА ГА «Беларускі фонд міру» М.П.Кудравец. — Хочацца, каб ваш хлопчык, калі падрасце, як «Дзіця міру» дарыў не толькі бацькам, але і свету дабро і мір».
Марына ВАКУЛЬСКАЯ, фота аўтара