На спартыўных пляцоўках Пружан нярэдка можна заўважыць хударлявую дзяўчынку, якая сама альбо з трэнерам адточвае футбольную тэхніку. Можна ўбачыць у скверы, дзе яна бегае кросы і выконвае спартыўныя практыкаванні.

Знаёмцеся: Валерыя Імховік. Былая гімназістка г.Пружаны, а зараз навучэнка аддзялення футбола Рэспубліканскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву. У сувязі з пандэміяй каранавіруснай інфекцыі Валерыя зараз вучыцца дыстанцыйна і самастойна займаецца спартыўнай падрыхтоўкай. Яна пачынала свой шлях да прафесійнай будучыні ў футболе ў ДЮСШ-1 у трэнера Алены Фёдараўны Адамчук, старанна займалася нароўні з хлопцамі свайго ўзросту каля чатырох гадоў. Потым яе заўважылі на ўзроўні Брэсцкай вобласці, а неўзабаве і на ўзроўні рэспублікі.
Цікава было паразмаўляць са сціплай 14-гадовай дзяўчынай.
— Чаму ты выбрала менавіта футбол?
— Калі я прыйшла ў спартыўны лагер у ДЮСШ-1, мяне вельмі ўразіла гульня хлопцаў-футбалістаў. Адзін хлопчык зрабіў перадачу вышэй за маю галаву. І жаданне гуляць у футбол, якое ўжо прысутнічала на той момант, павялічылася ў разы.
— Якія твае першыя дасягненні? Што ты адчувала ў гэтыя моманты?
— Памятаю, як заняла трэцяе месца ў турніры з хлопцамі. Я была шчаслівая! Пасля ўзнагароджання ішла дадому з медалём на грудзях і радавалася жыццю!
— З якімі цяжкасцямі сутыкнулася ў працэсе заняткаў і спаборніцтваў?
— Трэніравацца з хлопцамі было спачатку вельмі складана, таму што яны не толькі ў прамым сэнсе былі вышэй на галаву за мяне, але і ў спартыўным. Але, калі мы знайшлі агульную мову, справы пайшлі лепш. Дарэчы, калі ў Пружанах стварылася дзявочая каманда і я была капітанам у ёй, то таксама падчас спаборніцтваў даводзілася наладжваць кантакт з кожнай дзяўчынкай, умець узаемадзейнічаць на полі. Я разумела, як гэта важна для каманды, і лічу, што, дзякуючы гэтаму, мы і выйгравалі.
— Якія зараз твае дасягненні ў футболе? Як ты ставішся да іх?
— Я неаднаразовы прызёр Брэсцкай вобласці, удзельніца чэмпіянату Рэспублікі Беларусь. Гуляла ў складзе зборнай Брэсцкай вобласці, кандыдат у зборную Беларусі. Але на футбольным полі поспех залежыць не ад аднога гульца, а ад усёй каманды. Я радуюся перамогам і ў той жа час ведаю, што для іх дасягнення трэба цяжка працаваць.
— На якой пазіцыі гуляеш на футбольным полі?
— Гуляю на пазіцыі правага абаронцы, але можна было б пагуляць у паўабароне. Хацелася б не толькі “цэментаваць” абарону, але прымаць удзел у атацы і нават забіваць галы, бо зрабіць гэта з абароны вельмі цяжка – там свае абавязкі.
— Як у цябе атрымліваецца сумяшчаць спорт і вучобу?
— Мая мама заўжды кажа, што трэба ўважліва слухаць настаўніка. Слухаючы настаўніка на ўроку, я ўсё разумею і запамінаю, дома застаецца толькі паўтарыць матэрыял. На дадзены момант я заканчваю 8 клас на “выдатна”. У снежні 2018 года за дасягненні ў вучобе і спорце пабывала на прэзідэнцкай ёлцы ў Мінску.
— Якія планы на будучыню?
— Хачу стаць прафесійнай футбалісткай і выступаць за зборную Беларусі, пагуляць і за межамі.
— Ці ёсць у цябе кумір? Якая футбольная каманда падабаецца?
— Любімы футбаліст – Гарэт Фрэнк Бэйл. Мне падабаюцца яго хуткасць і ўдары, а таксама (Валерыя ўсміхаецца) і знешні выгляд. Яшчэ падабаецца FC Liverpool.
— Ты паспяховая спартсменка, прыкладная вучаніца, але перш за усё ты — дзяўчынка, таму больш “дзявочае” пытанне: як ставішся да моды і касметыкі? Якому стылю ў адзенні аддаеш перавагу?
— Касметыку я не выкарыстоўваю. У адзенні прытрымліваюся спартыўнага стылю. Мне падабаюцца брэндавыя спартыўныя рэчы. Люблю прыгожае і зручнае адзенне.
Размаўляючы з таленавітай дзяўчынкай, я зрабіла для сябе высновы, што за яе сціпласцю хаваецца ўнутраны непахісны стрыжань. Пасля нашай размовы Валерыя паспяшалася на трэніроўку, а мне засталося пажадаць ёй поспехаў у спорце і наогул у жыцці.
Валерыя Адамчук, студэнтка факультэта журналістыкі БДУ.