Понедельник, 12 мая 2025

Знакаміты пружанскі «Беркут» адноўлены. Але ў фармаце 2.0

579

Адным з найбольш плённых прыкладаў ваенна-патрыятычнага і спартыўнага выхавання моладзі ў Пружанах можна назваць атрад «Беркут», які быў створаны Валерыем Зелянеевым і паспяхова дзейнічаў працяглы час. Аднак з узростам здароўе стала здраджваць Валерыю Мікалаевічу, з-за чаго ён не здолеў далей займацца з юнакамі і падлеткамі. Сёлета пры падтрымцы раённых улад і асабіста намесніка старшыні райвыканкама Руслана Супрыновіча за адраджэнне гэтай карыснай справы ўзяўся сын Валерыя Зелянеева — Міхаіл. Напрыканцы жніўня ён набраў жадаючых уступіць у атрад і ўжо некалькі месяцаў праводзіць адпаведныя заняткі. Мы пацікавіліся праграмай адноўленага «Беркута» і мэтамі, што ставіць перад сабой новае маладзёжнае аб’яднанне.

Як зазначае Міхаіл Валер’евіч, нягледзячы на захаванне назвы і асноўных прынцыпаў, гэта сапраўды новая патрыятычная суполка юнакоў і падлеткаў.

— Справа ў тым, што мой бацька больш надаваў увагі хлопцам і дзяўчатам, якія перасягнулі 14-гадовы ўзрост, — расказвае малады выхавальнік. — Цяпер жа вырашана ахапіць ваенна-патрыятычным выхаваннем і больш малодшую катэгорыю. Раней адбіраліся дзеці з адпаведнай фізічнай падрыхтоўкай, але зараз на гэта звяртаецца менш увагі.

Па словах Міхаіла Валер’евіча, праграма заняткаў складзена па дыферэнцыяваным прынцыпе. У прыватнасці, малодшыя групы, у склад якіх уваходзяць дзеці з шасцігадовага ўзросту, пераважную частку заняткаў трацяць на… тэорыю.

— Мы праглядаем патрыятычныя мастацкія і дакументальныя фільмы, абмяркоўваем кнігі, ладзім рухомыя гульні, словам, вучымся сапраўднаму патрыятызму на добрых прыкладах узаемадапамогі і любові да Айчыны. Гэту групу мы назвалі «Патрыёты», і ў будучым яны пяройдуць у статус «беркутаўцаў». А вось са старэйшымі акцэнт робіцца менавіта на фізічныя заняткі — асновы рукапашнага бою, уменне выжываць у розных сітуацыях, як у межах горада, так і на адкрытай мясцовасці, аказанне медыцынскай дапамогі і іншыя дзеянні.

У дзень прыёму жадаючых у «Беркут» запісалася 40 чалавек, хаця, хутчэй за ўсё, не ўсе адолеюць першапачатковае зладжванне. Менавіта яно зараз і праходзіць у выглядзе тэарэтычных і практычных заняткаў на базе цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, пры якім і дзейнічае маладзёжны атрад. Трэніроўкі і выхаваўчыя сустрэчы арганізуюцца тройчы на тыдзень у розныя гадзіны з такім намерам, каб на ўсіх хапала часу ў трэнера-настаўніка. Аднак вось тут і сутыкнуліся з першай праблемай: адсутнасцю спартзалы для фізічных заняткаў. Нягледзячы на ўсебаковую падтрымку дырэктара ЦТДМ Алены Пухнарэвіч, адпаведнага памяшкання ва ўстановы ўсё-такі няма, а вечарам, калі займаюцца падлеткі, на вуліцы ўжо холадна. Маладзёжнаму атраду патрэбна падтрымка ў вырашэнні гэтага пытання.

— Пэўныя дамоўленасці ёсць з гарадскімі школамі, у прыватнасці, з дырэктарам СШ № 3 Ганнай Кунінец, але і для школьных заняткаў патрэбна зала, з-за чаго бывае складана падладзіцца адзін пад аднаго.

Сваю карысць былы «Беркут» выдатна даказаў тымі лёсамі, што склаліся ў яго выпускнікоў. Многія служылі ў элітных вайсковых падраздзяленнях, ёсць службоўцы ў цяперашніх сілавых структурах раёна. Верым, што такія ж магчымасці для росту атрымаюць і сучасныя «беркутаўцы». Яны стануць падрыхтаваным — і фізічна, і маральна — папаўненнем патрэбных нашаму грамадству структур. Вось толькі ім самім давядзецца прыкласці нямала намаганняў і праліць нямала поту, каб прайсці сапраўдную школу загартоўкі цела і духу.

Пакуль Міхаіл Зелянееў не спяшаецца дзяліцца планамі на будучыню: яшчэ не сфарміраваны той касцяк атрада, які стане падмуркам маладзёжнага аб’яднання. Аднак хацелася б ужо зараз больш плённа папрацаваць над «тварам» суполкі, надаць атраду свой выгляд праз падрыхтоўку асабістай формы, праз супрацоўніцтва з падраздзяленнямі аховы грамадскага парадку і іншымі маладзёжнымі аб’яднаннямі.

— Дапамозе, у тым ліку матэрыяльнай, мы заўсёды адкрыты, як і слушным парадам ці прапановам, — зазначае трэнер-настаўнік «Беркута». — І не толькі ад арганізацый, але і актыўных грамадзян з трывалай жыццёвай пазіцыяй. Нам неабходна надаваць увагу выхаванню, каб праз гады пакаленне не стала «страчаным».

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік