Артыкул, прысвечаны Алене Лось, друкаваўся ў нумары нашай газеты за 25 студзеня. У ім былі апісаны старонкі з жыцця дзіцячай мастачкі, расказвалася, адкуль у дзяўчынкі з’явілася прага да малявання, як развіваўся яе непаўторны талент. Шчыра раім азнаёміцца з дадзеным матэрыялам пра Алену Георгіеўну, якая ўсё свае жыццё прысвяціла дзеткам, штодзённа працавала, каб зрабіць для іх чытанне разнастайным, прывіць любоў да кнігі.
Нашчадкі не забыліся пра намаганні знакамітай пружанскай мастачкі і з цеплынёй захоўваюць памяць пра яе. Прыклад таму — арганізаваная работнікамі дзіцячай бібліятэкі краязнаўчая гадзіна «Маляўнічыя акорды Алены Лось», прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння знакамітай асобы.
На мерапрыемства былі запрошаны вучні 8 і 10 класаў гімназіі, фальклорны ансамбль «Паўлінка» з дзіцячай школы мастацтваў і народны майстар Рэспублікі Беларусь Марыя Кулецкая.
Гасцей прывітала загадчыца дзіцячай бібліятэкі Антаніна Сухарэвіч. Пасля яе ўступнага слова краязнаўчую гадзіну пачалі вядучыя Наталля Куцюк і Наталля Купрэева.
Каб мерапрыемства не пераўтварылася ў лекцыю і падлеткі не засумавалі, вядучыя прапанавалі дзецям уявіць сябе падарожнікамі, якія апынуліся ў вясковай хаце. Каля стэнда, размалёванага ў стылістыцы сялянскага пакоя, былі размешчаны традыцыйныя гаспадарчыя прылады, якімі штодзённа карысталіся ў вясковых сем’ях. Гасцям трэба было расказаць, што за рэчы перад імі знаходзяцца. А паглядзець сапраўды было на што. Гаршчок, таўкач, посцілка, біянка, шалі, прас, вілы і яшчэ шмат прыстасаванняў прыцягнулі ўвагу гарадскіх дзяцей.
Асаблівую чуллівасць сустрэчы надаў фальклорны ансамбль «Паўлінка» на чале з кіраўніком Кацярынай Гуга. Дзяўчынкі цудоўна аздобілі мерапрыемства душэўнымі народнымі спевамі.
Таксама да аўдыторыі звярнулася Марыя Кулецкая, якая была асабіста знаёмая з Аленай Георгіеўнай.
— Мы сябравалі з Аленай 10 год, шмат перапісваліся, а калі ўжо сустракаліся, то часу не хапала нагаварыцца. Я прыязджала да яе ў госці са сваёй дачкой і мамай. Якія тады ўтульныя вечары праходзілі, вы не ўяўляеце! Ведаеце, сёння падалося, быццам бы яна з намі… Сядзіць побач і з замілаваннем слухае беларускія народныя песні. Дзякуй арганізатарам за гэты цуд, — сказала Марыя Мікалаеўна.
Як мы ўжо зазначалі, памяць пра Алену Лось захоўваецца беражліва. Пяць год таму раённай дзіцячай бібліятэцы было прысвоена яе імя. У сувязі з гэтым на фасадзе будынка з’явілася адпаведная інфармацыйная дошка.
Традыцыйным з’яўляецца мастацкі конкурс, прысвечаны Алене Георгіеўне. Так, бібліятэка ўжо анансавала V юбілейны конкурс юных мастакоў імя Алены Лось, удзел у якім могуць прыняць усе жадаючыя дзеці і падлеткі. Падрабязна пра яго ўмовы можна даведацца па тэлефоне 4-46-20.
Таксама днямі адбылася анлайн-сустрэча з мінскай дзіцячай бібліятэкай № 2, прысвечаная творчасці Алены Лось. Для дзяцей быў праведзены майстар-клас ад мастака часопіса «Арэлі» Ганны Раманоўскай. Пружанскія дзеткі і іх сталічныя аднагодкі з задавальненнем малявалі коніка па матывах персанажа Алены Лось.
Тысячы дзяцей выраслі на кнігах, якія аздабляла Алена Георгіеўна. Дзякуючы дабрыні, якая літаральна праглядваецца на яе малюнках, шмат юных беларусаў натхніліся роднай старонкай і беспаваротна ўлюбіліся ў сваю краіну.
Юлія Янушка. Фота аўтара
Фотаальбом з мерапрыемства: https://vk.com/album-23306785_290981890