22 студзеня споўнілася 90 год з дня нараджэння вядомай дзіцячай мастачкі Алены Лось. Мінула пяць год, як раённай дзіцячай бібліятэцы было прысвоена яе імя. Газета ўжо пісала пра мастачку, але трэба зноў напомніць пра гэту выдатную асобу, дзіцячыя і юнацкія гады якой прайшлі на Пружаншчыне.

Алена Георгіеўна Лось — старэйшы беларускі графік, член Беларускага Саюза мастакоў. Найбольш вядомая як мастак-ілюстратар дзіцячай кнігі.
Нарадзілася будучая мастачка 22 студзеня 1933 года ў Вільні. Калі Алена была яшчэ зусім маленькая, сям’я пераехала на Пружаншчыну — у вёску Лыскава, дзе бацька дзяўчынкі працаваў доктарам. Да сямі гадоў Алена жыла ў Лыскаве. У гэтай вёсцы яна пайшла ў школу, але вучылася тут нядоўга, бо бацьку перавялі на працу ў суседнюю вёску Магілёўцы, дзе адкрылася новая бальніца.
Мастачка ў адным інтэрв’ю з вялікай любоўю ўспамінае Магілёўцы: «Як там было прыгожа! Стары панскі сад, сажалкі, вялікае возера, дзе тата зрэдку катаўся на каньках. А я стаяла на беразе і назірала за ім. Менавіта ў Магілёўцах мяне назаўсёды зачаравала прырода».
Потым сям’я пераехала ў Ружаны. Запомніліся там і касцёл, і царква, і старыя дамы. Але больш за ўсё дзяўчынку ўразілі маўклівыя руіны старажытнага палаца.
Краявіды Пружаншчыны пасля не раз будуць усплываць у памяці мастачкі і дарыць ёй творчае натхненне.
Бацька Алены выпісваў шыкоўны ілюстраваны французскі часопіс пра мастацтва. Дзяўчынка магла разглядаць яго нумары бясконца і старанна захоўвала іх.
Спецыяльна ніхто не вучыў Алену мастацтву. У школе, дзе яна атрымлівала адукацыю, не было нават настаўніка малявання. Затое бацька адной з яе сябровак лічыўся мясцовым мастаком, людзі куплялі ў яго карціны. І дзяўчынка з асаблівай цікавасцю і задавальненнем хадзіла да іх дамоў і не адводзіла вачэй ад нядаўна напісаных нацюрмортаў і пейзажаў… Пасля гэтага ёй хацелася маляваць, і яна рабіла ілюстрацыі да прачытаных кніг.
У Ружанах сям’я перажыла вайну. Тут будучая мастачка скончыла дзевяць класаў школы і разам з мамай і бабуляй пераехала ў Вільню ў 1948 годзе, паступіла ў апошні клас гімназіі. А пасля — на мастацкі факультэт Віленскага ўніверсітэта, які скончыла ў 1955 годзе.

Яшчэ падчас вучобы ў Віленскім універсітэце Алена пазнаёмілася са сваім будучым мужам, мастаком Гары Якубені. Такое імя дала яму маці, немка па нацыянальнасці. А бацька быў беларусам (праўда, сам Гары ніколі не быў на радзіме маці). Цікавасць да роднай зямлі, да яе культуры, гісторыі цягнула хлопца да гэтых мясцін. Алена ж стала яго каханай жонкай і аднадумцам.
Калі яны прыехалі ў Беларусь, то неадкладна ўзяліся за вывучэнне беларускай народнай спадчыны. Збіраючы матэрыял для будучых твораў, мастакі адправіліся ў вандроўку на Палессе. Потым Алена Лось скажа так: «Мяне заўсёды цягнула да беларускай этнаграфіі. Мы з Гары ездзілі па вёсках. Малявалі ў хатах традыцыйныя рэчы. А ўсё занатаванае ў падарожжах: арнаменты і вышыванкі, формы збанкоў, прыладаў працы, сцэны штодзённага вясковага жыцця — выкарыстоўвалі ў ілюстрацыях і станковых работах».
Першай сумесна ілюстраванай кнігай А. Лось і Г. Якубені была беларуская народная казка «Каза-манюка», выдадзеная ў 1961 годзе. Пазней яны аформілі казкі «Машанька і мядзведзь», «Пых», «Пшанічны каласок». Разам з работай над ілюстрацыямі расла любоў да кнігі, да казак. Менавіта казка прывяла мастака-графіка Алену Лось да вывучэння і глыбокага разумення беларускага мастацтва і яго традыцый, дапамагла ёй палюбіць цудоўныя творы беларускага фальклору.
У 60-я гады Алена Георгіеўна актыўна супрацоўнічала з беларускімі выдавецтвамі. Да гэтага перыяду належаць першыя вялікія поспехі мастачкі ў кніжнай ілюстрацыі. У гэты час выйшлі зборнікі казак «Ох і залатая табакерка», «З рога ўсяго многа», кніга «Дударык» Васіля Віткі, казка «Скарб» Змітрака Бядулі, «Кую-кую ножку» Авяр’яна Дзеружынскага і шмат іншых кніжак.
У далейшыя гады Алена Лось працягвала ілюстраваць дзіцячыя кнігі. Пазней адкрылася яшчэ адна грань у творчасці нашай зямлячкі — мастацтва станковай графікі. А. Лось стварыла серыю гравюр да казкі З. Бядулі «Скарб», якія пабывалі на выставах у Канадзе, Японіі, Даніі, Швецыі.
Мастачка шмат падарожнічала, пісала краявіды роднай зямлі, партрэты.
Ёсць у Алены Георгіеўны серыя карцін пад назвай «Ружанскія паданні», створаная паводле дзіцячых успамінаў, гістарычных легендаў і паданняў аб Ружанах.

Малюнкі Алены Георгіеўны Лось друкаваліся амаль у кожным нумары дзіцячых часопісаў «Вясёлка» і «Лесавік».
Алена Лось прымала ўдзел больш як у 50-ці рэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных выставах кніжнай графікі і тэматычных выставах, якія ладзіліся ў Беларусі, Расіі, Польшчы, Германіі, Японіі, Егіпце і іншых краінах.
У 2008 годзе Алена Георгіеўна наведала Пружаны, прывезла ў дар Пружанскаму палацыку, раённай дзіцячай бібліятэцы свае работы — карціны і кнігі. У музеі адбылася вечарына ў гонар знакамітай зямлячкі. Пасля сустрэчы з ёю склалася ўражанне, што гэта не толькі таленавіты мастак, але, цудоўны чалавек, улюбёны ў сваё нацыянальнае — беларускія народныя песні, казкі, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.
Вольга Дзімітруковіч, бібліятэкар дзіцячай бібліятэкі імя А. Лось
