Воскресенье, 19 января 2025

Знайшоў — значыць маё?

371

Літаральна кожны з нас хоць раз у жыцці знаходзіў пакінутую дзесьці рэч. І вось тады, напэўна, паўставала пытанне: «Пакінуць знаходку сабе ці вярнуць гаспадару?». Пры гэтым наўрад ці хто задумваецца пра тое, што падобныя сітуацыі дакладна прапісаны ў нашым заканадаўстве.

Гэта пацвярджае нядаўні яскравы прыклад. У праваахоўныя органы звярнуўся 39-гадовы грамадзянін, які паведаміў, што невядомы выкраў яго кашалёк. Падчас аператыўна-вышукальных мерапрыемстваў выяўлена, што пацярпелы знаходзіўся ў адной з устаноў грамадскага харчавання, дзе святкаваў свой дзень нараджэння. Пасля застолля імяніннік выйшаў з установы і нейкі час сядзеў на лаўцы, дзе і забыўся свой кашалёк. Міліцыянеры высветлілі, што пакінутую без нагляду рэч прысвоіў выпадковы прахожы. Агульная сума шкоды склала больш за 400 рублёў. Праваахоўнікамі зараз устанаўліваецца асоба таго, хто ўчыніў гэта злачынства.

Чаму заканадаўства разглядае падобныя дзеянні як злачынства? Справа ў тым, што вызначаны строгі алгарытм, як павінен паступіць той, хто знайшоў нечую рэч, каб не парушыць закон.

У першую чаргу, важна памятаць, што знойдзеная чужая маёмасць і яе прысваенне без апавяшчэння ўлад ці спроб знайсці ўладальніка можа разглядацца як крадзеж. Знаходка — гэта выяўленне страчанай маёмасці, уладальнік якой невядомы ці якая пакінута без нагляду.

У адпаведнасці з арт. 228 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, той, хто знайшоў страчаную рэч, абавязаны неадкладна апавясціць пра гэта. Калі рэч знойдзена ў памяшканні ці транспарце, яна перадаецца ўладальніку будынка ці транспартнага сродку. Разам з гэтым перадаюцца і абавязкі па пошуку былога ўладальніка. Калі ж на працягу шасці месяцаў уладальнік не знойдзены, маёмасць можа быць перададзена таму, хто яе знайшоў.

Пры наўмысным невыкананні агавораных дзеянняў уступае ў сілу арт. 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (крадзеж). Таму не варта спрабаваць узбагаціцца за кошт іншых.

Сяргей Паўлюковіч, начальнік РАУС