Воскресенье, 20 апреля 2025

Змяненні ў сістэме адпрацоўкі па размеркаванні пасля ВНУ абмеркавалі на нарадзе ў Лукашэнкі

55

Змяненні ў сістэме адпрацоўкі па размеркаванні пасля ВНУ абмеркавалі на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі па пытаннях удасканалення адукацыйнай сферы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Вы не сказалі пра галоўнае. Пра тое, што хвалюе сёння дзяржаву, — адрэагаваў Прэзідэнт на даклад міністра адукацыі. — Мяне інфармуюць аб тым, што самыя-самыя прагрэсіўныя, класныя спецыялісты з краіны ад’язджаюць. Больш таго, нейкая ў нас сістэма: скончыў ВНУ, не адпрацаваў і пайшоў. Мы ж навучаем і рыхтуем у ССНУ, ВНУ спецыялістаў для сябе».

Андрэй Іванец адзначыў, што ўсе студэнты-бюджэтнікі пасля заканчэння ВНУ абавязаны адпрацаваць устаноўленыя тэрміны размеркавання. «Міністэрства адукацыі кантралюе гэту работу. Ёсць адзінкавыя выпадкі, калі выпускнікі кампенсуюць затрачаныя дзяржавай сродкі на іх падрыхтоўку», — сказаў ён.

Пры гэтым міністр падкрэсліў і ўнёс прапанову: «Сёння і бюджэтнік, і платнік, на нашу думку, павінен адпрацоўваць».

«Як вы лічыце, студэнт скончыў ВНУ — дзе і як, колькі ён павінен адпрацоўваць? А калі ад’язджае, колькі ён плаціць?» — спытаў Аляксандр Лукашэнка.

Як далажыў міністр, адпрацоўка для дзённай формы навучання на бюджэце сёння — два гады пасля заканчэння ўніверсітэта. Для мэтавікоў — не менш як пяць гадоў, дагавор можа прадугледжваць і больш высокі тэрмін. Што датычыцца кошту навучання, то для дзяржавы ён абыходзіцца ў немалую суму. Напрыклад, пры адмове ад размеркавання выпускнік БДУ кампенсуе затрачаную на яго падрыхтоўку суму, а гэта каля Br40-45 тыс., расказаў Андрэй Іванец.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што праблему неабходна вырашаць кардынальна, у тым ліку падумаць над павелічэннем тэрміну адпрацоўкі: «Што такое два гады — гэта, лічыце, мы яго навучалі ў ВНУ і яшчэ праз настаўніцтва, праз вопыт, які набываецца, два гады навучаем на рабоце. У школе, дапусцім, калі гэта настаўнік».

Прэзідэнт адзначыў, што ў гэтым плане патрэбны забаронныя меры, нават калі такі крок будзе непапулярны. «Хаця б паўзабаронныя: дапусцім, 5 гадоў. Правільна, мэтавік — не менш як 5 гадоў. А можа, яшчэ і арыентаваць недзе акуратна да 7 гадоў. У адваротным выпадку — не хадзі ў мэтавікі», — сказаў ён.

Яшчэ адзін аспект — кошт платнага навучання ў Беларусі, асабліва ў параўнанні з заходнімі краінамі. Нават пры ў сярэднім меншым кошце дзяржава і цяпер фактычна датуе падрыхтоўку платнікаў. «Сёння платнік кампенсуе не больш як 50-70 працэнтаў ад кошту свайго навучання. Фактычна ў рэспубліцы няма платнай вышэйшай адукацыі — гэта паўплатная адукацыя, якую субсідзіруе або ўніверсітэт, або дзяржава. Мы гэту праблему бачым, яе нам неабходна вырашаць. Мы гэта пачалі ўжо», — сказаў Андрэй Іванец.

Падводзячы вынікі нарады, Прэзідэнт яшчэ раз вярнуўся да гэтай тэмы. «Па адпрацоўцы мы вызначыліся. Тэрміны (ужо цяпер трэба насельніцтва акуратна інфармаваць аб гэтым) мы павялічваем. Мы рыхтуем для сябе спецыялістаў. Мы падрыхтавалі, даём табе першае працоўнае месца — ідзі і працуй. Вось туды трэба, мы цябе туды накіроўваем. Я таксама праходзіў праз размеркаванне, ды і многія, хто тут сядзіць, і нічога», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

БЕЛТА